Сёлета на праграму імя Каліноўскага для вучобы ў польскіх ВНУ набрана больш за 50 беларусаў

На праграму імя Каліноўскага сёлета для вучобы ў польскіх ВНУ набрана больш за 50 чалавек, паведаміла старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей.

Паводле яе слоў, удзельнікамі праграмы сталі рэпрэсаваныя маладыя людзі або дзеці рэпрэсаваных. Рэпрэсіямі лічацца крымінальнае, адміністрацыйнае пакаранне паводле палітычных матываў, штрафы, вобыскі, збіванні, звальненні, адзначыла Кулей. Гэтыя факты пацвярджаюцца пратаколамі, судовымі пастановамі, выпіскай штрафаў і матэрыяламі СМІ. Таксама прымаюцца да ўвагі рэкамендацыі грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, якія пацвярджаюць актыўнасць тых, хто едзе па праграме, або іх бацькоў. 

Як паведаміла Кулей, сёлета з беларускіх універсітэтаў паводле палітычных матываў адлічана 12 чалавек. Гэта было звязана «з удзелам студэнтаў у той ці іншай форме ў мясцовых выбарах, а таксама з публічнымі выказваннямі студэнтаў наконт наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных». 

Усяго за сем гадоў працы праграмы праз яе прайшлі больш як 600 чалавек, большасць якіх вярнуліся ў Беларусь, паведаміла Кулей. Выпускнікі, як правіла, працуюць у прыватным бізнесе.

«Уладкавацца на працу ў дзяржаўныя структуры пасля вучобы паводле праграмы Каліноўскага немагчыма, – сказала яна. – І вельмі кепска, што дзяржава не гатовая выкарыстоўваць патэнцыял выпускнікоў добрых еўрапейскіх універсітэтаў. Гэтыя людзі з'яўляюцца ўладальнікамі кампетэнцый і ведаў, якія могуць прынесці карысць Беларусі. Аднак ўсяму свой час». 

Кулей падкрэсліла, што праграма Каліноўскага – адна з найлепшых у Еўропе прапаноў адукацыйных праграм для беларусаў. Студэнты, навучаючыся ў Польшчы, удзельнічаюць у акадэмічных абменах, таму некалькі семестраў праводзяць ва ўніверсітэтах іншых еўрапейскіх краін і ЗША. 

Праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў была заснаваная 30 сакавіка 2006 года ў Варшаўскім універсітэце прэм'ер-міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны. Першы набор у польскія ўніверсітэты адбыўся ў ліпені таго ж года. Тады на вучобу было прынята больш за 200 чалавек. 

Мэтай праграмы з'яўляецца прадастаўленне магчымасці заканчэння вучобы ў Польшчы студэнтам з Беларусі, якія былі адлічаныя з беларускіх ВНУ, арыштаваныя або з-за палітычных прычын не могуць там вучыцца. Каардынатарам праграмы з'яўляецца Цэнтр вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Набор традыцыйна праводзіцца штогод у траўні—чэрвені.

БелаПАН

23:50, 14/08/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1583 seconds.