Гурт «Мутнаевока» выдаў «Дзень Незалежнасьці»

Гурт «Мутнаевока» прэзентаваў другі паўнафарматны альбом, які атрымаў назву «Дзень Незалежнасьці». Па словах музыкаў, ён гучыць, як маленькая рок-опера, а кавалкі альбома шчыльна звязаныя паміж сабой.

Мутнае вока

— Ідэя нарадзілася перш, чым сам альбом, — кажа вакаліст гурта Яўген Змушка. — Яна, як і матывацыя для запісу дыска, палягае ў тым, каб вывесці ўсіх прыгнечаных — падлеткаў, дарослых, людзей сярэдняга ўзросту, летуценнікаў, авантурыстаў, усіх тых, хто жыве кожнае імгненне і дыхае поўнай груддзю, — да прасвятлення, даць больш сілы і прасторы і дапамагчы раскрыць уласны патэнцыял. Песні пра любоў, песні пра бога, песні пра разбітыя мроі і надзеі, ну, і пра тое, што нас усіх аб’ядноўвае.

У альбом увайшлі 14 трэкаў, яго запіс адбываўся ў Мінску, а постпрадакшн — у Маскве. Музыкі кажуць, што на гэтую працу было адведзена шмат эксперыментаў, як у жыцці, так і ў музыцы.

— Спачатку хлопцы баяліся, што ён занадта дэпрэсіўны, але потым гукарэжысёр сказаў: «Чаму дэпрэсіўны? Песня „Малінавы настрой“ увогуле вясёлая, пад яе танчыць можна», — распавядае Яўген. — Вялікі націск быў зроблены на лірыку і канцэпцыю, а не на майстэрства ігры на гітары ці валоданне вакалам. Каб можна было ўзяць гэтую пласцінку, уставіць яе ў прайгравальнік праз гадоў 10–15 і сказаць: «А гэта ж і зараз актуальна!»

Гурт «Мутнаевока» актыўна дзейнічае з 2009 года. Дэбютны альбом музыкаў «Пошлы гламур» выйшаў у 2010 годзе. У актыве гурта таксама два EP — «Усе мае сябры» (2011) і «Ліхаманка» (2012). Гурт «Мутнаевока» браў удзел у буйных фестывалях «Рок за бобров», «Соседний мир», «Рок-млын», выступаў на адной сцэне з гуртамі The Rasmus, Noize MC, «Animal Джаz» і іншымі.

Альбом прэзентаваны на сайце Ultra-music

Канцэртная прэзентацыя альбома «Дзень Незалежнасьці» адбудзецца 22 траўня ў клубе Re:Public. Пачатак у 19:00. Квіткі: 70 000 (танцпляц, першыя 100), 80 000 (танцпляц, папярэдне), 100 000 (танцпляц, у дзень канцэрту), 120 000 (месца за столікам). Даведкі: +375 29 1103535. 

16:25, 19/05/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.2801 seconds.