Выкладчыкі і студэнты ЕГУ выпусцілі фотаальбом пра Беларусь
Выкладчык курса па фотажурналістыцы ЕГУ Андрэй Лянкевіч выпусціў новы фотаальбом, што складаецца з прац маладых беларускіх фатографаў. У альбом пад назвай «BY NOW. Contemporary Photography from Belarus» увайшлі фотапрацы самога Лянкевіча, а таксама выпускніцы ЕГУ Вольгі Сасноўскай (магістарская праграма «Культурныя даследаванні», выпуск 2013 г.) і студэнта Паўла Кірпікава («Культурныя даследаванні»).
Кніга, што выйшла ў выдавецтве «Kehrer Heidelberg Berlin» пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ (Мінск), будзе прадстаўленая на найбуйнейшым еўрапейскім кніжным кірмашы ў Франкфурце (Германія).
Напрыканцы года фотаздымкі, што ўвайшлі ў альбом, таксама будуць паказаныя ў межах выставаў, якія пройдуць у Берліне і Франкфурце. Фатаграфіі закранаюць тэмы радзімы, штодзённага жыцця людзей, сацыяльнай дакументалістыкі, памяці пра Другую сусветную вайну і нацысцкую акупацыю; таксама сярод іх ёсць эксперыментальныя фотапрацы.
Андрэй Лянкевіч, разам яшчэ з адной выкладчыцай ЕГУ Святланай Паляшчук, выдае часопіс на тэму сучаснай фатаграфіі «Volume», у якім публікуюцца фотапрацы студэнтаў, зробленыя ў Беларусі і Літве.
Андрэй Лянкевіч, Goodbye, Motherland
Павел Кирпікаў, Anarho Tiktura
Вольга Сасноўская, Singleuse