«ЕГУ сёння — фактычна ўніверсітэт гастарбайтэраў»
Высвятленне стасункаў адміністрацыі ЕГУ і выкладчыкаў універсітэта, якія хочуць пераменаў, працягваецца ў беларускіх медыя. Адміністрацыя і платформа за Новы ЕГУ па чарзе дасылаюць заявы ў беларускія СМІ. Гэтым разам Generation.by атрымаў адказ Старшыні Сената Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прафесара Паўла Церашковіча на абяцанні адміністрацыі ЕГУ рэфармаваць жыццядзейнасць універсітэта.
«Рэформы ў ЕГУ ідуць ужо 8 гадоў. Кожны год нешта новае і кожны раз крызіс усё больш выразны. Канкрэтна гэтую рэформу мы абмяркоўваем ўжо паўгады. Ні Сенат, ні прафсаюз яе не падтрымалі. Няма заключэнняў прафесійнай і юрыдычнай экспертызаў. Затое ёсць недавер да тых, хто хоча яе ажыццяўляць», — заявіў Церашковіч.
У мінулым годзе ўніверсітэт ужо перажыў «рэпетыцыю» рэформы: пераход на новую сістэму разліку нагрузкі з скарачэннем заробкаў выкладчыкам, што працуюць на ўмовах пагадзіннай аплаты, на 40-80 % перад самым пачаткам заняткаў. Гэта ледзь не прывяло да прыпынку навучальнага працэсу:
«Мы цудам пазбеглі катастрофы. А сёння адміністрацыя ізноў кажа — давайце паспрабуем! Але хто захоча быць паддоследнай жывёлай у дзіўным эксперыменце? За леташні правал адказнасць на сябе так ніхто і не ўзяў», — растлумачыў Павел Церашковіч.
У гэтай сувязі абяцанні адміністрацыі радыкальна рэфармаваць праект гучаць непераканаўча. Як і яе заявы аб паляпшэнні працоўных умоваў супрацоўнікаў і якасці выкладання.
«Большасць выкладчыкаў ужо які год не мае працоўных кантрактаў і сацыяльна неабароненыя: ні бальнічных, ні дэкрэтных адпачынкаў, ні стажу. ЕГУ сёння — фактычна ўніверсітэт гастарбайтэраў», — адзначае Павел Церашковіч.
Ён падкрэсліў, што абяцаныя працоўныя дамовы і сацыяльныя гарантыі — гэта проста выкананне патрабаванняў літоўскага заканадаўства, пра якое адміністрацыя ўзгадала толькі пад ціскам прафсаюза і са спазненнем на восем гадоў. Таксама прафсаюз ініцыяваў праверку ўніверсітэта літоўскай інспекцыяй па працы.
Не ўсё адназначна і з фінансавымі ўмовамі. Поўны сацыяльны пакет і падтрымку рэлакацыі ў Вільню атрымаюць толькі 13 будучых выкладчыкаў. Умовы працы для астатніх дагэтуль дакладна не агучаныя.
Універсітэт практычна ігнаруе і маральны бок пытання: многія выкладчыкі, абраўшы ЕГУ, страцілі магчымасць працаваць у Беларусі. Замест легалізацыі адміністрацыя прадрыхтавала для іх скарачэнне штата і татальны конкурсны адбор.
Ці прывядзе рэформа да абяцанага павышэння якасці? «Асаблівасць нашага ўніверсітэта ў тым, што многія курсы чытаюць прафесіяналы, унікальныя спецыялісты ў сваёй сферы. Менавіта за кошт гэтага і дасягаецца якасць. Але колькасць такіх выкладчыкаў плануецца істотна скараціць, а курсы перадаць спецыялістам «шырокага профілю», — адзначае прафесар Церашковіч.
У кіраўніцтва няма адказу і на пытанне, ці зможа ўніверсітэт са скарочаным складам выкладчыкаў забяспечыць навучальны працэс? «Прапаноўваюць скараціць навучальныя планы, калі не хопіць выкладчыкаў. Тут відавочнае няведанне сітуацыі. Студэнт, што навучаецца на канкрэтнай праграме, мусіць засвоіць пэўную колькасць курсаў (у Літве гэта жорстка кантралюецца). Інакш ён проста не атрымае дыплом. Студэнт плаціць за навучанне, і адміністрацыя павінна ўзяць на сябе абавязацельствы, каб забяспечыць выкананне паслугі ў поўным аб'ёме», — лічыць Павел Церашковіч.
На думку кіраўніка Сената, «назваць усё гэта рэформай можна толькі для недасведчаннай публікі. Такія «рэформы» у нас ідуць няспынна. Іх вынік — той крызіс ЕГУ, які мы бачым сёння».