Салідарная Варшава

Раніца пятніцы 11 красавіка, дзесяць чалавек сабраліся разам у маленькім пакойчыку непадалёк ад цэнтру Варшавы і робяць канапкі. Прадуктаў шмат, праца кіпіць. Валанцёры працуюць зладжана, нібы фабрыка Генры Форда — нехта нарэзвае агуркі, нехта кроіць булкі, хтосьці намазвае масла. Дзве гадзіны і 250 канапак гатовыя, каб падсілкаваць гурты Amaroka, Maleo Reggae Rockers, Kozak System, Ляпіс і іншых гасцей і валанцёраў фестывалю «Салідарныя з Беларуссю».

У 16 гадзін валанцёры пачынаюць бел-чырвона-белы паход па Варшаве, раздаючы ўлёткі і усміхаючыся мінакам.

А 19-й разагрэтыя рок-панкі з гурту Аmaroka выходзяць на сцэну і пачынаюць падаграваць пакуль нешматлікую публіку. У гэтым годзе Салідарны канцэрт падтрымлівае таксама і братоў украінцаў, якіх, здаецца, тут недзе палова.

Трохі пазней на сцэну выходзіць польскі гурт Maleo Reggae Rockers. Варта адзначыць, што гурты, якія выступаюць на восьмым ужо канцэрце салідарнасці ў Варшаве, таксама выступалі ў лютым у Кіеве, калі адбываліся пратэсты на Майдане. Сёння яны салідарныя з Беларуссю, у дзень трэцяй гадавіны выбуху ў менскім метро.

Пасля Maleo Валярына Кустава выходзіць чытаць свае вершы пра самае важнае: свабоду, вольнасць і жыццё.

Адразу па ёй пачынаецца «аб'яднаны» польска-украінскі дуэт Maleo і Kozak System, якія спяваюць песню Брат за Брата, нібыта нагадваючы, што ўкраінцам, таксама як і беларусам, у гэты момант патрэбна падтрымка. Паміж шэрагамі гледачоў нечакана з'яўляецца чалавек у масцы АРЛ, які з усімі жадаючымі танчыць за дэмакратыю.

Пад канец, каля дзевятай гадзіны ўвечары каля сцэны ўжо прысутнічае некалькі тысяч беларусаў, украінцаў і палякаў. На сцэну выходзіць хэдлайнер сёлетняй вечарыны — Ляпіс Трубяцкі. Часамі здаецца, што ўся Варшава грукоча і танчыць пад словы з «Грай» і «Маніфест».

Але ўсё добрае сканчаецца раптоўна. Музыкі разыходзяцца па палатках, некалькі чалавек з надзеяй чакаюць на аўтограф, альбо відэасэсію з Міхалком, але, відаць, не ў гэты раз. Галоўны герой вечару пад крыламі ахоўнікаў садзіцца ў таксі і едзе ў невядомым для нас напрамку.


Аляксей Нарко 16:00, 13.04.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0461 seconds.