Нямецкі славіст распрацаваў нямецкамоўны сайт-даведнік пра Гродна

Пачынальнік праекту – Андрэ Бём, вядомы нямецкі філолаг, славіст, выкладчык нямецкай мовы і перакладчык беларускай літаратуры. Ён доўгі час працаваў выкладчыкам нямецкай мовы і літаратуры ў БДУ і Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Андрэ Бём шмат падарожнічаў па Беларусі і вырашыў захапіць замежнікаў нашай краінай.


André Böhm. Выява з wikipedia.

Андрэ Бём пражыў у Беларусі 10 год. Гэтым летам вырашыў вярнуцца на радзіму. У 2006 годзе на нашым сайце выйшла першае інтэрв'ю з гэтым вядомым беларускамоўным немцам.

Увосень у берлінскім выдавецтве «Trescher» выйдзе турыстычны даведнік пра Беларусь распрацаваны Андрэ Бёмам.

Сайт www.mein-grodno.eu з'яўляецца вынікам праекта студэнтаў Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пад кіраўніцтвам нямецкага выкладчыка.

«Інаватыўны сайт пра Гродна - гэта турыстычны даведнік, з дапамогай якога мы хочам зацікавіць патэнцыяльных наведвальнікаў Беларусі і нашым рэгіёнам. Людзі з нямецкамоўных краінаў знойдуць цікавыя артыкулы пра Гродна, пра гарады, мястэчкі і вёскі, пра выбітнасці, пра гісторыю нашага рэгіёна, пра культуру (музыка, літаратура, тэатр і г. д.).» – распавядае Generation.by Андрэ Бём.

Размешчаныя на сайце матэрыялы адрозніваюцца ад «звычайных» даведнікаў-пуцевадзіцеляў, якія можна купіць у кнігарнях тым, што яны маюць суб'ектыўнае адценне: у тэкстах студэнты прадстаўляюць свой горад і свой рэгіён са свайго асабістага пункту гледжання, яны апісваюць свой край, свае «ўлюбёныя мясціны».

На сайце размешчана і практычная інфармацыя для турыста: дзе пражываць, дзе паесці, музеі, крамы, кінатэатры, тэатры, клубы, грамадскі транспарт, адрасы, тэлефоны і г. д.

«Асаблівасць праекта заключаецца ў тым, што кожны можа ўнесці свой уклад і даслаць мне па электроннай пошце свае тэксты і фатаздымкі. Тэксты, напісаныя на беларускай, рускай, ангельскай мовах, будзем перакладаць на нямецкую мову», – піша Андрэ Бём.


13:30, 10.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.