Выпускніца ЕГУ, дызайнерка Юля Янюк-Казлоўская, зрабіла цікавы фотапраект, які ілюструе беларускія прымаўкі «дзеля папулярызацыі беларускай мовы і культуры, якая пластом ляжыць у кнігах ды энцыклапедыях».
«Мой тата вельмі любіць гаварыць трапныя з’едлівыя выразы. У яго ад дзядулі і прадзядулі тое было. Але ж я зусім не акцэнтавала на гэта ўвагі, успрымала іх як прыколы», — распавядае Generation.by Юля.
Натхнёная бацькам студэнтка задумала праект пра беларускія прымаўкі як курсавую ва ўніверсітэце, а потым ён перарос і ў дыпломную працу выпускніцы кірунку візуальнага дызайну і медыя ў ЕГУ.
«Калі я пачала паглыбляцца ў тэму і знаходзіць тыя выразы, што тата казаў, запісаныя як прымаўкі, у Міхаіла Федароўскага, з пазнакаю, што сабраныя яны ў Ваўкавыскім павеце, скуль тата паходзіць, – быў шок!»
Цяпер Юля працуе дызайнерам у часопісе «Большой», а на рэалізацыю фотапраекта пра беларускія прымаўкі ў яе сышло 9 месяцаў:
«Амаль як дзіцятка вынасіць. Па энэргазатратах, мне падаецца, было прыблізна гэтак жа».
Мадэлькамі для фота былі сябры ды сябры сяброў.
«Іх, дзякуй Богу, у мяне аказалася многа. Нейкія рэквізіты шукаліся праз сацыяльныя сеткі, набываліся. Адна знаёмая аддала прыгожую чырвоную сукенку пад парэзку, бо пачынаўся праект з мэтай, што ў кожным фотаздымку павінна быць чырвоная дэталь, для стылю і колеравай гамы. Для ілюстрацыі прымаўкі “Паволі едзеш – далёка станеш” мы з мужам выправіліся аж у Парыж».
«Гэты праект – спроба паказаць чалавеку багацце беларускай культуры, якое пластом зараз ляжыць у кнігах і энцыклапедыях. Чалавека не трэба заклікаць гаварыць на нейкай мове, ці, што яшчэ горш, прымушаць, прыводзячы розныя аргуманты. Трэба паказаць прыгажосць мовы, паказаць яе годна. Калі я вырашыла працаваць над тэмай “папулярызацыя беларускай мовы”, я разумела, што папулярызацыя павінна быць вельмі натуральнай. Таму куча спосабаў адпала. Мне хацелася зрабіць малюнак як мага больш натуральным, жывым, хатнім, сваім. Без эпатажаў і гламуру, без кітчу. Такім, якім ёсць кожны чалавек унутры».