Хакель-джакель. Напрыканцы словаў

Лёня Паўлёнак
Фота: Юля Сакалоўская

21 лютага у новым рок-клюбе «Піраты» падчас сумеснага канцэрту з гуртом «PLUM BUM» адбылася прэзентацыя новага кліпа гурта «Нагуаль» на песню «Хакель-джакель». Гэтае бадзёрае мерапрыемства пашчасціла наведаць тым, хто здолеў адшукаць новы клуб у самым сэрцы працоўнага раёну, бо у будынку Ізраільскай амбасады ён пакуль што не абазначаны аніякай шыльдачкай, затое ёсць манументальныя дзверы з чырвоным святлом. 

Адно з першых пытанняў, якое чапляе тых, хто чуе творчасць Лёні Паўлёнка— мовы яго спеваў. Сам музыка адказвае на яго па-рознаму: «Гэта – мова флоры й фаўны», «…протамова», «…неалагізмы». Калі-некалі прыдумляе нейкую дзівосную народнасць. Таму, хто чарговы раз задаў пытанне пра мову «Нагуаль» застаецца толькі прамармытаць «ммм…тады ясна».

І сапраўды – што тут незразумелага. Вы калі-небудзь траплялі ў такі стан, які цалкам немагчыма вербалізаваць? Усе мовы здаюцца недасканалымі. У казцы пра дзіўную няньку Мэры Попінс немаўляткі мелі магчымасць разумець птушак, жывёл, раслінак. Але як толькі пачыналі авалодваць першымі словамі чалавечай мовы, чароўная здольнасць гублялася.

Ці рэальна гэта – быць зразумелым і разумець, не выкарыстоўваючы звычайную чалавечую мову? У лінгвістыцы лічыцца, што мысленне прывязана да мовы, якой чалавек валодае. Але вялікі досвед чалавецтва у мастацтве, у музыцы не дае нагоды для сумневу, што не ўсе працэсы праходзяць толькі ў яе межах. Творца ідзе далей, не задавальняецца тым, што прапаноўвае чалавечая мова. І заўсёды знаходзяцца тыя, хто намагаецца перакласці вобразы ды ноты на зразумелыя словы. Звычайна мы называем іх крытыкамі.

Фанемнае спяванне, што пераймае гучанне музычных інструментаў, бярэ свае вытокі з джазу. Але спяванне Лёні Паўлёнка не мае мэты быць падобным да інструменту. Песні самадастатковыя, у іх дастаткова лёгка вылучаюцца слупкі і прыспевы. Можна нават вырашыць, што гучыць нейкая замежная мова у залі, дзе няма яе носьбітаў. Таму шырока выкарыстоўваюцца сродкі невербальнай камунікацыі (эмацыйная выразнасць голасу, пашыраная жэстыкуляцыя ды міміка, якая перадае нам сэнс). Але у цэлым свеце не знойдзецца перакладчыка мовы гурта Нагуаль. Фронтмэн на канцэртах часам дае свае асацыятыўныя шэрагі у якасці тлумачэнняў: «У песні “Абрыкосавыя калідоры” мне бачыцца такая карціна: ноч, поўня, вялізная сенажаць з травой у пояс, ды касцы не спешна махаюць косамі. І так хораша ад гэтага…»

Песня «Хакель-джакель», па словах Лёні, пра містычны аднайменны напой. І пра стан, які ён нясе – унутранае вызваленне, перараджэнне, выбух стыхійнага пачатку. Я не буду прапаноўваць свой пераклад гэтай песні, таму што у гэтым проста няма неабходнасці. І не ў тым сэнсе, што «Гэй хлопцы, папаліце травы з нашага куста, тады зразумееце». Адчуванне гэтага ў кожнага з нас ёсць яшчэ з глыбокага дзяцінства і без палення. Мы сядзелі ў пясочніцах і разумелі адно аднаго. Толькі трошкі забыліся, як гэта робіцца.

У кліпе «Хакель-Джакель» музыкі штурхаюць са сцэны шалёную энергетыку. Вымушаюць залю апантана танчыць. І ў гэтым няма сфармуляванасці ды ўпарадкаванасці – усё ідзе праз адчуванне самога сябе, прасторы навокал, як дзіцячы лопат, як мова жывёл і раслін, як пачыналася чалавечая мова – тут толькі прага узаемадзеяння, без усялякага аналізу. У кліпе няма харэаграфіі – гэта спантанная мова нутрыны, накшталт афрыканскіх танцаў. Музыкі крыўляюцца, куляюцца, калупаюць у носе, ды усе хорам спяваюць такія загадкавыя на першы погляд словы песні. 


Дар'я Мілеева 10:00, 28.02.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0494 seconds.