Сакрэты DIY ад беларускіх панкаў з вёскі Нарач

Як сабраць беларускамоўны панк-гурт у вёсцы і знайсці там рэпетыцыйную кропку. Сакрэты прынцыпаў музычнага DIY распавядае Мадэст з гурта «Да!Бл…», што збіраў свой гурт напачатку 2000-х, каб запісваць дома альбомы без інструментаў ды грошай. 

«О, БНФ-авец, во!»

«Я слухаў рок. Падабалася тут музыка, тут тэксты. Але ідэальнага не было, і захацелася прыдумаць нешта сваё. Мы з сябрам замуцілі гэтую бадзягу», — расказвае чалавек, якога я з 2007 года ведаю як Мадэста. Ён мае нешта каля 30 год і жыве ў родных мясцінах на Нарачаншчыне, у вёсцы Нарач.

Гурт Мадэста «Да!Бл..» мае каля 10 год, за якія сыграў шмат канцэртаў у розных гарадах Беларусі. Тэксты на беларускай мове, стылістыку адзін з прыхільнікаў назваў «інтэлігентным панкам», а Сяргей Будкін у 2011 годзе сказаў, што «Да!Бл…» падхапілі сцяг, што неслі такія каманды, як :B:N:, «Сьцяна», «Голая манашка», Happy Face, «Тарпач».

Як успрымаюць цябе такога ў Нарачы?

Была фішка: заходжу ў краму ў працоўнай бруднай вопратцы, з будоўлі. Выходзіць дзядзька з крамы: “О, БНФ-авец, во! Я з адным ужо напіўся, з гэтым піць не буду, не-е...” Мяне лічаць БНФ-аўцам і апазіцыянерам.

Хай-хэт і валёнак

Як ў Нарачы знайсці музыкаў?

…Ніяк. 

Але ты знайшоў?

Не знайшоў, а навучыў. Аднаго барабаншчыка знайшлі ў школе, кліч кінулі – гэта ж крута, як у фільме! Гэта быў дзесьці 2002…2004 год.

А адкуль барабаны бралі?

Гэта асобная гісторыя. Карацей, усё пачалося з клубу. Там цётка працуе досыць прагрэсіўная, але добрыя стасункі скончыліся з ёй на тым, што мы напісалі песню “Жрыце”.

Былі ў іх інструменты: электраакустычная гітара, такі ж бас і кавалкі барабанаў: сольнік з парваным тыльнікам, стойка пад сольнік, тамы без пластыкаў і бочка з парваным. Самы вялікі том быў цэлы і не было басовай педалі.

Мы на адзін з верхніх тамоў нацягнулі кавалак скуры, на другі наклеілі 54 слоі скотчу. Гук, канешне, быў ацтойны, гэта такі DIY – проста жэсць.

І самая фішка была – хэт быў як рамонак, педалей было дзьве, на бас-бочку – ніводнай, а трэба было неяк граць. Я прыстасаваў лішнюю хай-хэтаўскую педаль, прыдумаў калатушку з валёнка. Педаль ніяк не мацавалася да бочкі, але ўсё працавала. Гэта была нашая першая ўстаноўка. А з першым барабаншчыкам мы на адным баяне гралі ў музычнай школе.

Рэп-кропка раз: 1,5 х 1,5 м

У вёсцы Нарач у нас было памяшканне паўтары на паўтары метры. Там стаяць было немагчыма, а гітарамі адно адному можна было паразбіваць нюхальнікі. Таму даводзілася сядзець, каб грыфы былі паралельна.

Мікрафон нават быў і ўзмацняльнік з некалькімі ўваходамі, пульта не было дакладна. Але я ў школе захапляўся радыётэхнікай – нешта мы намудрылі.

Вакаліст у вёсцы мусіць быць і інжынерам?

Так, але ж не заўсёды вакаліст – хто-небудзь.

Калі мы гралі ўдвох на гітарах і я спяваў, было больш-менш было чутна. Калі барабаншчык пачынаў мясіць па рамонцы – гэта быў капец, барабаны ўсё глушылі

Пасля мы пачалі рэпаць у клубе на сцэне. Там нават было чутна нешта.

Ці ладзілі там у Нарачы канцэрты?

Так. Прыходзілі мясцовыя, чалавек 15-20 збіралася. Рабілі ў клубе, рэкламу далі… Але тады мы з дырэктарам клуба пасварыліся моцна. Яна, такая-сякая, не падтрымлівала панкаў.

Канцэрт перанеслі на вуліцу, да гаража. Але апарат быў у нас слабенькі.

Рэп-кропка два, альбо Ў чым плавалі барабаны

А яшчэ асобная гісторыя пра тое, як нас з клуба пагналі і не было, дзе рэпаць. А мы ўжо нават апарат падзбіралі. І тады пайшлі да старшыні мядзельскага райпо, мужычок – прагрэсіўны дзядзька, але памёр праз год. Мы з ім праўдамі-няпраўдамі дамовіліся аб бясплатнай арэндзе закінутага бару.

Мы там гралі, але была адна фішка: было сыра, халодна, і ўвесну, калі былі павадкі, пачынала прарываць каналізацыю і ўсё пёрла ў гэты бар.

У нас былі самапальныя прымочкі, усе справы… Мая першая прымочка была з мыльніцы: спаяў усё, кнопачкі паставіў – атрымаўся злы такі дысторшн.

Прыходзім неяк на рэпетыцыю – вясна, добра так… Глядзім, а там па калена вады! Адчыняем, вада выцякае разам з гаўном, барабаны паўзатопленыя, прымочка мая плавае. Растроіліся. Павымалі ўсё, павытрасалі, спаласнулі і панеслі дахаты сушыць.

Пасля гэтага мы зладзілі для барабанаў падмост, як на канцэртах, і калі сыходзілі, падымалі ўсё з падлогі.

А яшчэ там аднойчы быў жасцяны сэйшн: замуцілі фішку «хто галоўны панк», і зразгону двое скакалі плашмя ў тое, што не так даўно вылілася з нашага бару. Яны былі рэальнымі панкамі…

«Падыйшоў момант, калі дзеці і жытло...»

Мы варыліся ў сваім сусвеце. У Мядзел вылазілі, там тусаваліся з гуртом «Цытадэль». Але цывілізацыя была ў нас, і «Цытадэль» нават першы час «пераймалі вопыт» – як што падключалі. Але ў іх было лепш з інструментам – у Мядзелі было больш лабухаў, што граюць на вяселлях.

Быў адзін касячны перыяд: рэпкропкі няма – праз год пасля смерці таго дзядзькі сказалі вярнуць ключы; басіст з’ехаў у ЗША, барабаны парваныя і грошай няма, пластыкаў таксама не было – тады было вельмі туга. Зараз мы пачалі працаваць, а тады было ўсё неяк касячна і складана.

Гэта пасля заробкі падняліся. Мы тады былі малыя, адзін я толькі пачынаў працаваць. Пісаў тады дома першы альбом, 12 ці 13 песень. Nuendo, сэмпліраванне, барабаны на 1 ці 2 мікрафоны, сам граў.

А пасля басіст знайшоўся, барабаны здабылі, і ўсё наладзілася. Басіст знайшоў гараж і там мы рэпалі. Выйгралі фестываль «Ноч ваўкалака» ў Полацку і нам далі запіс.

Музыкі атрымалі магчымасць запісаць тры трэкі на мінскай студыі “Осмас” у кінатэатры “Кастрычнік”, і пасля па трэку на тыдзень, скінуліся ўсім гуртом, запісалі на вялейскай студыі альбом «Эпоха мод», які выйшаў у 2011 годзе, а адзін запіс з «Осмаса» зрабіўся дэма-песняй.

Не скажу, што я хацеў бы стаць культавым рок-музыкам, але хацеў бы займацца, напрыклад, гукарэжысурай. Мне цікавая тэорыя музыкі, кампазітарства. На дадзены момант пішацца крыху, але граць не атрымліваецца: гэтым трэба жыць, а мы падыйшлі да таго моманту, калі дзеці і жытло… Усе праходзяць гэта. 


Ганна Валынец 16:00, 01.07.2014 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.1741 seconds.