Студэнцкія аб'яднанні заснавалі ў Беларусі акселератар ідэй

Стваральнікі акселератара «СтудІдэя» апісваюць яго, як праграму ўсебаковай падтрымкі новых, а таксама існуючых студэнцкіх ініцыятыў.

Галоўная асаблівасць праграмы – ментарскае суправаджэнне кожнага праекта, якое забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага ўдзельніка і дапаможа дасягнуць жаданага выніку. Ментарамі будуць выступаць журналісты, юрысты, студэнцкія лідары і іншыя эксперты, якія будуць неабходныя для ўвасаблення ідэі ў жыццё.

«Асноўная задача праграмы – падтрымка дзеянняў студэнтаў і моладзі, якія накіраваны на пазітыўныя змены ў сферы адукацыі ў сваіх ВНУ, горадзе, краіне. Мы можам падтрымаць маладыя ініцыятывы на ўсіх этапах і самымі рознымі спосабамі: ад экспертнага аналізу вашай сітуацыі да падтрымкі вашых дзеянняў рэсурсамі!» – заяўляюць стваральнікі.

Да ўдзелу ў праграме запрашаюць студэнцкія арганізацыі, ініцыятывы і актывістаў. Абавязковая ўмова для ўдзельнікаў праграмы – быць навучэнцам/студэнтам (любой формы навучання) адной з беларускіх ВНУ або быць зацікаўленым у развіцці студэнцтва Беларусі.

Ідэя абавязкова павінна быць рэалізавана ў межах універсітэта, горада ці краіны.

Ідэя павінна падыходзіць па тэматыцы пад адзін або некалькі з наступных крытэрыяў:

  • рашэнне канкрэтных студэнцкіх праблем, паляпшэнне ўмоў навучання (напрыклад, стану навучальных карпусоў і інтэрнатаў);

  • паляпшэнне якасці адукацыі;

  • абарона правоў і прасоўванне інтарэсаў студэнтаў;

  • садзейнічанне развіццю студэнцкага самакіравання;

  • пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў ВНУ/сістэме адукацыі;

  • развіццё незалежных студэнцкіх СМІ (напрыклад, суполак у ВК, fb, студэнцкіх газет).

Для ўдзелу ў праграме падтрымкі неабходна падаць заяўку на сайце studidea.by да 25 сакавіка 2015 года.

13:00, 20/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1083 seconds.