Андрэй Лянкевіч на сутыку аўстрыйскага мастацтва і бізнэсуд

У мінулы чацьвер у сталіцы Аўстрыі ў межах прэзэнтацыі новага офісу кампаніі AREV адбылася выстава працаў беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча. Фота-праект быў шчыльна зьвязаны з творчасьцю мастака Аляксандра Вальтнэра. У гутарцы з Generation.by Андрэй распавёў, як камандаваць аўстрыйскімі мільянэрамі, і падзяліўся плянамі на будучыню.­

Да чаго тут аўстрыйскае мастацтва і бізнэс

Справа ў тым, што ўладальнік кампаніі AREV моцна захапляецца мастацтвам, а дакладней творчасьцю аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнэра (Alexander Waltner). Таму, пэўна, каб на прэзэнтацыі новага офісу ніхто не заснуў, і ўзьнікла ідэя спалучыць прэзэнтацыю з прамоцыяй самога мастака і ягоных твораў. І вось тут-та ўзгадалі пра беларускага фатографа Андрэя...

Натуральна, усё было не так проста. Сьпярша кампанія зьвярнулася ў фота-агенцыю, а там вырашылі, што лепш за нашага земляка працу ніхто ня зробіць. Напачатку прэзэнтацыі, калі  вакол Андрэя клубіліся дзяўчаты і казалі пра тое, які ён добры фатограф, ягоны бос па агенцыі Рэгіна  Анзэнбергер сказала значную фразу: «Ён бы ня быў сёньня тут, калі б не здымаў так, як ён гэта робіць».

Пра праeкт

Задума заключалася ў тым, каб прасачыць далейшы лёс найлепшых карцінаў аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнэра. Дзеля гэтага наш зямляк правёў некалькі дзён на дарогах Аўстрыі, пераяжджаючы з горада ў горад і фатаграфуючы творы майстра ў дамах 15 буйнейшых калекцыянэраў творчасьці Вальтнэра. Праект мусіў адлюстраваць тое, як мастацтва самарэалізуецца і дасягае свайго эфэкту ў штодзённым жыцьці ягоных аматараў: калі яны чысьцяць зубы, працуюць, гуляюць зь дзецьмі, адпачываюць, альбо кладуцца спаць.

 

Карціны Аляксандра Вальтнэра пачынаюць новае жыцьцё ў асяродку іх уладальнікаў.  Андрэй Лянкевіч, як аматар фатаграфаваць менавіта людзей, стварыў здымкі, якія з асаблівай далікатнасьцю перадаюць гэтую атмасфэру. Па-майстэрску яму ўдалося перадаць творчасьць Аляксандра Вальтнэра ў прасторавай узаемасувязі зь людзьмі, і такім чынам, стварыць новыя шэдэўры. Здымкі даюць магчымасьць па-іншаму паглядзець на ролю мастацтва ў жыцьці чалавека, а таксама пабачыць моманты, якія звычайна схаваныя ад вока гледачоў.

Пра працоўныя будні фатографа альбо Жорсткі майстар Лянкевіч

Падчас экскурсіі па новым офісе нікому з нас нецікавай кампаніі Андрэй паказваў свае фота-шэдэўры і распавядаў пра перавагі працы фатографа ягонага ўзроўню. Працуючы над праектам, Андрэй атрымаў магчымасьць трошку пазьдзеквацца з мясцовых мільянэраў, а таксама над самім мастаком.

«Яны рабілі ўсё, што я ім казаў. Сказаў я Вальтнэру легчы на падлогу ў ягонай студыі – ён лёг. У дамах калекцыянэраў мы пераносілі мэблю, перастаўлялі карціны на новыя месцы, нават лазанку прыйшлося дзеля фота зрушыць. Ох, і цяжкая апынулася лазанка», -  усьміхаецца Андрэй.

Нэрвы мільянэраў часам не вытрымлівалі. Так адной з жанчынак не спадабаўся намер фатографа пагаспадарыць у яе дома, і яна патэлефанавала паскардзіцца мастаку. І яе можна зразумець. Людзі аддалі кучу грошай за малякі майстра, зрабілі дызайн інтэр’еру менавіта пад гэтую карціну, а тут прыяжджае беларускі фатограф і кажа: «Так, карціну паставім сюды...» і паказвае ў зусім адваротны бок. «І што адказаў мастак?»– пытаюся я Андрэя.

«А што ён мог адказаць? Фатограф мусіць працаваць. Рабіць усё, што скажа фатограф».

У выніку на адным з фота сэрыі адлюстраваны працоўны працэс – чалавек пераносіць карціну па полі, такая карціна з нагамі атрымалася.

 

Шмат каму спадабалася фота жанчыны і карціны, якія знаходзяцца наверсе вінтавой лесьвіцы. Калі прыгледзецца, то бачна, што ў жанчыны заплюшчаныя вочы. Як патлумачыў Андрэй, жанчына моцна баіцца вышыні, але ўсё ж зрабіла так, як сказаў фатограф. І такіх гісторыяў шмат.

Пра ўдзельнікаў прэзэнтацыі

 

На прэзэнтацыі сабралася даволі разнастайная публіка. Там былі і бізнэсмэны, якім было цікава паслухаць пра посьпехі і пляны кампаніі, між імі мільгала мужная постаць ужо вядомага вам мастака; прыйшлі аматары мастацтва і творчасьці самога Вальтнэра ў прыватнасьці; героі праекту – калекцыянэры з сем’ямі; а таксама іншыя фатографы – калегі Андрэя па агенцыі. У раёне буфэту быў заўважаны парсюк, прынамсі ягоная галава. Дзеля справядлівасьці трэба дадаць, што Андрэй ня быў бясспрэчнай зоркай вечара, бо ўсё ж бізнэс ёсьць бізнэс і ён там дамінаваў. Але вельмі шмат людзей даведаліся пра беларускага фатографа падчас яго працы ў Аўстрыі і на прэзэнтацыі яны падыходзілі павітацца і павіншаваць з прыгожымі здымкамі і выставай.

 

Хацелася б асобна ўзгадаць у гэтай справаздачы фота-мастачку іранскага паходжаньня Сісі Фарасат (Sissi Farassat), творчасьцю якой так моцна захапляецца сам Лянкевіч. Нам атрымалася пагутарыць з Сісі пра стэрэатыпы, пра нашыя краіны (асабліва пра Іран) і розныя падыходы да фота-мастацтва (Сісі здымае толькі на стужку, часта дапаўняе свае здымкі вышыўкамі (!) і выпускае самы маленькі ў сьвеце фота-часопіс). Даведаўшыся пра беларускі праект Generation.by, яна выказала яўны інтарэс і запісала ў свой нататнік адрэсу сайту, каб паглядзець на нас сваімі вачыма. Хоць Сісі і не чытае па-беларуску, я ўсё роўна перадаю ёй Our best regards to Sissi Farassat from the team of Generation.by!

Пра лёс фота-сэрыі і пляны Андрэя на будучыню

Прафэсійныя фота-здымкі, надрукаваныя вялікім фарматам (прыкладна 1х1,5 мэтры) і вельмі добрай якасьці друку, самі выглядаюць як карціны. Як патлумачыў Андрэй, здымкі будуць прададзеныя пазьней праз аўкцыён, але экспазыцыя будзе знаходзіцца ў офісе AREV да верасьня. Андрэй плянуе паказаць гэтую сэрыю ў жніўні гэтага года ў Вільні, а ў верасьні прывезьці яе ў Менск. Акрамя таго Лянкевіч распавёў пра сваю заплянаваную выставу ў Брэмэне (Нямеччына), што мае адбыцца хутка, а таксама наведаць самы буйны эўрапейскі фота-фэстываль, што праводзіцца на поўдні Францыі.

Такім чынам, прэзэнтацыя атрымалася цікавая. Каманда Generation.by была радая быць побач з Андрэем нават так далёка ад радзімы. Мы працягваем сачыць за творчасьцю маладога беларускага фатографа і жадаем яму творчых посьпехаў!

 

Дзякуй за фота да артыкула Тацяне Аляксеевай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.