«Перайначыць»: Recha прэзентуе свой першы альбом з дзесяцігадовай вытрымкай

digipack-recha

Неўзабаве гурт Recha прэзентуе сваю першую кружэлку пад назвай «Перайначыць», якая ўвасабляе сабой адлюстраванне глыбінных і інтымных куткоў беларускай рэчаіснасці. Напярэдадні прэзентацыі лідар гурта Андрусь Такінданг распавёў Generation.by, як Recha ўзнялася на хвалі «іранічнай-акустыкі», музыкі, што паўстала ў супрацьвагу змагарскаму року, і як гурт свядома сыходзіць ад пафасных тэмаў да інтымнасці і суразмернасці.

У альбом увайшлі 13 песен, якія былі абраныя з дзесяцігадовага рэпертуару гурта. У ім пераплятаюцца ноткі апантанай весялосці і суму, светлай рамантыкі і іранічнай філасофіі.

Гурт Recha узняўся на хвалі «іранічнай-акустыкі», гэты кірунак «чалавечай» музыкі паўстаў у супрацьвагу змагарскаму року. «Іранічная акустыка» — свядомы сыход ад узнёслых, пафасных тэмаў да інтымнасці, суразмернасці. Лірыка не палымяна-рэвалюцыйная, а дробна-буржуазная. Арэол існавання «іранічнай акустыкі» — карпаратывы розных гатункаў, вяселлі, вясковыя, местачковыя святы. Музыка вагаецца ад местачковага шансону да клезмера і слухаюць яе бабулі, дзядулі разам з унукамі.

untitled-8740

Ужо працяглы час гурт існуе ў музычнай беларускай прасторы, мае свой выразны стыль і вобраз. У пачатку свайго шляху хлопцы пераважна выступалі ў Польшчы. Афіцыйнай дыскаграфіі гурт не мае, але ў 2005 годзе, на студыі ў Варшаве запісалі свой першы дыск з пяці кампазіцый, які на канцэртах па Польшчы і разышоўся. Найбольш вядомы трэк з варшаўскага запісу «Чэ Гевара», які і цяпер мае актуальнасць сярод слухачоў гурта.

«Патрэба ў паўнавартасным альбоме на той час адчувалася дужа востра, але мы праспалі ў шапку…» – распавядае Андрусь Такінданг, лідэр гурта Recha.

untitled-8783

Надалей гурт нагадваў пра сябе фрагментарна, выкладаючы ў сецева то адзін, то другі трэк. Прычым новыя кампазіцыі запісваліся самапальна, на «кухні». Некаторыя траплялі ў грамадскі нэрв і станавіліся лакальнымі, сітуацыйнымі гімнамі, такія як «Сацьяграха» і «Няма Беларусі»:

«А за некаторыя мы атрымлівалі па галаве: маўляў, спапсіліся, сышлі ў эстраду «рабяты». Дзесяцігадовы перыяд жыцця Recha можна было б назваць партызанскай вайной, альбом мы не выдавалі, аднак перыядычна падрывалі масты самаробнымі адзінкавымі трэкамі. Доўжылася музычная партызанка аж дагэтуль».

untitled-8771

Гурт «Recha» выбіваецца з шэрагу беларускіх музыкаў – перадусім яны імкнуцца да людзей і стварэння камунікацыі. Хлопцы ахвяравалі пэўным эстэтызмам, ахвяравалі чыстай мастацкасцю, дзеля камунікацыі:

«Калі гурт Recha пачынаўся, як кожны малады праект, як і кожныя юныя людзі, то заўсёды, вядома была скіраванасць выключна на «жорава», выключна на рэвалюцыю мастацкую, на новыя формы, на звяржэнне ідалаў, і стварэнне нейкага новага мастацкага свету і новай мастацкай мовы. З цягам часу, з тым, як мы пачалі сталець – пачалі больш пераважаць камунікацыя над арт-хаусам. То бок, ёсць фестывальныя гурты, ёсць гурты – рабочыя. Мы зараз рабочы гурт. – Тлумачыць лідэр Recha. – Тыя месцы, дзе мы гралі, уплывалі на некаторыя нашыя творы: на стварэнні песні, на стварэнні стылю, на тое, як мы граем. То бок, гэта працэс узаемны: мы змяняем людзей – людзі змяняюць нас. У пэўны момант мы падумалі, што трэба граць для тых людзей, якія знаходзяцца па-за зонай беларускай культуры. Для тых, людзей, якія хворыя на радыё шансон, трэба ісці да той аўдыторыі, якая занятая ўмоўна кажучы «ворагам». Гэта значыць іншай культурай, не заўсёды той, якую мы самі падзяляем. І сутыкненне з гэтымі людзьмі, добрымі людзьмі, вось яно мяняла і іх, і нас».

untitled-8755 

«Канцэрт будзе ў нас хутчэй танцавальны. Таму што, па-першае, за нашымі паездкамі, вандроўкамі мы засумавалі па нашай менскай публіцы, па некарпаратнай. Сярод нашых слухачоў ёсць пэўныя асобы, якіх ты ўжо ведаеш у твар, з якімі ўжо знаёмы. І хочацца проста іх пабачыць на канцэрце, паразмаўляць праз песні. Хочам патанцаваць, паспяваць з імі. Я па гэтым моцна засумаваў. Мы абраслі новым рэпертуарам, якім хочам падзяліцца з нашымі слухачамі, і вядома – альбом прэзентаваць».

Нарэшце, пасля доўгай і пакручастай дарогі гурт дайшоў да студыйнага запісу альбома. Альбом атрымаўся пераважна лірыка-рамантычнага характару. Да класічнага складу «Recha»: Андрусь Такінданг – домра, голас, Яўген Шурмей – гітара, Віктар Паўлючэня – акардыён, Кастусь Лісецкі – бас-гітара, Леанід Паўлёнак – барабаны – у некаторых кампазіцыях далучыліся спявачкі: Паліна Паланейчык ды Марына Вярэніч, а таксама саксафаніст Аляксандар Арашкоў.

24-га лістапада ў клубе «TNT»  адбудзецца  прэзентацыя альбома гурта Recha «Перайначыць». Да класічнага складу падчас канцэрта далучыцца спявачка «Рэспубліка Паліна», якая таксама прымала ўдзел у запісу альбома.

Кружэлка «Перайначыць» атрымалася мяккай, лагоднай, лірычна-карчомнай. Але сам канцэрт плануецца заліхвацка-танцавальным.

Клуб  TNT, Рэвалюцыйная 9. 19:00

Кавер-фота: Андрусь Такінданг


Юля Сакалоўская 10:07, 19.11.2015 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.