З Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту выключаюць студэнтку
Днямі полацкая студэнтка Кацярына Салаўёва была затрыманая за графіці на будынку Гарвыканкаму. Зараз у Касі праблемы ва ўнівэрсытэце: на савеце катэдры было вырашана, што працягваць навучаньне студэнтцы Салаўёвай сэнсу няма.
Аўторкавым вечарам дзяўчына з «Маладога Фронту» Кацярына Салаўёва і два яе сябры былі затрыманыя людзьмі ў цывільным каля будынку полацкага Гарвыканкаму, на сьцяне якога нядаўна зьявіўся надпіс «Нас не спыніць. МФ».
Касю павалілі на зямлю і заламілі рукі, хтосьці сеў дзяўчыне на сьпіну. У такім стане яна і дачакалася міліцэйскай машыны, у якой яе і хлопцаў даставілі ў пастарунак. Generation.by зьвязаўся з Касяй:
«Самае горшае, што мне пагражае, пакуль не агучвалася. Акрамя таго, што на мяне заведзеная крымінальная справа „Псаваньне дзяржаўнай маёмасьці“. Хтосьці парваў сьцяг на пракуратуры. Справу завялі на мяне. Паграджае тры гады. Як там будзе — не вядома. Мы таксама зьбіраемся скаргу пісаць: міліцыянты падчас затрыманьня і ператрусу паводзілі сябе не так, як мусяць рабіць людзі, якія маюць уладу. Іх дзейнасьць была цалкам незаконная. Таксама зараз вядзецца дасьледваньне наконт 193 артыкулу (Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) і па справе графіці, якія былі апошнім месяцам зробленыя ў горадзе: экспэрты правяраюць фарбу ў балёнчыках.»
Кацярына Салаўёва — студэнтка другога курсу
Па словах Касі,
Пакуль ніякіх афіцыйных захадаў у дачыненьні Салаўёвай кіраўніцтва ВНУ не прымала. Кася ведае толькі пра паседжаньне катэдры ангельскай мовы, дзе выкладчыкі прагаласавалі за тое, што сэнсу ёй працягваць навучаньне няма. Устрымаўся толькі адзін выкладчык.
Галоўнае, што Касю падтрымліваюць бацькі:
«Вельмі выдатна, што яны разумеюць, што барацьба не абыходзіцца без ахвяраў і проста трэба быць падрыхтаваным. Калі ты займаесься такой справай, то, зразумела, узьнікнуць праблемы з вучобай або ў пастарунку прыйдзецца пасядзець. Проста трэба нармалёва на гэта рэагаваць.»
А пакуль Кася Салаўёва рыхтуецца да залікаў і іспытаў і ўпэўненая:
«Галоўнае — гэта не панікаваць!»