ААН прыняла Дэклярацыю правоў карэнных народаў сьвету

Знакавы дакумэнт чакалі 22 гады. Аднак Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя і ЗША выказаліся супраць.

­

Нарэшце ААН прыняла Дэклярацыю правоў карэнных народаў сьвету. Гэта знакавы для больш чым 370 мільёнаў чалавек дакумэнт паставіў кропку ў дэбатах, якія доўжыліся ажно 22 гады. Дэклярацыя дае роўныя правы ўсім карэнным народам.

І хаця Дэклярацыю падпісала 143 краіны, чатыры сябры выказаліся супраць - Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя і ЗША. 11 краінаў устрымаліся.

Супраціўнікі Дэклярацыі спасылыюцца на яе неадпаведнасьць іх уласнаму заканадаўству. Так, Аўстралія заявіла, што не дапусьціць, каб традыцыйныя законы абарыгенаў былі больш важнымі за нацыянальныя, а Канадзкі ўрад лічыць, што некаторыя палажэньні Дэклярацыі несумяшчальныя з канстытуцыяй краіны. Пры гэтым у Канадзе пражывае 1,3 мільёны карэнных жыхароў з 32,7 мільёнага насельніцтва.

Роўныя правы азначаюць ня толькі павагу да аўтэнтычных культураў, але і большы кантроль тубыльцаў на сваіх гістарычных землях. Зразумела, што гэта супярэчыць інтарэсам земляўладальнікаў і буйных кампаніяў. Таму і адмовіліся краіны з уплывовым лобі падпісваць Дэклярацыю, нягледзячы на істотную колькасьць карэнных жыхароў.

SlaDa 14:35, 14/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0564 seconds.