Фатограф Андрэй Лянкевіч

Андрэй – гэта суцэльны пазытыў. Гледзячы на яго, немагчыма думаць ні пра свае асабістыя праблемы, ні пра бедзтвы сусьветнага маштабу – усе яны адыходзяць на дзесяты плян. У галаве застаецца толькі – мне вельмі падабаецца гэты сьветлы і вясёлы чалавек. Чалавек з фотаздымачом. Чалавек, што глядзіць на сьвет праз аб’ектыў сваёй камэры і бачыць яго па-іншаму. Чалавек, здымкамі якога захапляюцца ў Беларусі, Літве, Нямеччыне, Аўстрыі, Польшчы…

Андрэй Лянкевіч

Першы раз пачула тваё прозьвішча ў такім кантэксьце: “Лянкевіч – адзін з лепшых фатографаў Беларусі”. Ты сам падзяляеш гэтае меркаваньне?

Гэта правакацыя! Ну, што значыць лепшы? Я маю пэўны прафэсійны ўзровень. Я ўмею здымаць.

Раскажы, калі ласка, дзе ты вучыўся.

Я скончыў факультэт радыёфізыкі ў БДУ. Факультэцкі будынак знаходзіцца ля кальцавой, таму апошнія гады два я там не зьяўляўся :)

А ў мінулым годзе Андрэй скончыў курсы World Press Photo на базе Каўказскага інстытута журналістыкі ў Армэніі. Цягам дзевяці месяцаў іх навучалі майстэрству фотажурналістыкі. А пасьля Андрэй, як выдатнік вучобы, трапіў на сьвяткаваньне ўгодкаў WPP у Амстэрдам, дзе на працягу двух дзён тусаваўся з фатографамі з сусьветнавядомымі імёнамі. Дыплём рыхтаваў пра жыцьцё качавога народа езідаў. 

“Менавіта там я зразумеў, што дзьве пары абутку – гэта раскоша. Умець чытаць і пісаць – таксама.” 

Я здымаў дыплёмную працу там на працягу чатырох месяцаў – прыяжджаў-зьяжджаў. Гэта былі горы, пераходы, намёты. Я жыў разам зь імі ў вёсцы. Ведаеш, большасьць людзей на плянэце Зямля жывуць якраз у такіх умовах. І жыць гэтак для фотажурналіста ў самым пачатку сваёй кар’еры – проста фантастыка! Ты ўжо ведаеш, да чаго трэба быць падрыхтаваным, як трэба размаўляць. Гэта добрая школа. Да прыкладу, там я дакрануўся да жанчыны – чаго у тым сьвеце рабіць нельга. А я проста пагрукаў яе па плячы. Яна адскочыла на два мэтры – у яе шок. У мяне таксама. Усё ж файна знаёміцца з такімі традыцыямі, умовамі, жыцьцём. Менавіта там я зразумеў, што дзьве пары абутку – гэта раскоша. Умець чытаць і пісаць – таксама. Шмат якія рэчы, што можна спазнаць толькі там.

Распавядзі, калі ласка, пра свой першы фотаздымач. Калі ён у цябе зьявіўся?

Усё было выпадкова. Пяць з паловай гадоў таму я працаваў адміністратарам аднаго інфармацыйнага сайту. Наш дырэктар – вельмі разумны чалавек, мы зь ім і зараз падтрымліваем стасункі – прынёс аднойчы лічбавы здымач і прапанаваў усім зрабіць па некалькі фота. У каго лепей атрымаецца, той і будзе надалей здымаць. Гэта быў Olimpus C770. 1,7 мэгапікселяў. І зум быў. Лепей за ўсіх атрымалася ў мяне. З таго часу ўсё і пачалося. Мае фота пачалі зьяўляцца ў “Нашай Ніве”, “Камсамольскай праўдзе” і так далей. А да гэтага ніколі не здымаў. А ўжо потым мая дзяўчына падаравала мне стужкавы фотаздымач Zenit.

 

Ты можаш сказаць, колькі ў цябе зараз фотаздымачоў?

Гэтая лічба заўсёды розная. Для кожнага праекта патрэбна свая тэхніка. У мяне асабіста няшмат прафэсійных здымачоў – гэта ўсё вельмі дорага. У кагосьці пазычаю, абменьваю. Пэўныя праекты я раблю на стужку. Зараз мне страшэнна падабаецца фармат 6?6. А яшчэ са сваім знаёмым хачу паздымаць на паляроід. Гэта зусім іншае бачаньне сьвету, гэта бачаньне праз квадрат. Паляроід – гэта цэлая філязофія.

Што табе падабаецца здымаць больш за ўсё?

Людзей.

А што атрымоўваецца лепш за ўсё? 

Людзі, відаць, і атрымоўваюцца. Таму што падабаецца. Без гэтага немагчыма. Ты гэтым жывеш, гэта вакол цябе. Людзі, мяне цікавяць людзі – як яны жывуць, ходзяць, моляцца, граюць у футбол.

Андрэй, ці можна казаць пра існаваньне брэнда “Андрэй Лянкевіч”? Ты сам адчуваеш сябе брэндам?

(насьмяяўшыся, Андрэй заўважае:) Ізноў ты мяне правакуеш! Безумоўна, ёсьць такое імя, за якім ёсьць пэўны прафэсійны ўзровень, якому давяраюць. Яно добра вядома. Гэта праўда. Ёсьць сайт у інтэрнэце, ёсьць выставы. Я завёў пэрсанальны блог у LJ, куды выкладаю свае здымкі.

“Я не карпарацыя Coca-Cola і не Microsoft…”

То бок ты ня супраць, каб цябе называлі брэндам?

Супраць. Ёсьць жывы чалавек, які працуе на пэўным узроўні. І пра ўзровень гэты трэба казаць. І паказваць. Я не карпарацыя Coca-Cola і не Microsoft. Але, безумоўна, я свой узровень падтрымліваю і максымальна сябе рэклямую. Ад гэтага залежыць твая праца, тое, колькі табе за яе заплацяць і якія праекты будуць прапаноўваць. А якія ня будуць, ведаючы, што ты гэтым не займаесься альбо табе гэта проста нецікава.

Уяві, калі б пачаўся канец сьвету, і табе прапанавалі зрабіць сваю апошнюю – адну толькі – фотасэсію, што б ты кінуўся здымаць? 

Нікуды б ня кінуўся. Працягваў бы здымаць людзей. А калі разважаць лягічна, калі заўтра плянуецца канец сьвету, то твае здымкі нікому болей не спатрэбяцца. І ніхто іх заўтра ня ўбачыць. Але я б проста пачаў здымаць тое, што адбываецца вакол. Што робяць людзі. Як яны псыхалягічна змагаюцца. Ці не змагаюцца. Нехта будзе паміраць, нехта будзе вешацца. Хтосьці будзе радавацца, хтосьці піць. Я бы здымаў рэакцыі людзей. Ну куды бегчы? Вакол цябе адбываецца столькі цікавага.

Бывае так: ідзеш па вуліцы і бачыш – штосьці цікавае адбываецца. Бярэш мабілку альбо здымач, калі пад рукой, і здымаеш. А ў цябе такія парывы бываюць?

Бывае і так. Я заўсёды бачу здымкі. Тут харошае сьвятло. Там файны кадр. Тым ня менш з часам ты пачынаеш падзяляць працу і адпачынак. Але калі ты ідзеш па горадзе, збоку здымак, у цябе ёсьць час – чаму не паздымаць? Ты спыняеш машыну, ты спыняеш кагосьці – вось ён здымак, трэба толькі зрабіць. А бывае, што і не спыняеш. Едзеш сабе, бачыш – фантастычнае сьвятло! Варта зрабіць! Але ты не выходзіш, бо едзеш адпачываць. Проста нічога не рабіць едзеш. 

“Я, калі працую, настолькі сканцэнтраваны, што ня думаю ні пра якую сваю сэксуальнасьць у гэты час.” 

 

Лічыцца, што мужчына з фотаздымачом выглядае проста звыш’эратычна, асабліва падчас працы. Што ты на гэта скажаш? 

Ты другі чалавек, які мне пра гэта кажа. Другі чалавек з тых сотняў, якіх я ведаю. Я ж не гляджу на сябе збоку. Ня думаю, што эратычна. У мяне, ва ўсякім выпадку, такога адчуваньня няма. Я, калі працую, настолькі сканцэнтраваны, што ня думаю ні пра якую сваю сэксуальнасьць у гэты час. А калі я гляджу на чалавека, які здымае, думаю пра іншае: аналізую, што ён здымае і як. Які ў яго здымач і які заплечнік.

Цябе, як фатографа, раздражняюць безгустоўна апранутыя людзі? 

Не. Мяне раздражняюць крыху іншыя рэчы. Я да другіх людзей стаўлюся з павагай, вось і ўсё. Гэта не мая праблемы, хто як апрануўся і хто зь кім сьпіць. Таму і ня можа мяне гэта раздражняць.

А аматарскія здымкі на канапе? 

І яны не раздражняюць. Гэта зьява такая. Сацыяльная зьява, якая мяне цікавіць. Я нават мару калі-небудзь зрабіць вялікую выставу аматарскіх здымкаў. Да прыкладу, у маіх бацькоў шмат проста геніяльных чорна-белых аматарскіх здымкаў. Гэта можа раздражняць толькі людзей, якія гэтую зьяву не разумеюць. Альбо ня хочуць разумець.

Ты лічыш, што фатограф – адна з самых модных прафэсіяў? 

Не, ня думаю. Зараз шмат “сярэдніх” фатографаў. Са зьяўленьнем лічбавікаў людзей, якія здымаюць, стала болей. Тэндэнцыя такая. Але прафэсіяналаў ад гэтага болей ня стала.

Цябе часта можна пабачыць на розных нефармальных тусоўках, ты пераздымаў, здаецца, усіх айчынных зорак. Ці былі для цябе “крэпкія арэшкі”? Каго зь іх цяжка здымаць і чаму? 

Па шчырасьці, я ня вельмі моцны ў партрэтах. Гэта вельмі складана. Але я вучуся. А на такія пытаньні трэба адказваць канкрэтна. Цяжка сказаць. Ёсьць розныя задачы, розныя выданьні, розныя фарматы. Ня думаю, што ў мяне ёсьць моцныя партрэты нашых зорак. Партрэты – гэта цэлы накірунак. Але ёсьць шмат атмасфэрных здымкаў зь іх выступаў.

“Шмат дзейнікаў, якія павінны граць разам. Але, калі яны граюць, ты – фатограф!” 

Разумею, што табе часта задаюць гэтае пытаньне, але не магу стрымацца: што патрэбна, каб стаць добрым прафэсійным фатографам? 

Фатограф – гэта стыль жыцьця. Трэба ўмець бачыць сьвет, інтэрпрэтаваць яго і паказваць. Але гэта вельмі складана. Нядаўна была ў мяне супэрклясычная сытуацыя. Адна мая знаёмая напісала мэйл: “Я ўсё бачу, здымаю, усё клас, а на фотаздымку – няма нічога”. Гэта праблема.

Чаму так звычайна атрымоўваецца: і прыгожы ўдалы кадр, і здымач добры, а ў выніку – зусім ня тое, чаго хочаш?

Зараз патлумачу. Па-першае, фотаздымач тут не пры чым. Здымак – ён у тваёй галаве. Гэта твая гісторыя. Тое, што ты хочаш паказаць людзям. Калі яго няма – няма нічога. І не мае тады розьніцы, ці ты трымаеш у рукох паляроід за пяцьдзесят даляраў, ці гэта апошні Canon за пяць з паловай тысячаў. Ты бачыш сьвет, ты яго інтэрпрэтуеш і гэтая твая інтэрпрэтацыя мусіць быць нейкім чынам зразумелая іншым. Шмат дзейнікаў, якія павінны граць разам. Але, калі яны граюць, ты – фатограф! Недастаткова прыйсьці на нейкія фотакурсы і пасьля гэтага адразу стаць фатографам. Тое самае і з жывапісам, з кнігамі, з музыкай. Кожны з нас можа вельмі хутка вывучыць сем нот, але гэта яшчэ не значыць, што кожны зможа напісаць сымфонію, кшталту Сёмай сымфоніі Бэтховэна. Яе слухаюць пакаленьні, і кожны раз яна гучыць моцна і па-новаму. Тое самае карціны Босха. Дызайн BMW. Шмат можна прыводзіць прыкладаў. Тое самае і фатаграфія.

Калі б ты ня стаў фатографам, кім бы быў?

Ня ведаю. Шчыра ня ведаю. Ніколі пра гэта ня думаў.

Ты спрабаваў заняцца відэа? Ці кіно, да прыкладу, паздымаць?

Ведаеш, бывае, еду ў трамваі, а побач такая сытуацыя – яе немагчыма сфатаграфаваць, яе можна толькі зьняць на відэа. Напрыклад, пэўныя размовы моладзі спальных раёнаў. Але і там я спрабую думаць фотаздымкамі. 

 

А што ты лічыш больш шчырым – фатаграфію ці відэа? 

І відэа, і фота, калі гэта прафэсійна й добра зроблена. Што зь іх больш шчырае? Гэта цяжка параўноўваць. 

“Я дакладна памятаю ўсе разы, калі я плакаў. У пятай клясе, калі чытаў “Белы Бім, чорнае вуха”…”

Андрэй, ты сэнтымэнтальны чалавек? Можаш сабе дазволіць расплакацца, калі захочаш заплакаць?

Так, канешне, магу. Не думаю, што шмат людзей бачылі, як я плачу. Амаль ніхто. Але бывалі такія сытуацыі, калі варта было плакаць. Я дакладна памятаю ўсе разы, калі я плакаў. У пятай клясе, калі чытаў “Белы Бім, чорнае вуха”. Два разы я плакаў падчас скандалаў з маёй маці – там былі вельмі прынцыповыя рэчы – у сёмай клясе і на другім курсе. І я плакаў два гады таму, калі моцна захварэў мой пляменьнік. Я быў зь ім у шпіталі і проста ня вытрымаў. Выйшаў з пакоя і заплакаў. Вось, здаецца, і ўсё.

Мне заўсёды здавалася, што фатографы па свой бок аб’ектыва бачаць сьвет зусім па-іншаму. Напрыклад, чалавечая прыгажосьць для іх гэта панятак вельмі ўмоўны. Які чалавек для цябе прыгожы?

Ну вось ты, напрыклад, для мяне чалавек прыгожы. Абсалютна. Мусіць быць гармонія – зьнешняя прыгажосьць і ўнутраная. Што да мяне, я, на жаль – хаця чаму на жаль? – шукаю дзяўчын разумных. Мне трэба размаўляць – бяз гэтага ніяк.

Бывае ў цябе так: здымаеш чалавека  прыгожага, проста “прызнанага красаўца”, а ў выніку на здымках ён атрымоўваецца зусім не такім, як у жыцьці?

Здаецца, я ў такую сытуацыю не трапляў. Але, безумоўна, ёсьць пэўныя правілы фотагенічнасьці. Гэта першае. Па-другое, ёсьць розныя сацыяльныя стандарты прыгажосьці, яны паўсюль розныя. А ўвогуле прафэсійны фатограф робіць такі здымак, які яму трэба зрабіць. І ты можаш рабіць яго паўтары гадзіны, альбо чатыры, альбо пятнаццаць хвілінаў, але ты зробіш тое, што трэба. Гэта праца. А ты фатограф, за якім ёсьць імя. І ёсьць выданьне, якое разьлічвае на цябе.

Калі я была зусім маленькая, мой бацька вельмі любіў падстрыгаць нам з сястрою чолкі і весьці ў фотаатэлье – паздымацца ўтрох. Фатограф доўга рассаджваў нас, казаў, калі глядзець і што адкуль мусіць выляцець. А як ты ставісься да пастановачных здымкаў?

Я іх амаль не раблю. Я назіраю за людзьмі, я жыву зь імі. І проста здымаю тое, што адбываецца. Ёсьць нейкая сытуацыя, ёсьць 50 мм (гэта стандарт такі, але, зразумела, яго ламаюць!) і я, які гэта здымае.

А сам ты любіш здымацца? 

Так. Чаму не? Прыкольна. Адзін мой знаёмы нядаўна здымаў мяне ў Вільні. У прафэсійнай студыі. Калі здымкі харошыя, навошта я буду іх крытыкаваць? Ведаеш, на якіх-небудзь акцыях, дзе шмат фатографаў, часам атрымоўваецца так, што здымаюць адзін аднаго. Пасьля гэтыя фоткі перасылаем. У мяне ўжо цэлая калекцыя такіх здымкаў!

“Калі я здымаю вясельле ў кукурузным полі, значыць я здымаю ў кукурузным полі.” 

Ці лічыш ты халтуршчыкамі дзядзькаў, што бяруцца здымаць вясельлі і выпускныя вечары?

Чаму халтуршчыкі? Усё можна рабіць прафэсійна. Яны робяць гэта так. Калі мяне запрашаюць здымаць вясельле, я адразу папярэджваю, што раблю гэта не зусім традыцыйна. Калі я здымаю вясельле ў кукурузным полі, значыць я здымаю ў кукурузным полі. Калі на трасе – значыць на трасе. Я так хачу. Я бачу гэта прыгожым. 

У цябе можна замовіць паздымаць вясельле?  

Так, канешне, але трэба разумець, што гэта будзе…

Нятанна… :) 

…гэта будзе па-іншаму. Людзі мусяць мне давяраць. Калі я скажу: “Скакаць!”, і вясельныя спадніцы будуць на галаве, то трэба мяне слухацца. Побач будуць два здымкі: на адным усе проста стаяць і спакойна  глядзяць у аб’ектыў камэры, а на другім – спадніцы на галаве, бачна адна бялізна – і ўсім неверагодна весела. Яны вісяць у паветры, махаюць рукамі, крычаць… Уяві, едзем у лімузіне, і тут я кажу: “Спыняемся тут!” А вакол – поле. І мы сноўдаем па ім, павукі залазяць праз сукенкі, хтосьці грызе кукурузны пачатак… А я здымаю. Але, безумоўна, людзі мусяць быць да гэтага падрыхтаваныя.

Каго ці што ты марыш паздымаць? 

Мне б было вельмі цікава паздымаць Паўночную Карэю. Гэта мая сур’ёзная і моцная мара. Я шмат працаваў, дайшоў да пэўнай ступені, амаль паехаў – але не атрымалася. Але абавязкова паздымаю.

“…калі беларускія музыкі выходзяць на сцэну, яны адчуваюць сябе ў чымсьці вінаватымі. А трэба быць героямі…” 

Памятаеш, ты казаў, што ня слухаеш беларускую музыку? Давай пагаворым пра гэта. 

Яна дэпрэсіўная. Гэта першае. Яна не пазытыўная – другое. І трэцяе – яна не дае энэргіі. Але я слухаю беларускую “Троіцу”. Вельмі шмат. Яны сапраўдныя прафэсіяналы. Падабаюцца страшэнна. Я люблю жыцьцесьцьвярджальную музыку. А ў нас яе няма. Мы на гэту тэму размаўлялі з Кульлінковічам, ён пагадзіўся: “Няма”. Беларуская музыка доўгі час жыве ізалявана. Цяжка слухаць музыку, якая зроблена на апошнім: “Усё! Заўтра капцы! Заўтра вайна”. Прабачце, але я так думаю. Я лічу, што жыцьцё цудоўнае і трэба жыць пазытыўна. Аднойчы Руся напісала ў LJ, што калі беларускія музыкі выходзяць на сцэну, яны адчуваюць сябе ў чымсьці вінаватымі. І я зь ёй згодны. А трэба быць героямі. Казаць: “Я самы круты! Я лепшы! Я ведаю гэта. Я раблю сваю справу і раблю яе прафэсійна”.

Над чым ты зараз працуеш? 

Я здымаў адну лесьбійскую сям’ю. У мяне была прынцыповая пазыцыя першую выставу пра гэтую сям’ю зрабіць у Менску. Але не атрымаецца. Будзе шмат дзе – у Вільні, у Нямеччыне, у Аўстрыі, у Польшчы, але ня тут. Пакуль. Спадзяюся, што ўсё атрымацца. Магчыма, ўвесну. А пляную цэлы шэраг здымкаў лесьбійскага побыту. Як яны жывуць і чым.

   

У Андрэя, сапраўды, шмат плянаў. Зараз, напрыклад, ён у Вільні, дзе выкладае на факультэце фотажурналістыкі. У яго свой курс і свае вучні. А яшчэ ў Андрэя шмат энэргіі і аптымізму. Ён ведае, што робіць і любіць сваю працу. Ейныя вынікі можна бачыць на сайце www.liankevich.com і на старонках livejournal – liankevich.livejournal.com.

Аўтар фота да матэрыялу - Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0875 seconds.