Украінскія студэнты супраць засяленьня ў інтэрнаты паводле пасьпяховасьці

Украінскія студэнты актыўна далучыліся да працэсу фармаваньня студэнцкага заканадаўства. Праблема недахопу студэнцкіх інтэрнатаў, ёсьць і ў Беларусі, але нашы суседзі могуць змагацца зь ёй праз ціск на ўлады з боку студэнтаў і студэнцкіх аб’яднаньняў.

У часе кольнага стала “Найбольш важныя студэнцкія праблемы і пошук шляхоў іх вырашэньня”, які адбыўся 11 верасьня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, сакратар Усеўкраінскай студэнцкай рады пры Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны сп. ШЭМАЕЎ паведаміў, што ў дадзены момант студэнцкай радай распрацоўваецца рэйтынгавая сыстэма. Згодна зь ёй права на засяленьне ў інтэрнаты студэнты будуць атрымліваць паводле сукупнасьці крытэраў, галоўным зь якіх будзе акадэмічная пасьпяховасьць. 

Такія дзеяньні Мінадукацыі абумоўленыя вострым недахопам месцаў у студэнцкіх інтэрнатах Украіны. Якому у тым ліку спрыяе палітыка масавага закрыцьця філіяў вышэйшых навучальных установаў, якая праводзіцца міністэрствам. 

На сёньня, паводле дадзеных УАСС, па Ўкраіне агулам не стае каля паўмільёна месцаў у студэнцкіх інтэрнатах. У выніку існуючыя інтэрнаты моцна перанаселеныя. Як шлях вырашэньня праблемы чыноўнікі МА і абралі “засяленьне паводле рэйтынгу”.

На думку ж студэнтаў, выкарыстаньне такой сыстэмы прывядзе да залежнасьці студэнтаў ад выкладчыкаў і адміністрацыі ВНУ. Бо ўтвараецца сытуацыя, калі малады чалавек, якому за неляяльныя выказваньні ў бок унівэрсытэцкай улады паставяць некалькі “траякоў”, аўтаматычна апынецца на вуліцы.

З пачатку навучальнага году да праблемы студэнцкіх інтэрнатаў зьвярталіся многія ўкраінскія студэнцкія арганізацыі і ініцыятывы. Студэнты Ровеньскага ўнівэрсытэта ў канцы жніўня абвесьцілі страйк з нагоды высяленьня 200 чалавек. У выніку адміністрацыя ВНУ пайшла на саступкі і зараз займаецца засяленьнем студэнтаў.

«Студентське братство» прапанавала нядаўна альтэрнатыўны шлях вырашэньня праблемы недахопу інтэрнатаў – перадаць пад іх частку навукова-дасьледчых інстытутаў, якія зараз не працуюць, а таксама памяшканьні, якія такім інстытутам належаць, але не выкарыстоўваюцца адпаведным чынам.

У Беларусі праблема з жыльлём для студэнтаў ня менш вострая. Так, напрыклад, у БДУ сёлета амаль 2 тысячам студэнтаў не хапае месца ў інтэрнатах. Але нашая сытуацыя кардынальна розьніцца тым, што беларускія студэнты ня маюць фактычна ніякай магчымасьці ўплываць на дзеяньні ўладаў у вырашэньні гэтай праблемы.

tarka 11:40, 12/09/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4827 seconds.