Прыём прац на Шосты AD.NAK! працягнуты да 8 чэрвеня ўключна

Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! дае яшчэ тыдзень, каб канчаткова вырашыцца з удзелам у Фестывалі, аформіць свае праекты згодна з патрабаваннямі і запампаваць іх на сайце.

Дэдлайн працягнуты да 8 чэрвеня ўключна! Удзел у Фестывалі — бясплатны.

Па стане на 1 чэрвеня ўсяго на намінацыі і конкурсы пададзена больш за 200 работ. Максімальную колькасць працаў, як заўсёды, атрымлівае намінацыя “Графічны і камунікацыйны дызайн” – 68. Таксама шмат праектаў пададзена ў намінацыях “Сацыяльная рэклама” і “Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект”.

Сярод новых намінацый, на якія варта звярнуць увагу ўдзельніка AD.NAK!-2015, — “Маркетынгавая эфектыўнасць”, “Інавацыі” і “Мабільная рэклама”.

Працэс падачы работ на сайце Фестывалю adnak.by сёлета зроблены максімальна простым і зручным! Адначасова з гэтым і тэхнічныя патрабаванні да пададзеных работ сёлета больш строгія! Калі ласка, перш чым запампоўваць работу, уважліва азнаёмцеся з патрабаваннямі да кожнай намінацыі і паднамінацыі.

Нагадваем, што ўдзел у Фестывалі могуць узяць работы, выкананыя ТОЛЬКІ на беларускай мове! Выключэннем з'яўляецца намінацыя "Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект". Да ўдзелу ў ёй прымаюцца рэкламныя і камунікацыйныя праектына любой мове. Аднак у іх аснове мусіць ляжыць “беларуская арыентацыя” - асаблівасці гісторыі, культуры, фальклору, ментальнасці беларусаў.

Таксама сёлета арганізатары вырашылі вярнуць “Конкурс нерэалізаваных праектаў”, у якім могуць узяць удзел крэатыўныя і неардынарныя праекты, не прынятыя кліентам або створаныя для няіснага брэнду.

Партнёр фестывалю кампанія UniversalPress запрашае прафесійных дызайнераў і ілюстратараў, студэнтаў профільных навучальных установаў узяць удзел у конкурсе «Вольны друк на Elevate». У межах конкурсу ўдзельнікам трэба прапанаваць дызайн сучасных беларускіх прынтоў на адзенне. А менавіта распрацаваць новыя беларускія сімвалы, патэрны і арнаменты для брэнду гарадскога адзення Elevate.

А далучыцца да фестывальнага конкурсу “Каша сувораўская” можа ЛЮБЫ назіральны і неабыякавы чалавек! Каб паўдзельнічаць у ім, трэба даслаць фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы, што дэманструе ці выкарыстоўвае памылковыя гістарычныя і культурніцкія стэрэатыпы альбо зроблены супраць усіх канонаў рэкламнай логікі.

Шосты феcтываль AD.NAK! запрашае да ўдзелу як рэкламістаў, так і спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, чые беларускамоўныя праекты накіраваныя на тое, каб зрабіць гэты свет лепшым, і павялічваюць свядомасць людзей у дачыненні беларускай мовы і беларускай культуры.

Генеральны партнёр AD.NAK! другi год запар — кампанія velcom.

Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ!

Канчатковы дэдлайн прыёму працаў — 8 чэрвеня.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адметнай адукацыйнай праграмай прыўдзеле замежных экспертаў — 2 ліпеня.

Асноўная канцэпцыя Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! — «Годны шлях рэкламіста». У цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю — асоба самога стваральніка. Шосты AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

Усе падрабязнасці пра Фестываль, намінацыі і ўмовы ўдзелу ў воркшопах — у адпаведных раздзелах сайта Adnak.by

23:00, 02/06/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0301 seconds.