«Бармен — гэта такі рамантык, пірат 21 стагоддзя»

Нядзельным вечарам у менскім бары «Кайот» маладыя хлопцы спаборнічалі ў адным з накірункаў барменскага майстэрства — Speed Mix (хуткаснае змешванне). Гэта было адкрыццё серыі тураў сёлетняга чэмпіянату Grandis. Падпаіўшы трохі журналістаў, арганізатары мерапрыемства значную частку прэс-канферэнцыі (яна адбывалася перад пачаткам чэмпіянату) прысвяцілі спрэчцы пра цэны на лікёры беларускіх вытворцаў. Справа ў тым, што ўсе конкурсныя кактэйлі рабіліся з напояў мясцовай вытворчасці, чым бармены і прадстаўнік аднаго з беларускіх лікёра-гарэлачных заводаў спрабавалі пераканаць усіх, што беларускае таксама можна і нават варта купляць. 

Суарганізатарамі спаборніцтваў выступілі школа барменаў Proflair School і цэнтр барменаў Molotov, прадстаўнікі якіх паспелі паскардзіцца на гаротныя заробкі барменаў, аднак пры тым яшчэ і разрэкламаваць прафесію. 

«Я не лічу, што прафесія бармена — гэта нешта складанае і нешта, што патрабуе шмат высілкаў, усе мы робім тое, што нам падабаецца. Мне падабаецца мая прафесія і стараюся рабіць яе добра», — упэўнены Кім, уладальнік аднаго з прызавых месцаў чэмпіянату 2009 года. 

Прыехаўшы ў 2007 з Казахстана ў Менск, Кім збіраўся стаць кардыёхірургам, паступіў у Медыцынскі і, каб зарабляць на жыццё ўладкаваўся ў рэстарацыю. Прафесія бармена яго настолькі захапіла, што да Медунівера хлопец так і не дайшоў. Цяпер Кім з 9 да 18.00 працуе ў офісе, а выходнымі вечарамі бавіць час за барнай стойкай. 

«Я ў ніякім выпадку не ўспрымаю бар як працу. Ходзячы туды, у мяне ўзнікае пачуццё блізкае да эйфарыі. Я не разумею, калі бармены кажуць, маўляў, я 16 гадзін на нагах, рукі баляць, хачу спаць. Гэта нейкае ныццё, я магу і 20 гадзін прастаяць проста таму, што я атрымліваю ад гэтага асалоду»

4 кактэйля і адзін напой мусіў прыгатаваць кожны з васьмі хлопцаў, што прайшлі адборачны тур. На яго, са словаў арганізатараў, мог патрапіць любы бармен з любога гораду. Аднак праз адбор прарваліся 7 менчукоў і адзін гарадзенец Яравы Юры, які яшчэ і заняў другое месца. Трэцяе дасталося Мікіце Гуцу (Bar Shelter), першае — Аляксандру Галоўчэнка (Cafe «Дача»). Прызы пераможцаў: 300$ (1 месца), 200$ (2 месца), 100$ (3 месца). Усе прыгатаваныя кактэйлі спрытна раздаваліся вядоўцамі прысутнай публіцы.  

Праграма чэмпінату Grandis 2013

28 ліпеняJunior Flair (жангліраваннне бутэлькамі)

27 кастрычнікаTrend Mixology (бармены мусяць прадставіць свой аўтарскі кактэйль)

24 лістападаOpen Flair (жангліраванне бутэлькамі, тур з удзелам прафесійных міжнародных барменаў)

Культура барменства сцвярджае, што бармен — гэта не толькі чалавек, які робіць напоі.

«Задача бармена — зрабіць так, каб вам спадабалася. Я магу не мець усемагчымых сертыфікатаў міжнародных школ, але я магу быць добрым чалавекам, і вам прыемна прыходзіць да мяне ў госці, каб паразмаўляць на розныя тэмы. Задача спаборніцтваў 2009 года была менавіта ў тым, каб стаць добрымі людзьмі, навучыцца развівацца, пачаць чытаць кнігі, глядзець правільныя перадачы, размаўляць на правільныя тэмы», — кажа Кім.

Маючы досвед размоў на розныя тэмы, прафесійныя бармены яшчэ і могуць адгадаць характар, зыходзячы з таго, які напой кліент замаўляе. Напрыклад, загадкавыя жанчыны любяць віно, партвейны, лухта з кактэйлямі іх не забаўляе. 

Прафесія бармена часцяком успрымаецца як нешта часовае і прамежкавае. Аднак яна не самая ўдалая падпрацоўка для студэнтаў: значныя фізічныя нагрузкі, змены могуць цягнуцца да 16 гадзін, грошы невялікія (сярэдні заробак бармена — 400$), ды яшчэ і ўладальнік бара можа чаявыя забіраць. І плюс да ўсяго неабходна ўсміхацца і выслухоўваць кліентаў, якія прыйшлі выгаварыцца. 

«Нехта пасварыўся з любімым чалавекам, хтосьці заблукаў па жыцці. Часцяком людзі самі ведаюць адказы на свае праблемы. Проста ім не хапае гэтага моманту разняволенасці, лёгкасці, якія яны атрымліваюць, седзячы за барам. Бармены не псіхатэрапеўты, мы проста пасярэднікі, як гірлянда на ялінцы — ялінка і так прыгожая, а гірлянда яшчэ болей ўпрыгожвае. Для мяне прафесія бармена — гэта такі рамантык, пірат 21 стагоддзя. Мы ўсе людзі, мы ўсе розныя. Тое, наколькі вы цікавы чалавек, будзе адлюстроўваць сутнасць вашай працы», — лічыць Кім.

 

Фота: Юля Fox


Наста Darteco 22:32, 29.04.2013 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1324 seconds.