Юля Шаўчук. Адчуваеш такое маўчанне, цябе праводзяць позіркам, а потым пачынаецца


Як ціхі сціплы дзіцёнак з Кобрына стаў эпатажнай акторкай Свабоднага тэатру, якая шакіруе ў грамадскім транспарце беларускіх гопнікаў сваімі дызайнерскімі сукенкамі з Лос-Анджэлесу. Юля Шаўчук — новы герой серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» распавядае пра тое, як на ўступных іспытах у «Кулёк» яе з Маякоўскім затыкалі пяць разоў, пра жыццёвы поспех прыбіральшчыц з «Віталюра», дзіцячы гурток у моргу і новую п’есу пра мух на трупе свінні: Веру, Надзею, Любоў.

Наркадыспансер, сінюгі, карацей — весялуха

У мяне ў пад’едзе наркадыспансер. Там шмат персанажаў можна знайсці, калі чалавек вылазіць з акна і крычыць: «Гадёныши! И не надо мне говорить, что я не купил эту штуковину, но я разберусь! Это называется пы-ле-сос!» Такую херню ўсялякую нясуць, там сінюг яшчэ шмат, карацей — весялуха. Бабулі на лавачках сядзяць, лаўка трэскаецца, яны сядзяць цэлы дзень і ўсё абмяркоўваюць, і алкашы навокал ходзяць. Часам адчыняеш дзверы, адчуваеш такое маўчанне, цябе праводзяць позіркам, а потым напэўна пачынаецца абмеркаванне.  

Першы спектакль у Свабодным тэатры я праваліла — забыла словы

Калі патрапіла ў Свабодны тэатр, для мяне пачалося абсалютна новае жыццё, там нашмат складаней і цікавей працаваць. Калі мы ставім спектакль, мы працуем з ранку да вечара, не тры гадзіны, а ўвесь дзень. Ты сам прапануеш, пішаш, шукаеш. Гэта прымушае цябе думаць, працаваць тваёй галаве, гэта акурат тое, чаго я хацела. Толькі вось першы спектакль у Свабодным тэатры я праваліла — забыла словы. У нашых дзяржаўных тэатрах прынята, што ты акцёр аднаго амплуа. Цябе выкарыстоўваюць як адну фарбу. І гэта ў цябе ўрастае, накладвае такія вялізарныя штампы, вылезці з якіх потым вельмі складана. У РТБД я грала такіх жанчынаў-вамп. А вось за што яшчэ я люблю Свабодны тэатр — там у цябе няма шаблонных амплуа. 

Я б пабаялася сама зрабіць гэты крок

Валодзя [Уладзімір Шчэрбань, рэжысёр Свабоднага тэатра — заўвага Generation.by] мяне даўно запрашаў, але ж я неяк не наважвалася сысці з РТБД. Бо, калі працуеш у дзяржаўным тэатры, у цябе ёсць такі пакет: прыходзіш на працу, атрымліваеш хоць і мала грошай, затое ў цябе там сябры, стабільнасць. І я баялася, што я буду рабіць. І калі б Анісенка [дырэктар і мастацкі кіраўнік РТБД 2000-2012  — заўвага Generation.by] мяне б тады не «папрасіў» сысці з-за інтэрв'ю на «Свабодных новостях», то я б пабаялася сама зрабіць гэты крок. 

«Добра я так ляпнула»

Дакладна памятаю, што ў дзіцячым садку, калі прыйшла сацыяльны педагог і пытала ўсіх, кім яны хочуць стаць, калі вырастуць, я сказала, што прафесіяналам. Я не разумела значэння гэтага слова, але яно мне вельмі падабалася. Выхавацелька расказала маме, а яна мне растлумачыла, што гэта такое і я падумала: «Добра я так ляпнула». 

Суседзі нават не ведаюць, якія яны зоркі

Ніколі не думала, што буду пісаць нешта. А тут, калі прымушаюць твой мозг працаваць, робіцца неабходным запісаць нейкую сціплую думку. Аднойчы прачнулася ад таго, што нейкі мужык на жанчыну моцна крычаў, я не разумела ў чым справа, у мяне быў шок. Абодва п’яныя і кожнае слова было чуваць. Я неяк паставіла дыктафон, запісала, выклала ў ЖЖ. Усім спадабалася, потым Шчэрбань сказаў, каб я не распылялася і зрабіла з гэтага п’есу. Так і атрымаўся спектакль «Животное». Я кожны раз папярэджваю, што ў спектаклі шмат ненарматыўнай лексікі. Неяк хлопчык выйшаў пасля спектаклю і такі асуджальны позірк на мяне кінуў, такі злы, а я толькі ўсміхнулася ў адказ. А суседзі нават не ведаюць, якія яны зоркі. У кагосьці была ідэя іх запрасіць, але яны ж мне тады ўсё жыццё сапсуюць. Мне іх ужо трохі шкада, у жанчыны ўжо пайшоў адваротны працэс, яна не вернецца ў нармальнае жыццё. Калі раней яшчэ задавала нейкі набор пытанняў, то цяпер толькі адно: «Сёння пятніца? Заўтра субота?». А яго — Сярожу, я ўжо не бачу, толькі чую.

«А вообще, идите нахуй»

Я падасылала гэту п’есу на ўсемагчымыя конкурсы. На адным з рускіх конкурсаў яна набрала больш за ўсіх праглядаў, арганізатары пачыталі і пішуць мне: «Прыбярыце мат». Я ім пішу, што не буду нічога выпраўляць — гэта нават смешна, бздура нейкая. Яны некалькі разоў пісалі, там адна нават піша: «Я сама з Брестской области и мне стыдно за свою соотечественницу». А мне не сорамна. Я ім тады напісала: «А вообще идите нахуй» і яны знялі мяне з конкурсу. Але там жа не проста мат дзеля мату.

«П’яных дрэнна гралі. Вам там што, не наліваюць?»

Мне актрыса знаёмая распавядала, што, калі было адкрыццё Купалаўскага тэатра, які так яшчэ і не адкрылі, усіх акцёраў прымусова сагналі. Гадзіну яны чакалі, пакуль прыйдзе прэзідэнт. Потым фанфары, усё такое, з’яўляецца і сядае акурат за спіной маёй знаёмай. У яе ўпала праграмка, дык яна кажа: «Я так баялася паварушыцца, што так і не падняла праграмку, адчуванне, што нейкі Воланд дэ Морт ззаду сядзіць». А калі скончыўся спектакль, ён выйшаў на сцэну і кажа: «П’яных дрэнна гралі. Вось іграеце п’яных, а вочы цвярозыя. Вам там што, не наліваюць?»

Няма больш удзячнага гледача, чым зэк

Мы ездзілі са спектаклем ад РТБД па зонах, была такая акцыя ААН супраць СНІДу. Мне так падабалася, так цікава было. Яны так рагочуць, ім палец пакажы — яны ўжо рагочуць. У нас у спектаклі была фраза «Адзін раз — не підарас», і пасля яе трэба было вытрымаць доўгую паўзу і пачакаць, пакуль яны абрагочуцца. Яны расказваюць, быццам бы яны ўсе нармальныя людзі. Забойца, напрыклад, скажа, што яго пасадзілі за бабра. Але яны глядзяць спектакль з адкрытымі ратамі, няма больш удзячнага гледача, чым зэк. Потым «Браво!» крычаць яшчэ паўгадзіны, быццам ты ім шэдэўр прывёз.  

Мяне затыкалі пяць разоў, але я дачытала да канца

Я спачатку не хацела быць актрысай, хацела быць рэжысёркай. На ўступных іспытах у «Кулёк» чытала Маякоўскага, мяне затыкалі пяць разоў, але я дачытала да канца. У першы раз я не паступіла і пайшла на падрыхтоўчыя курсы, і на другі раз паступіла. Была такая агрэсіўная, маўляў, я з вамі сябраваць не буду, вы ўсе тупыя ідыёты. Потым зразумела, што я сама тупая ідыётка. Майму курсу вельмі пашчасціла, у нас былі лепшыя педагогі, і амаль усе працуюць па прафесіі, што вялікая рэдкасць. Наш курс быў хутчэй такім выключэннем, і я вельмі потым радавалася, што першы раз не паступіла, бо з таго курса ніхто, падаецца, і не працуе па спецыяльнасці. 

«Юлька, чаю мне сделай»

Пасля ўніверсітэту працавала памочнікам рэжысёра ў дзяржаўным тэатры, а потым мяне ўзялі актрысай. Я спачатку так крыўдзілася, што мяне ўзялі памрэжам, гэта было прыблізна так: «Юлька, чаю мне сделай». Я гэта так усё ненавідзела. 

Падатрыся ім

У «Віталюры» прыбіральшчыца атрымлівае больш, чым акцёр дзяржаўнага тэатра. Тваю вышэйшую адукацыю, дыплом можна проста на палічку пакласці, хоць падатрыся ім. Зарабіць у нас на творчасці нельга, можна хіба толькі збяднець яшчэ болей. 

Мы секта і ўвогуле не збіраем народ

Калі Анісенку звольнілі, Ігар Сігоў мне прапанаваў вярнуцца, але я адмовілася. У нас была вельмі смешная сітуацыя. Анісенка цэлы год крычаў: «Мы паедзем у Лондан, мы паедзем у Лондан!» на фестываль Шэкспіра, а я ўжо ведала, што паедзем мы, то бок Свабодны тэатр. А ён хадзіў і камусьці казаў: «А ты не паедзеш, таму што не заслужыў!» І ён так хацеў паехаць, а ім адмовілі і запрасілі Свабодны тэатр. Потым яшчэ беларускі пасол так смешна хадзіў у Лондане да арганізатараў фэста і казаў, што мы секта, што мы ўвогуле не збіраем народ і мы не зарэгістраваны, а яны яму кажуць, што бачылі пастаноўкі і хочуць запрасіць менавіта нас. І, калі я сустрэла неяк Анісенку, ён нічога пра гэта не сказаў, але прамовіў: «Я сачу за тваімі перасоўваннямі».

Сышла з дому 

Аднойчы ў пачатковай школе я атрымала двойку і вырашыла сысці з дому. Бо я так баялася, што мяне мама будзе лаяць. Мы з сяброўкай тады пайшлі па горадзе, абышлі ўвесь горад. Я сядзела ў нейкім садку і рыдала, потым суседка мяне пабачыла, сказала маме. Мама прыйшла і кажа: «Дурная, хіба я калі-небудзь на цябе лаялася з-за адзнак?»

Так хацелася на сцэну

Вельмі любіла Майкла Джэксана, танцы вывучыла. Увесь пакой быў завешаны плакатамі, нават малявала ягоныя партрэты. І я безумоўна хацела быць падобнай. Я вяла дзённік ў школе, а там памятаю надпіс, які я яшчэ абвяла ў чырвоны, што я вельмі хачу зрабіцца вядомай. Мне так хацелася на сцэну, але я разумела, што я не танчу. Я ўяўляла сябе такой сумнай-сумнай Ганнай Ахматавай, якая грае спакойнага Рахманінава на фартэпіяна, абавязкова даўгімі пальцамі. Так хацелася граць на фартэпіяна, але я так і не дайшла да яго. 

Пінкертоны і морг

У дзяцінстве я хадзіла амаль ва ўсе гурткі. Нават наведвала гурток пінкертонаў, там усялякія адбіткі пальцаў здымалі, такі гурток маленькіх крыміналістаў. Прыйшлі ў школу і сказалі, што тыя, хто праходзіць год, наведаюць морг. Мяне гэта зацікавіла, але год я так і не адхадзіла.

Выбіць выбівалкай усё гэтае лайно

Потым пайшла ў тэатральны гурток. Там троху мяне сапсавалі, лепей бы я туды не хадзіла. Гэта шкодна для дзяцей, якія потым хочуць ісці ў гэтую прафесію. Чалавек у прафесію мусіць прыходзіць пустым, тады добрыя педагогі магчыма не сапсуюць, а раскрыюць тваю прыроду. Дзіцёнак у такіх гуртках робіцца ненатуральным, пачынаюць усе крыўляцца. І гэта ўсё так смешна выглядае. А калі чалавек з вёскі прыязджае, ён натуральны і чытае як можа, і ён тады больш цікавей, з ім можна нешта зрабіць. Пасля гурткоў з цябе спачатку трэба выбіць выбівалкай усё гэтае лайно, якое ў цябе запіхалі. 

Каб навучаць — трэба ўнутры нешта мець

Мяне не загоніш палкай у беларускі тэатр. Неяк не веру я таму, што адбываецца на сцэне, занадта шмат пафасу, шмат дэкарацый. Мне падаецца, што праблема менавіта ў рэжысуры, гэтаму тут мала вучаць ды і каб навучаць — трэба ўнутры нешта мець. А ў нас дзеля грошай гэта робяць. Бо рэжысёрам плацяць нармальныя бабкі, а акцёры працуюць за зарплату. 

Я была такой узнёслай

Ніякіх тусовак у мяне ў школьны час не было. Я была такой шэрай мышкай. Калі мне было 12, дзядзя ў гасцях мяне спытаў, ці чытала я Сапфо. А я: «А хто гэта?» і стала так сорамна, што я не чытала Сапфо. Ён мне пачаў даваць кніжкі, у яго была вялікая бібліятэка і я прачытала ўсю класіку. Ад усіх Шэкспіраў мяне цяпер ванітуе, падаецца гэта такая нудота, а тады мне так усё падабалася, я была такой узнёслай. Пры гэтым я любіла цяжкую музыку, але была вельмі рамантычнай. Калі ўжо паступіла, мой сябра пачаў даваць мне нармальную літаратуру, і пасля Сарокіна ў мяне «сарвала башню», я не разумела, што так можа быць, я тады аб’ехала ў стрэсе ўвесь горад і не верыла, што так можна пісаць.

На трупе свінні сядзяць тры мухі: Вера, Надзея і Любоў 

Пішу зараз п’есу «Нятрэба». Дзеянне адбываецца ў вёсцы з такой назвай. Там героі майго дзяцінства, я нават імёны не змяняла. Там ёсць сцэна, напрыклад, дзе на трупе свінні сядзяць тры мухі: Вера, Надзея і Любоў — і размаўляць пра мужчын. Потым прыходзіць бабуля і не заўважае, як забівае Любоў. Няма толькі фінальнай сцэны, я зараз усё думаю, як гэта фінал не сапсаваць. 

«Мяне знайшлі»

Калі Анісенка ставіў «Чайку», я папрасіла ролю Машы і мы паехалі на фэст у Херсон з гэтай п’есай. Мне тады далі лепшую жаночую ролю другога плану. А калі я сыходзіла з тэатра, прыйшла і адрэзала свой дыплом, бо пры Анісенку ў холе віселі ўсе дыпломы. Яшчэ фотаздымкі трупы тэатра. У той час па горадзе праходзіла акцыя па пошуку гаспадароў для бяздомных сабак, а каго знайшлі, на фота сабакі налеплівалі пазнаку «Мяне знайшлі». Я знайшла фота такога рудога сабакі (ў мяне тады былі рудыя валасы), дастала свой здымак з гэтага стэнда і ўставіла туды гэтага сабачку з налепкай «Мяне знайшлі». Забрала свой здымак з дыпломам і сышла з ганарліва паднятай галавой. А на наступны дзень я з’ехала на новую пастаноўку Свабоднага тэатра. 

Ціхі сціплы дзіцёнак з Кобрына

З’язджала я з Кобрына вельмі ціхім сціплым дзіцёнкам, але ўнутры бунтаром. А яшчэ так дзіўна апраналася: у мужчынскай вопратцы, у гальштуку, на Майкла Джэксана быць падобнай хацелася. Дзіўнае адчуванне, калі вяртаешся дадому. Усё застаецца аднолькавым, нічога ўвогуле не змянілася, а людзі старэюць. 

Нават вядоўца «Непутёвых заметок» пракаментаваў

Я прачнулася, так бы мовіць, знакамітай пасля той гісторыі з гопнікамі. Зранку паглядзела Фэйсбук і спужалася. Нават вядоўца «Непутёвых заметок» пракаментаваў, што я малайца. Ведала б, напісала са знакамі прыпынку, а не «цяп-ляп». Я ўвогуле вельмі грунтоўна стаўлюся ды выбару вопраткі, гэта можа быць дзіўна і экстравагантна, але гэта не будзе безгустоўна. 

Такое магло з’явіцца толькі ў нас

У нас такая закрытая краіна, усё нельга. Таму ў музычным плане ёсць шмат унікальных  гуртоў, такога поўнага трэшу. Тая ж «Кассиопея» ці «Петля пристрастия», ды нават РСП, яно б нідзе не стрэльнула б так, такое магло з’явіцца толькі ў нас. Вось самы андэрграўнд ён самы цікавы, але пра яго, на жаль, мала хто ведае. Тая ж самая эстрада беларуская ніколі не збярэ ніякую залю, іх усіх зганяе БРСМ. Учора, дарэчы, бачыла плакат БРСМ «Будь с нами», вельмі смялася. Мы вось былі адзіным курсам, у якім ніхто не ўступіў у БРСМ. Прымушалі, палохалі-палохалі, але так нічога і не зрабілі. 

Тут я адчуваю сябе дома, хоць і ўбога, і карава

У мяне ў дзяцінстве ў галаве была такая тупая савецкая думка, што мне ніколі не спадабаецца Амерыка. Бацька хацеў з’ездзіць, а я ўсё казала: «Фу, Амерыка». І калі я там упершыню апынулася, мне яна так спадабалася, такая цудоўна, розная краіна. Там зусім няма гэтых стэрэатыпных тоўстых людзей. Усе стэрэатыпы — усё хлусня. Але я не хачу нідзе жыць, акрамя Менска. Тут я адчуваю сябе дома, хоць і ўбога, і карава. Я вельмі люблю ездзіць, але я вельмі люблю вяртацца.

«Ваў, цудоўна! Хоць нехта наважыўся нешта зрабіць»

У нас першапачаткова людзі больш злыя і агрэсіўныя, чым за мяжой. Там людзі спакойныя. Усе ў нас зацыкленыя на сабе, усяго баяцца. Усё павінна быць як у людзей. Калі не як у людзей, то гэта праблема, бяда. За мяжой усім насраць на мой выгляд, як толькі сюды прыязджаю — пачынаецца. Калі я дадому еду ў Кобрын, я наогул распускаю валасы і прыхоўваю свае выгаленыя скроні, каб не траўміраваць людзей. Мне падаецца гэта дзіўным, чаму яны так рэагуюць. Гэта ж нармальна, гэта ўсяго толькі фрызура. Я наадварот радуюся, калі бачу нейкіх дзіўных людзей у горадзе, думаю: «Ваў, цудоўна! Хоць нехта наважыўся нешта зрабіць». А ў асноўным неяк сумна, шэра.


Наста Darteco 12:19, 18.06.2013 | Кім я стану, калі вырасту |


Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


comments powered by Disqus
 
In 0.1081 seconds.