Суд не задаволіў скаргу Жалезьнічэнкі на «неправамоцныя дзеяньні ўнівэрсытэта»

Сёньня стала вядомым рашэньне суда па справе адлічанага з Гомельскага дзяржунівэрсытэту студэнта Зьмітра Жалезьнічэнкі. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова адмовіла ў задавальненьні скаргі студэнта на неправамоцнае адлічэньне з ГДУ.

­­­

Падставай для выключэньня стала «сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку» і вымова ­за прапушчаныя заняткі, а таксама адміністратыўнае правапарушэньне (год таму Жалезьнічэнка ўдзельнічаў у арганізацыі бардаўскага канцэрту ў Гомелі).

­

Як тлумачыць сам Зьміцер, вымова — гэта дысцыплінарнае спагнаньне, а рашэньне гаспадарчага суда — адміністратыўнае, таму яны не зьяўляюцца сыстэмай.

Жалезьнічэнка — выдатнік вучобы, за бягучы сэмэстар пропускаў заняткаў без уважлівай прычыны ў яго не было.

Таму сапраўднай падставай для адлічэньня Зьміцер бачыць сваю грамадзкую дзейнасьць. 

На суд да Жалезьнічэнкі прыйшлі ягоныя сябры і аднагрупнікі. Нягледзячы на тое, што сам Зьміцер разьлічваў на станоўчае рашэньне суду, сёньняшні дзень лічыць перамогай:

«Мы перамаглі. І адмоўнае рашэньне суда ні на што не ўплывае. Мы паказалі сыстэме, што зь ёй можна змагацца. І яны гэта ўбачылі. І што б яны не рабілі, ёсьць людзі, гатовыя дапамагчы.»

Кропку ў справе ставіць рана — далей Зьміцер будзе зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі і пракуратуру.

Што тычыцца плянаў на будучыню, то калі не патрапіць у «паветраныя войскі пад Віцебскам», то да пачатку навучаньня ў Эўропе падцягне замежную мову і будзе здаваць іспыты ў якую-небудзь эўрапейскую ВНУ.

­­­­­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.