З вышыні чалавечага палёту

 

Тое, пра што марыць ледзь ня кожны і чаго баіцца яшчэ большая колькасьць людзей – у журналісцкім экспэрымэнце Ганны Красновай. Паўдні падрыхтоўкі і 900 мэтраў да зямлі пад парашутам сталі рэальнасьцю.

Да скоку з парашутам падштурхнула мяне даўняя мара… і заданьне рэдакцыі падрыхтаваць матэрыял пра скокі з парашутам. Падзялілася я сваімі плянамі спачатку зь сябрамі. Усе сказалі супэр, але пры гэтым нагадалі пра верагодную небясьпеку такой авантуры для майго здароўя.

ЗДАРЭНЬНІ і забабоны

Юрка ПалякоўЯ пакінула сабе час на роздум, за які мне пашчасьціла сустрэцца зь вялікім аматарам парашутнага спорту, лінгвістам і перакладчыкам па адукацыі, Паляковым Юркам. Як кажа Юрка, жаданьне быць у небе ў яго генэтычнае – дзед быў лётчыкам-зьнішчальнікам. Самога Юрку можна сустрэць кожныя выходныя на Баравой, дзе ён за тыдзень робіць каля 10 скокаў.

Летальных выпадкаў ня было з 1982 года. Сыстэма бясьпекі на сёньняшніх парашутах іншая. І я нават не ўяўляю, што трэба зрабіць, каб што такое страшнае здарылася. Усё гэты міты людзей, якія баяцца скокаць і не даюць скокаць іншым. Ім трэба неяк апраўдваць свае страхі, таму яны распавядаюць жудасныя гісторыі,” – ламае Юрка мае стэрэатыпы і забабоны. І я ўсё болей хачу спраўдзіць сваю мару.

БАРАВАЯ ці самыя танныя квіткі на самалёт

У Менску скочуць з парашутамі на Баравой. Даволі вядомае месца. Прыпынак з адпаведнай назвай знаходзіцца пры выезьдзе на Віцебскую шашу. І гэта ня проста поле. Там ёсьць музэй авіяцыйнай тэхнікі і ня толькі. А за пэўную плату можна палётаць на якім сымпатычным і хуткім самалёце ў кабіне зь пілётам (магчыма таксама сымпатычным ;)). 

 

Баравая

Але, натуральна, Баравая вядомая найбольш скокамі з парашутам. Як жартуюць інструктары па скоках, “на Баравой адныя з самых танных квіткоў на самалёт” – квіточкі аплаты скокаў з парашутам.

КРАЙНІ З МАГІКАН

Юрка тлумачыць асаблівасьці прафэсійнай лексыкі парашутыстаў:

Мы ніколі ня кажам апошні, мы кажам крайні, напрыклад крайні скачок etc. Чуў аднойчы, як адзін чалавек распавядаў пра кніжку “Крайні з Магікан”. Весела, але такія рэчы пераносяцца нават у жыцьцё. Мы сьвяткуем адкрыцьцё і закрыцьцё сэзону. У канцы лета сьвяткавалі крайні дзень лета, калі мы спальваем чучалка. Кожны парашутыст ахвяруе сваёй вопраткай для яго. Такое паганскае сьвята.

PER ASPERA AD ASTRA ці шлях ад прыпынку да неба

Па пятніцах, суботах і нядзелях пры добрым надвор’і скочуць навічкі. Наагул такая важная падзея ў жыцьці як скокнуць з парашутам вельмі дасягальная і хуткая. Гэта вам не правы на аўто атрымліваць. Тут прыяжджаеш на Баравую па абедзе, а ўвечары ты ўжо гатовы зьдзейсьніць учынак, пра які будзеш доўга распавядаць сябрам ды проста любым вольным вушам, а можа і дзецям, унукам ды праўнукам.  

На месцы мне трэба было зьявіцца ў нядзелю а палове на першую. Папярэдне трэба патрапіць там жа на прыём да доктара і аплаціць сваю авантуру. У цёмным калідоры чарга ля кабінэта доктара, сьвятло ў канцы тунэля – спортзаля, дзе у гэты час прафэсіяналы ды маладыя супрацоўнікі складалі для такіх навічкоў як я парашуты. У гэтай жа залі пазьней нам праводзілі інструктаж. 

Працэдура мэдагляду аказалася вельмі простая. Мяне запыталіся пра зрок, вымералі ціск, папрасілі расьпісацца ў некалькіх тоўстых журналах. Самай цікавай аказалася заява пра вызваленьні ад адказнасьці: калі што здарыцца – сама адказваю. Пакінуўшы свой подпіс у шматлікіх кніжках, я адправілася ў бугальтэрыю. Тавар, які я аплочвала быў “скачок з парашутам”, адзінка вымярэньня – “скачок”, адпускны кошт за адзінку вымярэньня з НДС – 60500 бел. рублёў. Ня мала, але 30 даляраў за сваю мару – дазволіць можна. Для тых хто мае разрад, скачок будзе каштаваць меней, але ж набыцьцё разраду патрабуе зноў такі і часу, і грошаў. Ёсьць людзі, якія скочуць бясплатна, але яны ўжо працуюць у гэтай канторы. Гэта тое, чым яны жывуць і за што яны жывуць.

“СЁНЬНЯ ВЫ СТАНЕЦЕ САПРАЎДНЫМІ ПАРАШУТЫСТАМІ”

Наступны крок – тэарэтычная падрыхтоўка. Нас сабралі ў аўдыторыі і павіталі словамі “Сёньня вы станеце сапраўднымі парашутыстамі”. Шчыра прызнаюся, ад такіх словаў стала так хораша ўнутры. Нам расказалі, што трэба рабіць, каб не павіснуць на дрэве ці не прызямліцца на дах бліжэйшых дамоў, і галоўнае, як правільна прызямліцца, каб нічога ня выкруціць сабе. У пэўны момант, я падумала, навошта мне ЎСЁ гэта. Можа адмовіцца?

Заля

Я не магла ўкласьці ў сваёй галаве, як можна пасьпець за некалькі сэкундаў у паветры, калі ты ляціш, выдзярнуць кольца, агледзіцца ці раскрыўся асноўны парашут, пакласьці кольца ў адмысловую кішэньку, каб яно не перашкаджала, а пасьля яшчэ выдзярнуць нейкі чырвона-аранжавы ланцужок, каб не спрацаваў запасны парашут, адчуць тыя неапісальныя эмоцыі, пра якія распавядаюць парашутысты і, нарэшце, правільна прызямліцца. Але ж з думкай адмовіцца ад скоку я разьвіталася.

Наагул, як распавядаў Юрка, выпадкі, калі людзі ў апошнюю хвіліну адмаўляюцца скокаць здараюцца, але рэдка – разы 2 на сэзон. Звычайна гэта бывае ўжо ў самалёце.

Заскочу наперад і распавяду, што ў нашай групе адна дзяўчынка адмовілася скокнуць – ужо ў самалёце. Так і вярнулася назад з парашутам за сьпіной.

Вяртаюся да нашай падрыхтоўкі.

Дайшло да практыкі. Пачалі мы з распраналак. Тут нам прапанавалі па жаданьні апрануць камбінэзоны і трывалы абутак. Ад камбінэзончыка я і не адмовілася. Свой першы парашутны дзень я правяла ў сінім камбінэзоне з аранжавай эмблемай парашута на сэрцы і надпісам “Баравая” на сьпіне.

Потым трэніроўкі ў спартовай залі, на вуліцы. Мы скокалі з вышак на зямлю з зьведзенымі разам нагамі – так патрабуе інструкцыя, каб не павыкручваць ногі. Натуральна, з “растаўленымі на шырыні плечаў нагамі” адчуваеш сябе пры прызямленьні больш упэўнена, але прыходзіцца кіравацца інструкцыі.

АПОШНІЯ НАРЫХТОЎКІ

Мы ў эпіцэнтры “Баравой”, дзе акрамя нас было чалавек 20 профі-парашутыстаў. Тут пабачылася я і зь Юркам Паляковым, які быў у сваім прыгожым прафэсійным касьцюме зь ня менш прывабным чорна-жоўтым парашутам. 

Урачысты момант атрыманьня парашутаў крыху змазваецца вагой апошніх – 20 кг! А вось сядзець з парашутам за плячыма, дарэчы, зручна – як ў крэсьле, бо жалезны каркас стварае “сьпінку крэсла”.

Заплечнік з парашутам вельмі хітра замацоўваецца на целе: на грудзях, на жываце і таксама захоплівае ногі. Мне падумалася, што менавіта так адчуваюць сябе дзеткі, якіх носяць у адмысловых сумках – кенгуру.

Падыходзіць і мая чарга. Хваляваньне расьце. Яшчэ раз правяраюць нашае снараджэньне.

Стаўлю свой подпіс яшчэ раз. Насупраць майго прозьвішча стаіць 1/1, то бок адзін скок першы раз. У наступны раз будзе 2/1. :)

У САМАЛЁЦЕ ці дарогі назад няма

У самалоце

Нас навічкоў з усёй групы засталося 4 чалавекі. Мы скочам апошнія ў гэты дзень – з намі яшчэ з дзесятак сапраўдных парашутыстаў. Бяжым да кукурузьніка. Аказваецца і ў такія моманты спрацоўвае этыкет. Хлопцы прапускаюць мяне ў лятальны апарат наперад. А гэта, лягічна падумаўшы, значыць, што я буду сёньня крайняя, як кажуць парашутысты. Я скокала самая апошняя з ўсёй групы навічкоў, я не баялася, проста так атрымалася :)

 

Кукурузьнік з сур’ёзнай назвай АН-2 падымае нас ў неба.

Менск (аказваецца, маленькі горад) ужо недзе пада мной. Заходзіць сонца – як файна, што я лячу ў апошняй групе – можна паназіраць за гэтай прыгажосьцю. І сонца ня зьверху і не на даляглядзе са мной, як бывае звычайна. У гэты дзень я была вышэй за яго…

Інструктар дае знак, што час брацца за кольца...

Кольца, дарэчы, знаходзіцца зьлева, акурат, дзе сэрца. Апранаю на руку гумку, якая прымацаваная да кольца. Гэта, пэўна, на выпадак, калі чалавек са страху ці ад уражаньняў адпусьціць кольца, дык яна ўсё адно застанецца побач зь ім.

Паказваюць, што трэба ўставаць.

А я не магу!.. Няма сілаў. Хлопцы-парашутысты з падбадзёрваючымі ўсьмешкамі дапамагаюць устаць, падцягваюць мяне за заплечнік. “Дзьверы адчыняюцца, наступны прыпынак зямля,” – жартавалі мы пазьней.

Перада мной рука інструктара. Ён адлічвае: “1... 2... 3... Пайшла!” І сваёй рукой выпіхвае мяне. Так яны дапамагаюць навічкам. І гэта не таму, што можа хто баіцца і таму сілай выпіхваюць, як многія думаюць. Проста без практыкі цяжка справіцца з моцнай плыньню ветру на такой вышыні і разьмеркаваць свае сілы для добрага скоку.

З ВЫШЫНІ МАЙГО ПАЛЁТУ

Як я апынулася за межамі самалёту – ня памятаю. Такое адчуваньне, што я наагул нічога ня памятаю з тых пару сэкундаў, калі я свабодна ляцела… ці падала. Першае, аб чым я падумала,што я проста падаю і трэба пачынаць лічыць сэкунды, каб выцягваць кольца. 121,122, 123 і я выцягваю (выдзіраю, адрываю з усёй сілай) кольца. Каб гэта зрабіць, трэба прыкласьці сілу ў 16 кг! Вы не паверыце, у паветры гэта робіцца вельмі, вельмі лёгка! 

Пару імгненьняў панікі, каб разабрацца зь іншымі жалезкамі, і можна ўздыхнуць.

Бяруся за стропы парашута, каб сябе надзейней і зручней адчуваць. І тут я разумею, што я знаходжуся на адным месцы. Я завісла ў паветры! Я не спускаюся! І колькі мне тут прыйдзецца правісець? Хто ж мяне выратуе? У гэтую хвіліну мне дзіка захацелася на зямлю, мяне ж зь некалькіх сотняў мэтраў ніякая тэхніка ня здыме! Аглядаюся, мой сусед недзе там далёка патроху зьніжаецца. Я супакойваюся. Проста ўспрыманьне руху, адлегласьцяў, наагул каштоўнасьцяў у жыцьці зьмяняецца на такой вышыні.

Неба

Калі я сапраўды пачынаю адчуваць, дзе я – сэрца ад радасьці хоча вырвацца (добра што парашут перашкаджаў :)).

Я крычала, размаўляла ўслых! Кажуць на такой вышыні добрая акустыка і можна нават паразмаўляць, калі побач хто ляціць яшчэ. Але ўсе былі далёка ці ўжо на зямлі, таму я проста крычала, каб чуць саму сябе і верыць, што я сапраўды ў небе – гэта неверагодныя пачуцьці, якія можна адчуць толькі там.

Унізе прыгожа, але зямля ўжо набліжаецца, хаця рэальна прааналізаваць, колькі там да зямлі з вышыні цяжкавата.

ВЯРТАНЬНЕ

Стоп! Па палявой дарозе едзе машына! Як бы прамазаць! Толькі не на машыну! Але на ейнае (ці на маё) шчасьце, яна сама зьехала зь месца магчымага спатканьня. Ух, перашкода сама аддаляецца ад мяне. Прызямляюся на тую самую дарогу, ня зусім правільна, на сьпіну, але ўдала.

Вось так бы і ляжаць усё жыцьцё. Парашут падае і выцягваецца. Я ляжу. Гляджу ў неба. Але трэба падняцца і паказаць тым, хто назірае за навічкамі у бінокль, што са мной усё ОК. Хочацца ляжаць і глядзець туды, адкуль я толькі што прыляцела і проста ўсё асэнсаваць. Але нас пра такі магчымы стан папярэджвалі, і настойліва прасілі паказваць прыкметы жыцьця. Бывалі выпадкі, калі народ ад шчасьця цыгарэтку запальваў і ляжаў. Я не палю, але ў той момант пэўна б запаліла. 

Я ГЭТА ЗРАБІЛА

Кажуць, што пасьля скоку людзі зьмяняюцца. І нават зьнешне. Магу ўявіць як выглядае твар чалавека, які толькі што скокнуў :). Хоць твараў такіх жа экспэрымэнтатараў як я ня памятаю – мне было не да таго, адна частка мяне яшчэ лётала, а другая ўжо ішла па зямлі.

Ня ведаю, наколькі я зьмянілася зьнешне ў тую хвіліну, хіба толькі скінула 2 кг. Так, мяркуюць, што чалавек губляе 2 кг. І адчуваю я сябе па-іншаму, лёгка і незвычайна. Значыць, дакладна скінула :).

Што ж засталося пасьля некалькіх хвілінаў у небе?

Безумоўна, гонар за сябе, што я (Я!) гэта зрабіла. Фізіялягічна пра тое, што гэта быў ня сон, нагадваюць цягліцы шыі – два дні балелі (магчыма ад таго цяжкога шлему?) – падобна як баляць цягліцы прэсу.

Адчуваньне, што я магу ўсё – галоўнае, што надае такі ўчынак. А Юрка Палякоў казаў – “калі ў мяне якія праблемы, я скокаю з парашутам – і ўсё падаецца мне дробным і ня вартым хваляваньняў”. Сапраўды, што значаць дробныя праблемы ва ўнівэры ці на працы, непаразуменьні з сябрам, незаклееныя вокны ў пакоі ці яшчэ што. Зьверху ўсё гэта маленькае, дробнае і нават сьмешнае. А выраз “Спусьціся на зямлю!” прыдумаў, пэўна, той, хто ніколі ня быў у небе. Вось ад зайздрасьці і прыдумаў :). 

Працаздольнасьць пасьля такога скоку дакладна павышаецца – я ня толькі ў час здала гэты матэрыял рэдактарам, а яшчэ й схапілася за 10 новых ідэяў. Але не хвалюйцеся за маё здароўе – злоўжываць ня буду ;). 

Карацей, я тут перараблю ўсе справы – і зноўку наведаюся ў неба. Бязьмежнае, прыгожае… і ўжо нават крышачку маё.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0062 seconds.