Калекцыя «Як чуецца — так і малюецца» дапоўнілася двума малюнкамі

Калекцыя літаральных малюнкаў «Як чуецца — так і малюецца» пра адметнасці беларускай мовы цяпер утрымлівае 12 вясёлых малюнкаў. «Кубачак гарбаты» ды іншыя штодзённыя беларускія выразы, якія ўяўляюцца зусім інакш у літаральным сэнсе, малюе ілюстратарка Воля Кузьміч. Праект, які стартаваў улетку з публікацыі аўтарскіх малюнкаў і атрымаў вялікую папулярнасць у Сеціве, пазней выйшаў як калекцыя сувенірных магнітаў і паштовак. Сёння на Generation.by прэзентацыя двух новых малюнкаў: «Пытанні паўсталі» і «Вазьмі Волю ў кулак!»

«Абодва новыя варыянты былі прапанаваныя сябрамі і прыхільнікамі праекту. Падавалася, што першыя 10 малюнкаў глядзяцца цалкам самадастаткова і праект ужо завершаны. Аднак уявіўшы, як “паўстаюць пытанні”, тут жа захацелася праілюстраваць гэтую сітуацыю. А “Вазьмі Волю ў кулак” вельмі аўтабіяграфічны і блізкі мне слоган, па выніку атрымаўся самы матывавальны сюжэт у калекцыі», — тлумачыць Воля.

Першая частка з пяці ілюстрацый была прэзентаваная на Generation.by у чэрвені. «Кубачак гарбаты» разляцеўся па сацыяльных сетках, а ўся серыя атрымала тры ўзнагароды на фестывалі рэкламы і камунікацыі Ad.nak! Пасля выйшла другая частка праекту і калекцыя малюнкаў з’явілася на магнітах.


Назоў праекту натхнёны вядомай стэрэатыпнай прымаўкай пра беларускую мову «як чуецца — так і пішацца», што часта зусім не так, як і ілюстрацыі ў праекце, па якіх бачна, што многія звыклыя беларускія выразы далёка не адназначныя.

«Беларуская, як і любая іншая мова з вялікай гісторыяй, мае свае адметнасці і часам вельмі пацешныя, калі ўспрымаць літаральна сэнс некаторых штодзённых побытавых выразаў. Часта сустракаю падыход да беларускай мовы як да кволай моднай кашулі з арнаментам, якая мусіць ляжаць на палічцы і з якой трэба здзьмуваць пыл з сур'ёзным тварам, а апранаць толькі па святах. Аднак мова — гэта і актуальны сродак камунікацыяў, яна блізкая, жывая і адметная. І не толькі "прыгожая і мілагучная", а і шчыра пацешная, па-добраму дзівацкая. Толькі ў нас ёсць кубачак гарбаты, а нагавіцы пасуюць! Такімі рэчамі варта ганарыцца, але і самаіронія не будзе лішняй», — тлумачыла аўтарка пры выхадзе ілюстрацый на сувенірнай прадукцыі.

Калекцыя літаральных малюнкаў «Як чуецца — так і малюецца» аб’яднала 12 рознакаляровых малюнкаў: «Кубачак гарбаты», «Адпускайце бароды!», «Добрая справа», «Мець рацыю», «Хадзем у грыбы», «Нагавіцы пасуюць», «Ехаць на аўтобусе», «Перакладчык дакументаў», «Доктар лекі прапісаў», «Хадзем на піва», «Пытанні паўсталі» і «Вазьмі Волю ў кулак!».

«Літаральныя» магніты паасобку і ўсю калекцыю разам можна прыдбаць у наступных кропках:

Крама дызайнерскіх рэчаў «Ў» (Менск, пр-т Незалежнасці 37а),
Кнігарня «логвінаЎ» (Менск, пр-т Незалежнасці 37а),
Інтэрнэт-крама Імбрык (частка 1, частка 2),
Крама 28 (Віцебск, ГЦ Еўропа, павільён 79)
Замовы на распаўсюд можна накіроўваць на мэйл аўтаркі: animatarka@gmail.com


13:22, 03.02.2014 | ПраВакацыі |




comments powered by Disqus
 
In 0.1369 seconds.