Новым рэктарам ЕГУ абраны амерыканец Дэвід Полік

Новым рэктарам ЕГУ абраны прафесар Дэвід Полік, які часова выконваў абавязкі рэктара. Кандыдатуру зацвердзіў агульны сход заснавальнікаў.

Пра абранне рэктарам Дэвіда Поліка  паведамляе сайт Naviny.by. Амерыканскі прафесар прыехаў у Вільню год таму і пачаў працаваць прарэктарам і галоўным аперацыйным дырэктарам ВНУ. У кастрычніку ён стаў часова выконоваць абавязкі рэктара ЕГУ пасля таго, як з гэтай пасады сышоў Анатоль Міхайлаў.

Продкі (бабуля і дзядуля) Дэвіда Поліка (David Pollick) паходзяць з Беларусі, але ён не валодае ані беларускай, ані расейскай мовамі. Цяпер вывучае расейскую.

Спіс прэтэндэнтаў на пасаду рэктара ЕГУ уключаў шэсць імёнаў. У тым ліку тры грамадзяне Беларусі, а таксама тры грамадзяне ЗША. 

Да прыезду ў Літву прафесар Полік займаў пасаду прэзідэнта ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: школе Чыкагскага інстытута мастацтваў, каледжы Лебанон-Вэлі, Бірмінгемскім паўднёвым каледжы і Дзяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (аддзяленне ў Кортландзе), дзе быў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Таксама працаваў дэканам факультэта мастацтваў і навук і дацэнтам філасофіі ў Сіэтлскім універсітэце ў Вашынгтоне. 

У біяграфіі новага рэктара ЕГУ нямала цікавых фактаў. Напрыклад, яго гучны сыход у адстаўку ў 2010 годзе з пасады прэзідэнта Бірмінгемскага паўднёвага каледжу пасля серыі бухгалтарскіх памылак і перарасходу фінансаў. Як піша al.com, Дэвід Полік «пакінуў элітную школу гуманітарных навук з глыбокімі фінансавымі цяжкасцямі».

Паводле дадзеных Forbes.com у 2010 David Pollick займаў трэці радок у спісе самых высокааплачваемых прэзідэнтаў прыватных каледжаў ЗША з прыбыткам $2.31 млн.

22:50, 03/04/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0699 seconds.