У чым выгода рабіць свой бізнес па-беларуску распавядае студэнт з Кракава, які возіць мэблю з Балі

Зміцер Солтан

У свае 28 год Зміцер Солтан з Наваградку яшчэ студэнт і спыняцца вучыцца не збіраецца. Хлопец нарадзіўся калісьці на Камчатцы, навучаецца цяпер у Польшчы, але заснаваў у Беларусі свой бізнэс з экзатычным таварам і беларускімі акцэнтамі.

Захапленнем Змітра з'яўляецца класічная музыка. Але лёс завёў яго спачатку ў эканоміка-юрыдычны каледж у Баранавічах, а потым на факультэт права і адміністрацыі Ягелонскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ў Кракаве Зміцер займаўся таксама і вывучэннем беларускага ды польскага рынкаў.

«Я сябе з Польшчай ніколі не звязваў. У Польшчы ёсць палякі. Гэта іх зямля, гэта яны там жывуць, і яны там усё цудоўна разумеюць. Яны будуюць Польшчу.

У Польшчы вельмі вялікая канкурэнцыя. У Беларусі канкурэнцыі няма абсалютна. Дзевяностыя тут яшчэ не прайшлі, як і ў Расеі, як і ва Украіне. Зараз тут, канешне, няма розных бандзюкоў, што з аўтаматамі фуры рабуюць, але ўсе гэтыя палітычныя і эканамічныя працэсы – гэта яшчэ 90-я. Таму канкурэнцыі няма, як і не было яе ў дзевяностыя. Узяць да прыкладу Менск – толькі нядаўна пачала развівацца інфраструктура, сталі адкрывацца новыя розныя кавярні. Раней, вось яшчэ ў 2006 годзе іх не было. Прайшло ўжо 20 год пасля развалу саюза, і толькі цяпер пачало нешта варушыцца».

Уласны бізнес не быў адмысловай марай Змітра. Хлопец і зараз разважае, чым сапраўды па жыцці жадае займацца. Калі спатрэбілася крыніца даходу на час навучання, то ідэя стаць індывідуальным прадпрымальнікам спадабалася:

«Не хочацца працаваць на некага, хочацца самастойнасці і адчуць гэтую самастойнасць. Лепшая крыніца такой самастойнасці – мець уласны бізнес, за які ты адказваеш, які ты развіваеш. І гэта добры досвед на ўсё жыццё».

Малады прадпрымальнік вырашыў заняцца гандлем высакароднай мэблі з масіву чырвонага дрэва, якую ўручную вырабляюць на выспе Балі.

«Недзе паўтары гады я вывучаў рынак, шукаў, чым можна заняцца. Мэбля гэта і экалагічна і прыгожа. А, калі яна з Балі, то яшчэ і экзатычна.

Для ўсіх кліентаў важна і ўсім цікава, адкуль мая мэбля і як яе стваралі. Гэта мэбля на замову. Я працую наўпрост з прыватнай мануфактурай».

Галоўная старонка сайту інтэрнэт-крамы mebli.by сустракае беларускай мовай. Беларускія акцэнты у бізнесе Зміцер тлумачыць прагматычным падыходам і грамадскай місіяй:

«Я за няшчадную эксплуатацыю беларускай мовы. Эксплуатаваць у чыста камерцыйных мэтах, каб цябе піярылі адпаведныя выданні. Па-другое, гэта канешне прасоўванне беларускай мовы.

Беларускамоўнасць выбіваецца з кантэксту. Прастора тут рускамоўная, а калі нешта з яе выбіваецца, то яно і прыцягвае ўвагу. Для беларускамоўных у мяне зніжкі. І калі нехта будзе адмыслова размаўляць па-беларуску, каб набыць нешта больш выгодна, то я вельмі вітаю такую папулярызацыю беларускай мовы».


Юля Сакалоўская 08:10, 27.10.2014 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0571 seconds.