“Басовішча-2006”: вызначаныя асноўныя падрыхтоўчыя тэрміны

Арганізатары фэстывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2006” вызначылі асноўныя падрыхтоўчыя тэрміны. Маладыя беларускія гурты запрашаюцца да ўдзелу ў адборачным туры, каб пазмагацца за галоўны прыз “Басовішча-2006” – запіс альбома ў Польшчы, а таксама за шэраг іншых каштоўных прызоў. А аматары беларускай музыкі могуць ужо пазначаць на сваіх каляндарыках даты 21-22 ліпеня, рыхтаваць пашпарты да атрыманьня польскіх візаў, сушыць намёты – рыхтавацца да “Басовішча-2006”.

Як паведаміў studenty.by старшыня беластоцкага БАС Радаслаў Дамброўскі ў гэтым годзе партнэрамі фэстывалю зь беларускага боку яны бачаць Creative Community studenty.by, лэйбл BMAgroup, інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў”. На дадзены момант ідзе вызначэньне функцыяў у падрыхтоўцы да “Басовішча” гэтымі камандамі. 

Радэк Дамброўскі паведаміў асноўныя даты ў падрыхтоўцы фэстывалю.

11 траўня

Падвядзеньне вынікаў конкурсу на лепшы лягатып да “Басовішча-2006”.

28 траўня

Да гэтай даты вядзецца прыём дэма-запісаў ад зацікаўленых гуртоў-удзельнікаў, таксама праводзіцца папярэдні адбор гуртоў, якія будуць запрошаныя на адборачны канцэрт. 

11 чэрвеня

Да гэтай даты плянуецца правядзеньне адборачнага канцэрту, канчатковы адбор канкурсантаў, якія і паедуць на “Басовішча-2006” у Гарадок (Польшча). У гэты ж час будзе весьціся інтэрнэт-галасаваньне, паводле якога будзе вызначаны яшчэ адзін гурт, які паедзе на фэстываль разам з гуртамі, абранымі журы на адборачным канцэрце. Спіс гасьцей фэстывалю, “зорак” таксама плянуецца вызначыць да 11 чэрвеня. 

1 ліпеня

Вызначэньне гуртоў-удзельнікаў “Вольнай сцэны” на “Басовішчы-2006”. На гэтай пляцоўцы выступаюць гурты самастойна, без удзелу ў конкурснай праграме. Звычайна на "Вольнай сцэне" выступаюць гурты-пачаткоўцы. Для ўдзелу ў гэтай частцы фэстывалю гурты мусяць даслаць свой дэма-запіс арганізатарам да 1 ліпеня.  

Заяўка ад гурта на ўдзел у конкурснай праграме "Басовішча" мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Да таго ж абавязковымі ўмовамі зьяўляюцца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы на беларускай мове, а таксама ўдзельнікаі гурта на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу.

Адрэсу, на якую патрэбна дасылаць дэма-запісы, можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох (+029) 6530595, (+029) 6855239 ці (+029) 2646974. Альбо ў Менску кружэлкі з запісамі можна перадаць, скантактаваўшыся папярэдне праз тыя ж нумары.

Па словах Радэка Дамброўскага апошняе патрабаваньне абумоўлена досьведам правядзеньня папярэдніх фэстываляў “Басовішча”. Бо ў мінулым годзе на “Басовішчы” была такая сытуацыя, што некаторыя гурты прайшлі адборачны тур, але ня здолелі трапіць непасрэдна на фэстываль, бо не маглі атрымаць візаў з-за адсутнасьці штампаў у пашпартох.

Апошнім часам паміж актыўнымі заўзятарамі "Басовішча" сталі частымі размовы пра музычны фармат фэстывалю. Радэк Дамброўскі камэнтуе, што "Басовішча - гэта фэстываль музыкі маладой Беларусі, а фармат можна акрэсьліць паняткам альтэрнатыўнай музыкі". 

Бліжэйшымі днямі будзе вызначаны склад журы для адборачнага туру і дадзены старт на прыём дэма-запісаў ад гуртоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0651 seconds.