Бясьпечнасьць Wi-Fi пастаўленая пад пытаньне
Брытанскім школам параілі не ўсталёўваць Wi-Fi, пакуль ня будуць гатовыя вынікі праверкі сыстэмы на бясьпечнасьць для здароўя. Тым часам, у школах Франкфурта Wi-Fi ужо забаронены.
Аб пачатку брытанскага дасьледваньня ўзьдзеяньня Wi-Fi на арганізм было абвешчана на мінулым тыдні. На дадзены момант існуе толькі адна праца, прысьвечаная гэтай тэме. Пры гэтым, Wi-Fi можна знайсьці ў палове пачатковых школаў і 80 адсотках сярэдніх. Ня кажучы ўжо пра тое, што Wi-Fi пакрывае прастору вялікіх гарадоў Вялікабрытаніі.
У межах дасьледваньня, на якое было выдаткавана 300 тысяч фунтаў стэрлінгаў, будуць праводзіцца замеры радыяцыі ад Wi-Fi-прыладаў і ноўтбукаў і дозаў, якія атрымоўваць дзеці і дарослыя. На гэта спатрэбіцца як мінімум год.
Тым часам у Нямеччыне грамадзянам раяць не карыстацца Wi-Fi, а ў школах Франкфурта дык увогуле сыстэма была забаронена.
Пакуль не вядома, як паўплываюць вынікі дасьледваньня на попыт на чыпы Wi-Fi. Так, у 2006 па ўсім сьвеце іх было набыта 213 мільёнаў, што на 32 адсоткі болей за папярэдні год.