Асуджаная ў выніку сьледчага экспэрымэнта студэнтка Маргарыта Царан ужо дома
Студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту, якую ўвесну асудзілі на 4 гады за набыцьцё наркотыкаў у выніку сьледчага экспэрымэнту, цяпер знаходзіцца дома. Пасьля перагляду справы, ёй зьмякчылі прысуд. Маці Маргарыты адзначыла, што ў вызваленьні дачкі найперш заслуга прэсы, сяброў і студэнтаў.
Ад 3 верасьня асуджаная ў выніку сьледчага экспэрымэнту студэнтка Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту знаходзіцца дома. Рашэньнем прэзыдыюму Гарадзенскага абласнога суда ёй зьмякчылі пакараньне.
20-цігадовая Маргарыта Царан 28 сакавіка 2007 г. была асуджана на чатыры гады пазбаўленьня волі: яе прызналі вінаватай у незаконным набыцьці «з мэтаю продажу наркатычнага сродку — марыхуаны масай 0,28 грама за 22.000 рублёў».
Наркотыкі Маргарыта набыла па просьбе сябра дзяцінства Андрэя Кісяля. Хлопца затрымалі за ўжываньне наркотыкаў супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі няпросты выбар: турма або супрацоўніцтва. Той абраў апошняе і тут жа атрымаў заданьне — набыць праз знаёмага чалавека марыхуану ў выкладчыка Гарадзенскага дзяржунівэрсытэта імя Я.Купалы Андрэя Здасюка.
Да Маргарыты А. Кісель зьвярнуўся таму, што яны былі знаёмыя, а таксама таму, што студэнтка 1‑га курсу наведвала яго заняткі. Калі Маргарыта прынесла наркотык «сябру», яе ўжо чакалі апэратыўнікі. Вынік апэрацыі ня можа не дзівіць: дзяўчына атрымала 4 гады зьняволеньня, замоўца марыхуаны асуджаны ўмоўна, а выкладчык‑прадавец уцёк з‑пад варты за мяжу. Характэрны факт: студэнты Здасюка цьвердзяць, што на сваіх лекцыях той неаднаразова прапагандаваў ужываньне наркотыкаў і казаў, што сам шмат чаго пераспрабаваў. Словы выкладчыка занатаваныя студэнтамі ў канспэктах.
У судзе Маргарыту бараніла яе мама. Валянціна Пятроўна была ўпэўненая, што дачку выкарысталі ў незаконным экспэрымэнце дзеля падвышэньня паказчыкаў барацьбы з наркотыкамі. Яна зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта краіны, у генэральную і абласную пракуратуры, Вярхоўны суд. Ліст падпісалі 120 студэнтаў і выкладчыкаў ГДзУ.
Генпракурор Міклашэвіч: У дачыненьні да дзяўчыны паступілі амаральна і незаконна
Міліцыянты, што ладзілі экспэрымэнт, лічаць яго бездакорным. Начальнік падразьдзяленьня па наркакантролі Дзяніс Багдзевіч кажа пра Маргарыту: пасадзілі — значыць, было за што. Паводле ягоных словаў, выкарыстаньне выпадковых асобаў з мэтаю выкрыцьця каналаў паступленьня і распаўсюду наркотыкаў нармальная практыка, бо на «ўкараненьне» ў наркатычную сетку міліцыянта патрэбныя дазвол і вельмі грунтоўныя падставы. Больш за тое, калі міліцыянт зробіць кантрольны закуп, то гэта могуць расцаніць як падбухторваньне, з усімі выцякаючымі для супрацоўніка праваахоўных органаў.
Андрэй Кісель яшчэ да суду пры сьведках сьцьвярджаў, што да супрацоўніцтва яго змусілі шляхам шантажу і нават напісаў заяву ў пракуратуру. Аднак пасьля забраў яе.
Месяц таму Валянціна Царан мела сустрэчу зь генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам. У адказ на пытаньне, ці маральна выкарыстоўваць людзей у такіх экспэрымэнтах дзеля пасоўваньня па кар’ернай лесьвіцы, пачула: «Ня толькі амаральна, але й незаконна». П. Міклашэвіч паабяцаў узяць справу пад асабісты кантроль. Прыкладна ў той жа час старшыня Гарадзенскага абласнога суда ўнёс пратэст у парадку нагляду на рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні. Справу накіравалі на перагляд у прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суда. Маці Маргарыты даведалася, што ў дачыненьні яе дачкі магчымае зьмякчэньне пакараньня — замест 4 гадоў пазбаўленьня волі 3 гады абмежаваньня волі.
У турме, дарэчы, дзяўчына працавала швачкай, шыла форму для супрацоўнікаў міліцыі. Такая вось злая іронія лёсу.
Мама Рыты Царан: У вызваленьні найперш заслуга прэсы, сяброў і студэнтаў
3 верасьня рашэньнем Прэзыдыюму Гарадзенскага абласнога суда Маргарыце зьмякчылі пакараньне — 4 гады пазбаўленьня волі замянілі на 3 гады абмежаваньня волі. Цяпер дзяўчына знаходзіцца дома. На час пакараньня яна мусіць падпарадкоўвацца адмысловаму графіку — вяртацца дамоў да 19 гадзінаў, адзначацца ва ўчастковага інспэктара. Пасьля зімовай сэсіі Маргарыту Царан адновяць на вучобе.
«Найперш тут заслуга прэсы, што актыўна асьвятляла гісторыю Маргарыты, яе сяброў і студэнтаў. Увогуле, шмат каму трэба сказаць дзякуй» — расхвалявана кажа Валянціна Пятроўна.
Пра зрухі ў справе Маргарыты Царан стала вядома некалькі тыдняў таму, але сп‑ня Валянціна да апошняга прасіла не пісаць пра магчымае вызваленьне дачкі: «Пакуль не пабачу яе дома, не супакоюся».