Open Space прэзэнтаваў першы міні-альбом «Wake Up»

«У нас сёньня аншляг, таму спрабуйце сесьці, калі пачнецца канцэрт,» – сустракае нас арганізатар імпрэзы, арт-дырэктар «Графіці» Ян Бусел. А мы, не губляючы час перад канцэртам, вылаўліваем хлопцаў з Open Space на некалькі пытаньняў. Што за людзі наагул, як прайшла прэзэнтацыя і якія пляны ў беларускіх выканаўцаў якаснага ангельскамоўнага року?

Дарэчы, дата 13 верасьня абраная гуртом для прэзэнтацыі міні-альбома не выпадкова. У гэты шчасьлівы дзень споўнілася паўтары гады з моманту стварэньня Open Space і роўна год з першага выступу ў Графіці.

«А гэта наш другі дом пасьля рэпэтыцыйнай кропкі,» – адзначае вакаліст Open Space Віталік Маціеўскі.

Летні адпачынак прайшоў міма хлопцаў, бо ўсе сілы былі кінутыя на падрыхтоўку да запісу і канцэрту. Затое перад канцэртам музыкі былі ў добрым настроі, жартавалі і наперабой распавядалі пра свае пляны.

Беларускі ангельскамоўны гурт. Калі вам падаецца, што хлопцы проста вучыліся разам дзе-небудзь у лінгвістычным, то сапраўдная гісторыя выглядае зусім інакш.

Open Space – гэта чацьвёра хлопцаў, прозьвішча кожнага зь якіх, дарэчы, пачынаецца на літару М, таму яны самі бывае блытаюцца: Віталік Маціеўскі (вакал, акустыка), Максім Мястоўскі (гітара, бэк-вакал), Сева Маслаў (бас), Андрэй Малашанка (бубны).

Усе яны зь Менску, хоць адзін і родам з Баранавічаў. Яднае іх музыка, а «для задавальненьняў матэрыяльных каштоўнасьцяў» скараюць сфэры «гандлю, дызайну, мэблі».

Як так атрымалася, што ўсе яны сустрэліся?

«Сева з Віталікам праз форум пазнаёміліся абсалютна выпадкова, а я купіў гітару ў Севы калісьці, і ўсё так закруцілася, а потым яшчэ й Андрэй прыйшоў і стала зусім добра :)», – кажа Максім. «А я проста выпадкова патэлефанаваў – не туды патрапіў, так і застаўся,» – дадае Андрэй.

Чаму па-ангельску сьпяваюць?

Максім: «Ды зараз ужо кожны другі школьнік добра ведае ангельскую. Іншыя гурты можа проста баяцца – лічаць, што калі будзеш па-беларуску ці па-расейску сьпяваць, то хутчэй у ратацыю пойдуць.»

Віталік: Мы проста сьпяваем так, як нам падабаецца. У першую чаргу сьпяваем для сябе, а калі гэта падабаецца яшчэ й іншым, то гэта толькі надае сілаў.

Сілаў тады ў хлопцаў шмат, бо, мяркуючы па колькасьці жадаючых трапіць на канцэрт, музыка Open Space падабаецца многім. А на дзёрзкае пытаньне дзёрзкі адказ. Калі эўрапейскія стадыёны будуць шумець пад выступ Open Space?

Віталік: «Прыкладна праз тры гады 7 месяцаў і 14, максымум 16 дзён!»

Максім: «Калі без жартаў, то будзе вельмі файна, калі нам пашанцуе. Будзем працаваць і спадзяемся, што гэта не застанецца незаўважаным. Будзем старацца замбаваць нашай музыкай усе лэйблы і усіх прадусараў, якіх толькі знойдзем.»

Віталік: «Таксама патрэбна крыху зь Беларусьсю пазнаёміць наш гурт, таму вельмі важна, што ў нас ужо ёсьць дыск, ёсьць тое, што мы можам паказаць. Таму пройдземся па ўсіх радыёстанцыях, каб фарматныя песьні неяк уклініць, вядуцца перамовы аб кліпе, каб закінуць на музычныя каналы. Ну а там ужо будзем падаваць заяўкі на канцэрты ва ўсе блізляжачыя краіны. Дай Бог – будзем граць і там.»

Калі й былі такія, хто пачуў Open Space першы раз, яны зьліваліся з ужо сталымі прыхільнікамі гурта, якія, наведваючы Графіці, ужо навучыліся танчыць седзячы і падпяваць. Дарэчы, падпяваючых дзяўчатаў у залі сапраўды было шмат – болей, чым хлопцаў. Ці то з ангельскай мовай у дзяўчатаў сытуацыя лепей, ці то хлопцы з Open Space прыцягваюць ня толькі музыкай :).

А хлопцы з гурта шчыравалі падзякамі ўсім прысутным. Найперш Янку Буслу за канцэрты, Графіці і дапамогу ў выхадзе дыска, Жэні за апарат, Віталіку за гук – усіх не пералічыць. Дыск «Wake Up», выдадзены пры падтрымцы Moonchild Group, у антракце хутка разьмятаўся прысутнымі. А напрыканцы ўсіх чакаў сюрпрыз – акустыка ад Open Space. Як прызнаўся Віталік Маціеўскі, падрыхтавалі песьню ў такім варыянце толькі на апошняй рэпэтыцыі.

Тых жа, хто не трапіў на прэзэнтацыю Open Space, супакойваем. Як лічыць гурт – гэта толькі пачатак. Набыць дыск можна, скантактаваўшыся праз тэл. 663 83 05 (Віталік), а спампаваць усе 6 кампазыцыяў зь міні-альбома «Wake Up» можна на сайце Open Space. І ўжо напрыканцы канцэрту хлопцы агучылі яшчэ адну дату, якую варта запомніць прыхільнікам якаснай брытанскай музыкі ў выкананьні Open Space – 15 кастрычніка, Графіці. Але падрабязнасьці, як кажуць, чакайце ў навінах.

Фота - Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0891 seconds.