На першых «чэмпіянатных» выходных самай культурнай падзеяй беларускай сталіцы стаў II Мінскі міжнародны форум вулічных тэатраў, які праходзіў у Верхнім горадзе.
Пакуль частка людзей і турыстаў пілі піва пад «хакейныя» спевы выканаўцаў беларускага нэа-фольку, аўдыторыя, якая лічыць сябе культурнай, ды выпадковыя мінакі цягнуліся ў Верхні горад.
У першы дзень фестывалю мінчукоў і турыстаў каля Ратушы было заўважна больш. Гэтаму спрыяла надвор'е і яшчэ свежы энтузіязм замежных гасцей.
У наступны дзень сітуацыя змянілася і агульны настрой спаў разам з колькасцю турыстаў, якія адпачывалі пасля бурных першых дзён.
Што думаюць ўдзельнікаў мерапрыемстваў у Верхім горадзе аб тым, як спалучаюцца паміж сабой турысты і культурнае жыццё горада?
Залатая статуя, тэатр «Жывыя статуі»
«Я тут другі дзень. Людзей падыходзіць да нас вельмі шмат, але турыстаў, насарэч, не вельмі многа. Мы ім падабаемся, яны добра на нас рэагуюць. Але былі такія, хто думаў, што мы пачнем скакаць, а некаторыя сапраўды лічылі нас нежывымі, хацелі ў нас чым-небудзь тыкнуць ці паказытаць».
Смерць, касплэер:
«Замежнікі адэкватна на нас рэагуюць, што вельмі прыемна. Да нас часта падыходзяць фатаграфавацца, здаецца, касцюм смерці, але падабаецца».
Аляксандр, чалавек з манетамі:
«Я тут трэці дзень, нам дазволілі стаяць толькі падчас Чэмпіянату. Падыходзяць, у асноўным расейцы. Людзям падабаецца рабіць манеты сваімі рукамі, гэта як аттракцыён. Але для беларусаў гэта дарагавата, а замежнікам не вельмі цікава. Хаця латвійцы падключыліся: учора перамаглі, настрой падняўся, так што і актыўней сталі. У цэлым, больш турыстаў — больш грошай».
Галіна, мастачка:
«Я тут толькі падчас тэатральнага форуму, бо ў мяне карціны цяпер на тэатральную тэму.
Сярод турыстаў больш моладзі, яна энэргічная, маладыя людзі ўсім цікавяцца. Перыядыяна пытаюць, што тут за будынкі. Прыемна, што цікавяцца карцінамі не толькі як сувенірам з Мінску, але і з самога тэатральнага форуму.
Хаця ёсць і абыякавыя цалкам. Увогуле, падаецца, у Старым горадзе цяпер цікавей і атмасферней, чым у іншых месцах».
Валанцёры, інфа-цэнтр:
«Такіх інфа-цэнтраў у Мінску некалькі. Звяртаюцца да нас часта, сёння ужо больш за 50. Хоць мы даём інфармацыю і пра горад, канцэрты, архітэктуру, але цікавяцца, у асноўным, як куды прайсці, як знайсці краму. Хаця бываюць і тыя, хто цікавіцца мерапрыемствамі».
Васіліса, адзіная ў народным строі:
«Я была тут і ў мінулыя выходныя. Хоць і прапаноўвалі перабрацца бліжэй да, напрыклад, Палацу Спорту, але мне тут больш падабаецца, тут весялей.
З пачаткам Чэмпіянату нічога не змянілася. Многія пытаюць пра нацыянальны строй, народныя традыцыі, але гэта, у асноўным, нашыя ці расейцы. Бываюць замежнікі, але на фоне інтарэсу нашых, іх інтарэс не вельмі заўважны. Усе прыязджаюць, у асноўным, на хакей».
Саша, вулічны музыка:
«Я расеец, рускі. Жыву тут некаторы час. Паграць сюды прыйшоў упершыню. Усё, што звязана з хакеем — не маё. Гэтая тэматыка мяне не закранула. Турыстаў увогуле не вызначаю, не ведаю, хто турыст, а хто мясцовы. Я цікаўлюся толькі тым, што тут адбываецца, тэатрам».
На Мінскі форум вулічных тэатраў з'ехаліся калектывы з Беларусі, Польшчы, Славеніі, Расіі, Украіны і Кубы, яны выступалі на пяці пляцоўках у Верхнім горадзе цягам 10 і 11 траўня.