У беларускіх абітурыентаў удвая зьменшацца шанцы на паступленьне

Новыя правілы паступленьня ў ВНУ пазбаўляюць дзяцей платнага тэставаньня й другой плыні. Аднак цяпер уводзіцца "сярэдні бал" школьнага атэстата. Новыя правілы паступленьня ў ВНУ пазбаўляюць дзяцей платнага тэставаньня й другой плыні. Аднак цяпер уводзіцца "сярэдні бал" школьнага атэстата. 

Калі на пачатку восені Міністэрства адукацыі агучыла праект правілаў прыёму і заявіла аб намеры прыняць іх мінімум на пяць гадоў, усе - і будучыя абітурыенты, і іх бацькі, і школьныя настаўнікі - уздыхнулі вальней. За апошнія два гады да новай сыстэмы паступленьня прывыклі, прыстасаваліся і нават ацанілі яе. Прапанаваны праект павінен быў зацьвердзіць яе. Але пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнка праект зьмяніўся да непазнавальнасьці. І добрага ў гэтым мала.

Платнага тэставаньня ў красавіку-траўні ня будзе

Адпаведна, у выпускнікоў ня будзе магчымасьці прынесьці ў школу сэртыфікат тэставаньня і выкарыстаць яго замест выпускнога іспыта. Ды і права выбару вынікаў паміж платным і бюджэтным тэставаньнем у дзяцей ня будзе таксама.

Уступныя іспыты пройдуць у адну плынь

Раней пачнуцца іспыты толькі у ВНУ мастацтва (акадэміі музыкі, акадэміі мастацтваў і ўнівэрсытэце культуры) і  "сілавых" ВНУ, якія падначаленыя МНС, МУС, Міністэрству абароны. Усе астатнія будуць праводзіць іспыты з 30 ліпеня па 3 жніўня. Гэта значыць, што ніякага шанца і перакідваньня дакумэнтаў у апошні момант ня будзе.

Зьявіўся "сярэдні бал" атэстата

Для паступленьня не дастаткова будзе прайсьці два абавязковых тэставаньня і здаць адзін іспыт у самім ВНУ (альбо прайсьці трэцяе тэставаньне для мэдычных ВНУ). З наступнага года пры вылічэньні конкурснага бала будзе улічвацца яшчэ адна адзнака - сярэдні бал атэстата.

Завочнікі будуць здаваць тэсты і плаціць за навучаньне

Для паступленьня на завочнае і вечаровае аддзяленьні патрэбна будзе не толькі здаваць тыя ж тэсты, што і на дзённае аддзяленьне. Бясплатна на вышэйшае завочнае ці вечаровае аддзяленьне змогуць паступіць толькі выпускнікі ПТВ альбо тэхнікумаў, якія паступаюць па спэцыяльнасьці, альбо тыя хто маюць мінімум 6 месяцаў стажу па профільнай спэцыяльнасьці. Калі ж вы, напрыклад, працуеце сакратаркай, а паступіць жадаеце на журфак, рыхтуйцеся выкласьці грошы за навучаньне.

Погляд з 6-га паверха

Здаецца, што мы ўсё гэта ўжо праходзілі. І сярэдні бал, дзеля каторага бацькі наймалі дзецям рэпэтытараў па прадметам, якія не трэба здаваць пры паступленьні, добра памятаем. Можна было ўкласьці колькі заўгодна грошай у рэпэтытараў, а школе настаўнік, да прыкладу, фізычнай культуры ці маляваньня мог вырашыць лёс будучага фізыка ці лірыка. "Дай мне слова, што на ўступных іспытах табе не прыйдзецца здаваць біялёгію, і я пастаўлю табе "пяцёрку", - казала мне ў 10-й клясе біялягічка, каб не псаваць сярэдні бал будучаму журналісту. Думаю, зараз адным чэсным словам не адчэпісься.

Дарэчы, калі ўводзілі 10-бальную сыстэму, тлумачылі так: большасьць дзяцей не ў стане (ды і няма сэнсу) аднолькава роўна цягнуць усе школьныя прадметы - добры матэматык рэдка напіша вартае сачыненьне, а таленавіты гуманітарый у лепшым выпадку памножыць два на два. Таму па адным прадмеце ў яго будзе 10 балаў, а па іншым - толькі 3 ці 4. І ніякіх рэпрэсіяў. Зараз прыйдзецца праўдамі і няпраўдамі выцягваць і матэматыку, і літаратуру.

А чорныя плямы пад вачыма й патрапаныя нэрвы у сям'і да жніўня, калі спачатку трэба рыхтавацца да выпускных іспытаў, пасьля -  да ўступных! Так паступалі ў ВНУ бабулькі цяперашніх выпускнікоў, іх бацькі. Думалі, хоць дзецям будзе лягчэй. Бо платнае вясеньняе тэставаньне дазваляла ўздыхнуць з палёгкай усім: і тэсты здаць двойчы, каб выбраць лепшы вынік, і ад выпускных іспытаў вызваліцца, заявіўшы вынік тэставаньня. А зараз прыйдзецца адразу пісаць выклад ці сачыненьне, пасьля рыхтавацца да тэстаў - спосаб падрыхтоўкі зусім розны, сканцэнтравацца на чымсьці адным магчымасьці няма...

Надзея Белахвосьцік, "Камсамольская праўда".
Пераклад Сяржука Семянюка.

 
14:02, 09/12/2005 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0783 seconds.