«Ляпісаў» у Пецярбургу праверыла паліцыя, канцэрт адбыўся, але песню «Воины света» гледачы праспявалі самі


Фота з канцэрту ў Вільні

Гурт так і не выканаў сваю самую вядомую песню з апошняга альбому. Раней з’явіліся паведамленні, што выкананне песні «Воины света» было забароненае расейскімі чыноўнікамі.

Канцэрт у клубе «А2» Санкт-Пецярбурга быў апошнім у канцэртным графіку гурта «Ляпіс Трубяцкі», які спыняе існаванне 1 верасня. Перад ім прайшоў маштабны канцэрт на кіеўскім стадыёне «Дынама», а таксама выступ на пляцоўцы віленскага клуба «Loft».

Непасрэдна перад выступам «Ляпісаў» у Пецярбургу выданне fontanka.ru паведаміла, што арганізатары сутыкаюцца з цяжкасцямі. Калі гурт сёння раніцай прыехаў у Санкт-Пецярбург, на чыгуначным вакзале цягнік сустрэла паліцыя. Са спасылкай на ананімнае паведамленне, расейскія паліцэйскія пачалі шукаць наркотыкі на месцах, дзе ехалі музыканты гурта. Праверка заняла тры гадзіны. 

Пасля таго, як нічога не было знойдзена, паліцэйскія выбачыліся і папрасіліся на канцэрт. Гурт запісаў іх у спіс ганаровых гасцей.

Але на гэтым прыгоды перад канцэртам «Ляпісаў» не скончыліся — напярэдадні выступу з кіраўніцтвам клуба правёў размову супрацоўнік мясцовай паліцыі. Ён выказаў занепакоенасць песняй «Воины света», нагодай для размовы стаў ліст з мясцовага камітэта па законнасці, правапарадку і бяспецы. 

«Чыноўнікі выказалі занепакоенасць песняй «Воины света». Паводле іх уяўленняў, гэта гімн «Еўрамадана», і групе настойліва рэкамендавана не выконваць у Пецярбургу гэту песню», — распавёў выданню «Фонтанка» прадстаўнік клуба «А2».


Ляпіс Трубяцкі выступае на сваім апошнім канцэрце. Санкт Пецярбург, 28.08.2014. Фота: andrushka_spb

На піцерскі канцэрт «Ляпісаў», які стаў самым апошнім у гісторыі гурта, былі распрададзеныя ўсе 3.5 тысячы квіткоў.

Прадстаўнік «Ляпісаў» перад канцэртам паведамляў, што дакладны сэт-ліст фармуецца за гадзіну на выступа, але калі песні «Воины света» ў ім не будзе, то толькі з павагі да клуба «А2», бо гурт распадаецца, а клуб застаецца і можа атрымаць праблемы.

Як пішуць наведнікі канцэрту, выступ «Ляпіса Трубяцкога» пачаўся са спазненнем болей, чым у 40 хвілін, і прайшоў на адным дыханні. 

Пасля заканчэння заля доўга чакала вяртання гурта, спяваючы разам «Воины света», але гурт на сцэну так і не вярнуўся.


Ягор Канапкін 23:45, 28.08.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.1254 seconds.