Пачаўся ціск на студэнтаў БДЭУ

Таня Хома каля БДЭУСтудэнты БДЭУ, якія ня згодныя з загадам аб выключэньні адной зь лепшых студэнтак факультэта міжнародных эканамічных адносінаў Тацяны Хома, на працягу мінулых двух тыдняў зьбіралі подпісы ва ўнівэрсытэце ў падтрымку Тацяны. Калі подпісаў стала ўжо болей 500, студэнтаў пачалі выклікаць у дэканаты для правядзеньня тлумачальнай працы. Сяброў Тацяны Хома, якія жывуць у інтэрнаце БДЭУ №3, наведаў чалавек, які назваўся Уладзімерам Мікалаевічам. Гэты ж самы чалавек сустракаўся і з Тацянай ў дзень яе выключэньня 24 лістапада - яго цікавіла дзейнасьць ESIB, палітычная пазыцыя адносна Беларусі і іншае. 

Так званы Уладзімір Мікалаевіч адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але сказаў, што працуе ў выхаваўчым аддзеле. Але супрацоўнікі ўнівэрсытэта казалі пазьней Тацяне, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Пры сустрэчы зь сябрамі Тацяны Хома зь інтэрнату на мінулым тыдні, замест агульнай размовы з усімі адразу, гэты чалавек размаўляў па-асобку з кожным. Яго цікавіла, якой дзейнасьцю займалася Тацяна Хома, куды іх запрашала, ці не займалася палітычнай агітацыяй. Таксама мужчына запытваўся, як студэнты ацэньваюць загад рэктара і ці зьбіраюцца ладзіць ці ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.

Ва ўнівэрсытэце студэнтаў па-асобку выклікаюць у дэканаты, дзе тлумачаць загад аб выключэньні Тацяны Хома і немэтазгоднасьць збору подпісаў ад студэнтаў супраць загаду. У загадзе аб выключэньні студэнткі асобным пунктам было загадана дэканам факультэтаў правесьці тлумачальную працу са студэнтамі. На мінулым тыдні прадстаўнікі дэканатаў падчас лекцыяў рабілі сустрэчы са студэнтамі, дзе тлумачылі ім, што "БДЭУ - унівэрсытэт дзяржаўны і мусіць трымацца дзяржаўнай палітыкі, і ў зьвязку з гэтым рэктар мусіў адлічыць Тацяну Хома".

Нагадаем, адна зь лепшых студэнтак ФМЭА БДЭУ Тацяна Хома была адлічаная з унівэрсытэта 24 лістапада з фармулёўкай з-за "самавольнага і беспадстаўнага выезду ў Францыю і знаходжаньня яе ў гэтай краіне ад 11 да 14 лістапада 2005 году ў пэрыяд вучэбных заняткаў." Менавіта ў гэты час Тацяна Хома была абраная ў кіраўніцтва Аб'яднаньня нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы ESIB.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0848 seconds.