Вуліцы Кіева праз год пасля

Юля Сакалоўская распавядае фотаздымкамі пра тое, што адчуваеш на вуліцах Кіева роўна праз год пасля пачатку гістарычных пераменаў, якімі Украіна змяніла не толькі сябе, але і свет вакол.

Год таму некалькі дзясяткаў студэнтаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў выйшлі ў цэнтр Кіева, каб распачаць акцыю пратэсту ў знак нязгоды з раптоўнай зменай палітычнага курсу краіны. Урад Януковіча пад ціскам Пуціна перадумаў падпісваць пагадненне пра Асацыяцыю Украіны з ЕС, шлях да якога рыхтаваўся доўга і быў не простым для краіны. Распачаўся Еўрамайдан. Праз год Украіна жыве без Януковіча, але з акупаванымі войскам суседняй краіны рэгіёнамі і ў абароне ад неаб'яўленай подлай вайны Масквы супраць Кіева.

Адным з ключавых паведамленняў, якія вывелі людзей на вуліцы Кіева год таму, быў пост журналіста Мастафы Наема. Праз год Мустафа яшчэ больш перакананы, што трэба было выходзіць і спасылаецца на сумны досвед Беларусі.

«Мы маглі згубіць пакаленне і будучыню.

Я ніколі не забуду тое, што пабачыў у 2010 годзе на вуліцах Мінска: азвярэлы АМАП, раздробленыя зубы, сотні арыштаваных і тысячы, што прайшлі праз камеры цягам 20 год. Гэта тое, што нам рыхтавалі. Мы згубілі шмат светлых жыццяў, якіх па праву можна назваць героямі. Тых, хто нагадаў нам, што слова з дзяцінства, якія згубілі свой сэнс, пра чэснасць, гонар і гераізм – гэта не абстрактныя паняцці, а рэальнасць. Але, каб мы не асмеліліся, то згубілі бы больш. Гэта была не проста барацьба супраць «чужых», гэта была бітва з уласным страхам перад тым, хто мацней. Нам удалося зрабіць тое, чаго дагэтуль не могуць зрабіць пакаленні ў Расіі і Беларусі – мы заразілі ўладу страхам перад грамадствам, а не наадварот».

Сёння ў Кіеве ўсё думаеш аб тым, як не хочацца адчуць, што такое вайна на тваёй роднай зямлі. Гэта тое, што ўсё ж складана зразумець, покуль яно не кранецца асабіста цябе. У паветры лётае страх. Але людзі жывуць, працуюць, усміхаюцца. І лічаць, колькі суайчыннікаў пайшло з жыцця.  


Юля Сакалоўская 13:09, 24.11.2014 | Дзённік Юлі Сакалоўскай |




comments powered by Disqus
 
In 0.0553 seconds.