Амаль 2 тысячам студэнтаў БДУ не хапае месца ў інтэрнатах
Толькі 75% студэнтаў БДУ, з тых хто чакае засяленьне ў інтэрнат, сёлета змогуць ажыцьцявіць свае пляны. Гэта складае блізу 6 тысячаў студэнтаў, паведамляе прэс-служба БДУ. Астатнія будуць самастойна шукаць альтэрнатыву інтэрнату.
Трэцюю частку месцаў у інтэрнатах БДУ зоймуць першакурсьнікі, сярод якіх сёлета 62% рэгіяналаў, а менчукоў 36,8%.
Месцы ў інтэрнатах без чаргі прадстаўляюць сіротам, інвалідам 1 і 2 групаў, дзецям-інвалідам. Наступныя ў сьпісе ільготаў – пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, у выніку стыхійных бедстваў, сацыяльных і тэхнагенных катастрофаў; тыя, хто ўзнавіўся на вучобе пасьля службы ў войску; навучэнцы па кантракце і замежныя грамадзяне. Далей ідуць інваліды 3 групаў і студэнты з шматдзетных сем’яў, сем’яў інвалідаў вайны 1 і 2 групаў, а таксама удзельнікі “студэнцкага актыву” і маладыя сем’і, у якіх муж і жонка навучаюцца ў БДУ.
У агульнай чарзе першае права на засяленьне маюць студэнты з больш высокім сярэднім балам. А сярод першакурсьнікаў – тыя, хто набраў больш высокі бал пры паступленьні; хлопцы і дзяўчаты, якія пасьпяхова займаюцца навукова-дасьледчай дзейнасьцю, грамадзкай і культурна-масавай працай, а таксама тыя, у каго ўжо навучаўся ў БДУ ці іншай ВНУ ці сярэдне-спэцыяльнай навучальнай установе брат альбо сястра.
Асобныя ільготы маюць тыя, студэнты, што ўлетку працавалі ў БДУ на рамонце інтэрнатаў – гэта 150 чалавек.