Андрэй Макарэвіч заспяваў па-беларуску

Лідар расійскага гурта «Машина времени» Андрэй Макарэвіч узяў удзел у сумесным праекце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm «Глабальная перазагрузка». Cлавуты музыка запісаў новую версію кампазіцыі «Снег» на беларускай мове ў перакладзе Юрыя Несцярэнкі.

Андрэй Макарэвіч моцна цікавіцца сваімі беларускімі каранямі — ягоны род па лініі бацькі паходзіць з Брэстчыны. Некалькі гадоў таму ён упершыню наведаў тыя мясціны – вёскі Блудзін і Маліч непадалёк ад Бярозы. Цікавіцца беларускай паэзіяй і гісторыяй. Знаёмы з творчасцю Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Анатоля Сыса, Адама Глобуса. Падчас сяброўскага візіту ў беларускую сталіцу лідар «Машины времени» пазнаёміўся з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і атрымаў у падарунак «Краіну Беларусь» з ягоным аўтографам. Андрэй Макарэвіч упадабаў беларускія пераклады сваіх песень, зробленыя Юрыем Несцярэнкам.

У межах праекта «Глабальная перазагрузка» вядомы музыка ўпершыню заспяваў па-беларуску. Новае жыццё атрымала кампазіцыя «Снег», напісаная 38 гадоў таму. Яна была цалкам перазапісаная пры дапамозе беларускага гурта Apple Tea ў новай аранжыроўцы.

«Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на свеце. Калі ў чалавеку ёсць частка беларускага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я вельмі люблю Беларусь! Давайце адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе», – заявіў Андрэй Макарэвіч пасля запісу песні.

Праект «Global Reload» ладзяць грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» і партал Tuzin.fm. Ён з’яўляецца лагічным працягам праектаў «Тузін.Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» і мае сваёй мэтай як узняць інтарэс да сваёй культуры сярод беларусаў, так і пазнаёміць з беларускай культурнай спадчынай замежную аўдыторыю. У межах гэтых праектаў свае песні запісалі такія выканаўцы, як «Воплі Відоплясова», «Мумий тролль», Zdob Si Zdub, Аляксандр Рыбак, Алёна Свірыдава, Карл Фрыерсан з гурта De Phazz, Karpatt з Францыі ды іншыя.

Спампаваць песню і пачытаць поўнае інтэрв’ю з Андрэем Макарэвічам з нагоды запісу беларускага «Снегу» можна на сайтах Tuzin.fm і Budzma.by.

 

09:00, 03/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1434 seconds.