У дзень студэнта ў БДУ зьмянілі рэктара

Паводле загада А.Лукашэнкі (ён прызначае ў нас ўсіх рэктараў), Александар Казулін зьняты з сваёй пасады кіраўніка буйнейшай вну ў Беларусі. Як паведаміла Белта, гэта адбылося з падачы генеральнага пракурора Шэймана, які нібыта папрасіў прэзыдэнта прыпыніць паўнамоцтвы Казуліна ў зьвязку з падзеямі вакол прадпрыемства "Унидрагмет БГУ".

Нагадаем, што некалькі дзён таму ў СМІ зьявілася скандальная інфармацыя, што Казулін быццам хаваецца ад пракуратуры і зьнік у невядомым кірунку. У прыватнасьці так было заяўлена на беларускім тэлебачаньні. Але ж ужо праз некалькі гадзінаў радыё "Свабода" атрымала інтэрвію ад Казуліна, які на самой справе знаходзіўся ў сваім кабінэце на працоўным месцы. Ён заявіў, што будзе змагацца з кампаніяй дэскрэдытацыі, што пачалася супраць ягонага імя і, магчыма, будзе зьвяртацца ў суд. Але цяпер стала вядома, што Казулін сапраўды верагодна трапіць у суд, адно толькі ўжо як падазроны ў крымінальнай справе па выкраданьні золата.

Прэс-цэнтар рэспубліканскай пракуратуры паведаміў, што ў дачыненьні да Александра Казуліна вынесеная пастанова аб прызнаньні яго падазроным і абраная мера стрымліваньня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе. На працягу 10-ці дзён яму павінна быць прад'яўленае абвінавачаньне. На пачатку ж праходзіла інфармацыя, што ён вышукваўся як сьведка.

Цікавы той факт, што навіну аб сваім звальненьні Казулін атрымаў у часе штогадовай сустрэчы са студэнтамі з нагоды Дня студэнта. Кажуць, што ён быў вельмі ўсхваляваны і расчуліўся. Але ж засьцярог студэнатаў ад магчымых выступаў у яго абарону.

Выступаць за Казуліна большасьць студэнтаў канешне б не пайшла, але з прыходам новага рэктара адносна вольныя часы ў БДУ хутчэй за ўсё зьменяцца. Варта ўзгадаць хаця б тое, што ў часы кіраваньня Стражава (новы рэктар БДУ, быў міністрам адукацыі РБ у 1994-2001 г.г.), ў Беларусі было ўведзенае прымусовае разьмеркаваньне.

Такім чынам напярэдадні зімовай сэсіі БДУшнікам зайдросьціць не выпадае... 

Юра Сідун 01:00, 18/11/2003
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1319 seconds.