На фэсце Бандэрштат намалююць графіці пра беларуска-украінскае братэрства

У межах фестывалю “Бандэрштат” у Луцку з’явіцца графіці, якое будзе адлюстроўваць братэрства украінскага і беларускага народаў.

Якое менавіта графіці будзе намалявана, вызначыцца ў межах конкурсу. Графітчыкі, якія захочуць прыняць у ім удзел, павінны будуць: 1) прадставіць праект свайго графіці; 2) паказаць свае мінулыя працы. Свае прапановы яны павінны выслаць на е-мэйл: info.bandershtat@gmail.com ці ў суполку “Беларускі Бандэрштат” http://vk.com/bel_bandershtat .

Пераможцы змогуць прыехаць на “Бандэрштат” і намаляваць графіці на адной з вуліц Луцка.
У конкурсе могуць прыняць удзел як беларускія, так і ўкраінскія графітчыкі.

Музычны фестываль «Бандэрштат» пройдзе ва ўкраінскім горадзе Луцк з 1 па 3 жніўня 

Мерапрыемства прысвечана памяці нацыянальнага героя Украіны, кіраўніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэры ды ўсіх ваяроў Украінскай Паўстанцкай Арміі. Як спецыяльны госць, на фэсце выступіць беларускі гурт Заточка. Акрамя таго, упершыню для беларускіх гасцей рыхтуецца спецыяльная праграма. Так, напрыклад, у межах фестывалю запланаваныя творчыя сустрэчы з шэрагам вядомых беларусаў. Аператыўна апошнія навіны пра беларускія падзеі на фестывалі можна будзе даведацца на старонцы Укантакце: http://vk.com/bel_bandershtat 

Хэдлайнерамі фестывалю ў гэтым годзе будуць вядомыя ўкраінскія гурты Скрябін, Моторрола, Кому Вниз і Роллікс.

Фэст праводзіць моладзевая арганізацыя «Нацыянальны альянс». Да ўдзелу ў ім запрашаюцца толькі выканаўцы, творчасць якіх мае «праўкраінскі змест». Але для беларускага гурта традыцыйна робіцца выключэнне. Раней на «Бандэрштаце» ужо выступалі Таварыш Маўзэр, Vinsent, Сцяна, Akute і Terrakod.

Акрамя музычнай сцэны, удзельнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з ветэранамі Украінскай Паўстанцкай Арміі і вядомымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі, літаратурная сцэна і шэраг лекцыяў на разнастайную тэматыку, этнічны кірмаш, начны кінасеанс украінскага кіно на паўстанцкую тэматыку, рэканструкцыя бою паміж УПА і НКУС, начныя песенныя вогнішчы і шмат іншага.

13:44, 26/06/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0631 seconds.