У двух удзельнікаў Блогкэмпа на ўкраінска-беларускай мяжы канфіскавалі кампутары

На выходных 13–14 кастрычніка ў Кіеве прайшла незвычайная імпрэза BlogCamp. Упершыню ў адным месцы сабраліся 250 блогераў і аматараў новых мэдыя з Украіны, Расеі, Беларусі, Латвіі, Казахстана, Узбэкістана, Эстоніі, ЗША і Польшчы.

Імпрэза адбывалася ў адмысловым фармаце Barcamp, які ўзьнік у 2005 годзе ў Крэмніевай даліне ЗША і вельмі хутка набыў папулярнасьць ва ўсім сьвеце. Адпаведна прынцыпам Barcamp паўдзельнічаць у падзеі мог кожны жадаючы. Умовай быў толькі які-небудзь ўнёсак у арганізацыю: зрабіць прэзэнтацыю, правесьці абмеркаваньне, праанансаваць падзею ў сваім блогу, зьняць і выкласьці відэа з канфэрэнцыі, дапамагчы з арганізацыяй.

БлогКэмп насуперак меркаваньням многіх скептыкаў атрымаўся ўдалым. Удзельнікі вярнуліся дахаты натхнёныя новымі ўражаньнямі, ведамі і кантактамі. Большасьць беларускіх удзельнікаў таксама засталіся вельмі задаволеныя. Але па вяртаньні цягніком Кіеў-Менск дадому ў двух беларусаў беларускія ж мытнікі канфіскавалі кампутары.

Па невядомых прычынах Юра Сідун і Воля Кузьміч упершыню пры перасячэньні беларускай мяжы трапілі пад пільны агляд мытні. Супрацоўнікі гэтай службы шукалі ў рэчах удзельнікаў БлогКэмпа носьбіты інфармацыі, а таксама друкаваныя матэрыялы. Уважліва азнаёміліся з напаўненьнем бутэлькі піва ў заплечніку, пагарталі нататнікі, пачыталі часопісы, памацалі абутак, агледзелі два ноўтбука.

Пасьля безвыніковага пільнага дагляду мытнікі выйшлі з вагону. Але празь некалькі хвілінаў вярнуліся з актамі аб канфіскацыі ноўтбукаў на экспэртызу.

Досьвед папярэдніх падобных канфіскацыяў на беларускай мяжы, якія адбываліся да гэтага выпадку толькі ў палітычных актывістаў, на жаль, не надае аптымізму. Па інфармацыі беларускіх праваабаронцаў, экспэртыза розных службаў расьцягваецца на некалькі месяцаў. У некаторых выпадках яна вядзецца ўжо больш за год, і ўладальнікі ня могуць высьветліць нават дакладнае месцазнаходжаньне сваіх кампутараў.

Generation.by удалося высьветліць, што кампутары Юры Сідуна і Волі Кузьміч зараз знаходзяцца ў аддзеле тэхнічных сродкаў мытнага кантролю гомельскай мытні. Вельмі хочацца спадзявацца на тэхнічную граматнасьць яе супрацоўнікаў. Таксама спадзяемся на адказнасьць і спрытнасьць мытнікаў. Спадзяемся, што ноўтбукі выпадкова не ўдарацца аб падлогу, і будуць вернутыя гаспадарам у працоўным стане, у якім яны былі канфіскаваныя, аб чым ёсьць адмысловая пазнака з боку ўладальнікаў у акце канфіскацыі.

Спадзяемся, што ноўтбукі былі канфіскаваныя для вывучэньня фармату імпрэзы, які ўзьнік некалі ў Крэмніевай даліне ЗША. Бо ў той час, як уся краіна з захапленьнем назірае за разгортваньнем ў Беларусі Сыліконавай даліны, якая бярэ за ўзор для сябе менавіта Крэмніевую даліну, дзяржаўныя службы, мабыць, таксама імкнуцца паспрыяць гэтаму працэсу.

Але хочацца параіць цікаўным беларускім мытнікам больш падрабязна азнаёміцца з сайтам БлогКэмпа, дзе адкрыта зьмешчаныя ня толькі сьпісы ўдзельнікаў, сярод якіх, дарэчы, быў і вядомы малады супрацоўнік КДБ, былы студэнт праграмы Каліноўскага, Улад Міхайлаў. На сайце ёсьць інфармацыя пра БлогКэмп, якой няма ў канфіскаваных кампутарах. Там зьмешчаная ініцыятыўная група імпрэзы, апісаны ўвесь падрыхтоўчы працэс і, урэшце, ёсьць нават бюджэт БлогКэмпа і прапісаныя яго спонсары.

Прапануем усім зацікаўленым беларускім службам паўдзельнічаць у наступных БлогКэмпах у больш пашыраным складзе. Беларусам і блогерам зь іншых краінаў будзе вельмі цікава паглядзець прэзэнтацыю пра цяжкі досьвед асвойваньня Сеціва беларускімі дзяржаўнымі службамі. Для таго, каб далучыцца да БлогКэмпа зусім не абавязкова, карыстаючыся службовым становішчам, вывучаць зьмест чужых кампутараў.

vojur 09:40, 18/10/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.