«Купальскае кола»: клубнае фольк-метал Купалле

Першапачаткова гэты фэст планаваўся як open-air з вогнішчамі і пусканнем па вадзе вянкоў, але нешта не склалася, і 5-ае «Купальскае Кола» адбылося 29 чэрвеня ў менскім клубе Republic. На працягу 9 гадзін на адной сцэне выступілі як беларускія гурты, так і госці з Украіны і Расеі, разам з захопленай публікай адзначаючы свята летняга сонцастаяння. Арганізатары пацешылі слухачоў не толькі шыкоўным складам удзельнікаў фэста, але ачышчальным купальскім агнём, хай і прадстаўленым не вогнішчамі, а свечкамі, конкурсам на лепшую купальскую пару, вянкамі, якія дзяўчыны ў традыцыйных строях кідалі захопленаму натоўпу са сцэны, і нават пошукамі легендарнай папараць-кветкі, якую ў той вечар пашанцавала знайсці.

Адкрыць свята выпала этна-фолк-гурту «Guda». Народныя строі, вянкі на галовах і напевы, якія дайшлі да нас скрозь стагоддзі, задалі патрэбны настрой і адкрылі першую старонку дзівоснай, дзікай, паганскай казкі, якая цягнулася да самай ночы. Услед за дзяўчынамі на сцэну выйшаў палескі гурт «Омут», чый хрыплы мужчынскі гроўл у спалучэнні з дзіўна прыгожым жаночым вакалам ужо даўно прыйшоўся да спадобы слухачам, якія да таго часу ўжо захоплена таньчылі пад фолк-метал.

Менскі нэафолк-рок гурт «Рокаш» сваімі меладычнымі песнямі «Дзеці паўночнага ветру», «Ваўкалак» і «Крылы» працягнулі падтрымліваць купальскі настрой, які толькі ўзмацніў малады гурт «Axanit». Нягледзячы на некаторую замешку ў самым пачатку гурт сыграў некалькі вельмі патрыятычных песень.

Следам за імі на сцэне з'явіліся госці з расейскага Яраслаўля — pagan-metal гурт «Стожар». Хлопцы, якія ўпершыню выступалі ў Беларусі, гралі досыць самабытную музыку, якую слухачы не маглі пакінуць без увагі. Драйвовую сумесь фольку ды альтэрнатывы адыгралі музыкі з Брэсту «Terrakod», такім чынам падрыхтаваўшы натоўп да выхаду на сцэну доўгачаканага гурта «Дрыгва». Нягледзячы на праблемы з фанаграмай, хлопцы адыгралі наймагутнейшы сэт, разгайдаўшы і без таго ўжо разгарачаную публіку.

Бурнымі апладысментамі сустракалі мінчукоў «Sontsevorot», якія уз'ядналіся дзеля такога свята і пацешылі ўсіх аматараў folk doom'у сваімі, мабыць, лепшымі песнямі. Не менш увагі слухачы надалі гурту «Forodwaith»: нягледзячы на тое, што хлопцы спяваюць на ангельскай мове, яны натуральна ўпісаліся ў фармат фэсту са сваім melodic death metal і кальчугамі.

Прыемнай нечаканасцю для шмат-каго стаў выступ загадкавых «By Kraj/By Cry», ад чыіх харызматычны вакалістак складана было адарваць позірк, а іх цікавае гучанне раўнадушным не пакінула нікога.

Нарэшце надыйшла чарга хэдлайнераў, і першымі на разгарачаны натоўп абрынулі свайго забойнага «Ярылу» музыкі гурту «Znich». Яны выконвалі як старыя, так і новыя песні і распачалі ў бітком набітай залі форменнае вар'яцтва: слухачы з захапленнем спявалі разам с гуртом, скакалі са сцэны ў натоўп і патрабавалі працягу. І яны яго атрымалі, калі на сцэну вышлі «Litvintroll». Хлопцы жартавалі і адрываліся, пакуль натоўп распачаў слэм, вадзіў карагоды і патрабаваў «Чорную панну». Але, мабыць, самым яркім стала выкананая на біс «Купалінка», якую падхапілі не толькі задаволеныя слухачы, але і сам вядучы фэста Аляксандр Памідораў, які з'явіўся на сцэне пасля выступу "тролей".

Яшчэ адны госці фэсту — украінскі фольк-метал гурт «Тінь сонця» - гралі не толькі свае песні, але таксама кавер на «Twilight Sun» горача любімага многімі гурта «Gods Tower». Музыкі прыемна здзівілі і нават расчулілі шмат-каго душэўным выкананнем «Малітвы» Уладзіміра Мулявіна, назваўшы яе «гімнам вольных беларусаў». 

«Natural Spirit» сталі апошнімі, хто выйшаў на купальскую сцэну ў той вечар, скончыўшы такім чынам музычны марафон, які не пакінуў раўнадушным нікога з прысутных. Пасля сэту з лепшых песень, украінцы на развітанне выканалі яшчэ адзін кавер на «Gods Tower», прымусіўшы слухачоў канчаткова страціць галаву ад захаплення, драйва і адчуванні таго, што нешта сапраўды вядзьмарскае адбывалася ўвесь гэты час.

Болей фота — у фотаблогу «Купальскае кола 2013»

comments powered by Disqus
 
In 0.0704 seconds.