«BosaeSonca» сыграе «Самы незвычайны канцэрт»

«BosaeSonca» вядомыя публіцы найперш дзякуючы свайму альбому «Адпусці». На мінулай цырымоніі ўзнагарод Experty.by гэты альбом быў названы «Найлепшым беларускамоўным альбомам года», а сам гурт па версіі ўжо іншай прэміі, «Rock Profi», атрымаў званне найлепшага дэбюту. У працы над наступным сваім рэлізам «BosaeSonca» вырашылі працягнуць партнёрства са студыяй гуказапісу «Everest Media» і захаваць традыцыю студыйных запісаў у фармаце «LIVE».

Па словах музыкаў, наступны рэліз калектыву будзе паўнавартасным канцэртным запісам. Толькі вось сам канцэрт адбудзецца ў студыі гуказапісу. Канцэртную праграму складуць творы ў выкананні толькі двух музыкаў: лідара гурта Алеся Кот-Зайцава і акардэаніста Аляксандра Ясінскага. Апошні, дарэчы, даўно сягнуў за межы свайго інструмента, выкарыстоўваючы як у працы з гуртом, так і ў сольных выступах гітару, ударныя і клавішныя інструменты.

«Дуэтам з Аляксандрам Ясінскім мы гралі ўжо не раз, — кажа Алесь Кот-Зайцаў, — і заўжды гэта гучыць іначай, чым выступы з поўным складам гурта «BosaeSonca». Цяпер мы вырашылі запісаць live-рэліз, дзе ўся музычная праграма пабудаваная толькі на двух музыкантах. Эксперыментальнасць гэтай ідэі ў тым, што запіс гэты будзе адбывацца падчас канцэрту ў студыі гуказапісу, у прысутнасці самых адданых нашых слухачоў. Мы можам запрасіць вельмі няшмат людзей праз абмежаваную прастору студыі, але гэтая камернасць і нават інтымнасць супадае са зместам праграмы, яе настроем і характарам. Кожны ўдых і кожны гук мусіць быць заўважаным».

У праграму канцэрта ўвойдуць як песні з папярэдніх альбомаў — “Адпусці” і “Залаты”, перааранжаваныя ў фармаце дуэта, так і новыя творы музыкаў. Эксклюзіўны студыйны канцэрт гурта «BosaeSonca» адбудзецца пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» 1 сакавіка а 20-й гадзіне ў студыі «Everest Media».

Падрабязную інфармацыю пра мерапрыемства можна атрымаць па тэл. +37529 279-63-39, +37544 579-63-39 альбо праз суполкі гурта ў сацыяльных сетках.

13:00, 19/02/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1317 seconds.