Open Space прадставілі сынгл на трох мовах (+спампаваць)

Гурт Open Space выпусьціў сынгл «Do You Remember», запісаны ў рамках супрацоўніцтва з фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і сеткай Y-Peer. Загалоўная песьня рэлізу прадстаўлена на трох мовах — ангельскай, беларускай і расейскай.

Open Space ўжо ня першы год супрацоўнічае з ЮНФПА, а ў канцы 2011 года стаў афіцыйным беларускім паслом сеткі Y-Peer, заснаванай Фондам ААН у галіне народанасельніцтва. Песьня «Do You Remember» стала гімнам беларускай сеткі Y-Peer.

«Насельніцтва Зямлі працягвае расьці і, нягледзячы на ўсе дасягненьні сучаснай цывілізацыі, у розных кутках плянэты да гэтага часу не вырашаны элемэнтарныя праблемы. Адна справа, калі ты бачыш гэта па тэлевізары, іншая — убачыць на ўласныя вочы. Увосень мы езьдзілі на міжнародны сэмінар у Эгіпэт — некаторыя рэчы ў той паездцы нас проста шакавалі, але валанцёры там актыўна працуюць і многія рэчы паступова зьмяняюцца да лепшага, — прызнаецца лідэр гурта Віталь Маціеўскі. — Песьня "Do You Remember" менавіта пра тое, што многае залежыць ад кожнага з нас. Ня варта чакаць, калі нехта першы пачне нешта рабіць. Хочаш, каб гэты сьвет стаў лепш — пачні зь сябе».

Спампаваць сынгл «Do You Remember» (22 Mb)

Музыкі Open Space не абмяжоўваюцца вуснымі заявамі — яны ўдзельнічаюць у сэмінарах для моладзі, прысьвечаных здароваму ладу жыцьця, прафіляктыцы ВІЧ / СНІДу і ІППШ. Мерапрыемствы праходзяць па сучаснай мэтодыцы «роўны — роўнаму».

«Сутнасьць у тым, што школьнікі і студэнты гатовыя больш адкрыта размаўляць на розныя пэдантычныя тэмы не са старэйшым пакаленьнем, а з больш блізкімі ім па ўзросьце і сьветапогляду людзьмі. Тады яны ня проста адседжваюць сэмінар, а ўдзельнічаюць у дыскусіях, задаюць пытаньні, просяць падзяліцца досьведам», — кажа бас-гітарыст гурта Сева Маслаў.

Характэрна, што на сынгле «Do You Remember» Open Space ўпершыню прадставілі запісы на новых для сваёй творчасьці мовах. Акрамя англамоўнай вэрсіі, якая таксама была выдадзена на нядаўнім альбоме «Pressure» (спампаваць), музыкі запісалі песьню на рускай (пераклад Алены Ярмаловіч) і беларускай (пераклад Алеся Камоцкага) мовах.

«Даўно хацелася паэкспэрымэнтаваць з рускай і беларускай мовай, але проста не хапала добрай нагоды, каб зрабіць такую працу, — распавядае Віталь Маціеўскі. — Мне асабліва спадабалася беларуская версія — у ёй адкрыліся нейкія новыя адценьні. Вялікі дзякуй Лене і Алесю за дапамогу!»

12:00, 20/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.