Таня Арцімовіч. І тут наступае канфліктная зона

Тацяна Арцімовіч

Як Акадэмія Мастацтваў пераўтвараецца ва ўстанову, дзе ў ячэйках БРСМ рыхтуюць кадры «для производства театральных продуктов», чаму беларускамоўны чалавек кожны раз выходзіць на вуліцу быццам на вайну, што рабіць мастацтву, калі «прыгожыя» формы эксплуатуе масавая культура. Тацяна Арцімовіч — тэатральны рэжысёр і рэдактарка партала partisanmag.by — новы герой у серыі Generation.by пра першую генерацыю беларусаў, якая падрастае ў незалежнай краіне, «Кім я стану, калі вырасту».

Калі ў нас 40 тэатраў, давайце ўсе 40 зробім авангарднымі

Калісьці ў нулявых кава «Жакей» падавалася вельмі смачнай, а пазней пачалі з’яўляцца іншыя гатункі і ты зразумеў, што, аказваецца, «Жакей» — поўная лажа. З тэатрам тое самае. Калі ў цябе няма з чым параўноўваць, калі няма глядацкага досведу, бо да нас рэдка прыязджаюць авангардныя тэатры, таму канешне і падаецца, што гэта нармальна. Я ж не заклікаю, што, калі ў нас 40 тэатраў, давайце усе 40 зробім авангарднымі. Ну зрабіце хоць адзін! Амаль усе кіраўнікі тэатраў штогод кажуць: «Зритель на это не пойдёт», на што я задаю пытанне: «А вы спрабавалі?». Кожны раз на спектаклях Свабоднага тэатру аншлагі. Сучасныя тэатры кшталту маскоўскага Тэатра.doc падымаюць грамадскія тэмы. Ёсць пытанне, якое рэзанула грамадства, тэатры на яго рэагуюць. А хіба ў нас не будзе попыту на актуальныя тэмы? Вось, напрыклад, у Цэнтры сучаснай драматургіі заўсёды на чытках поўныя залі і кожны раз палова гледачоў кажа: «Я и не знал, что театр может быть таким».

Гэтае «ў нас нічога няма» стала ўжо фактычна знакавым

Вельмі дзіўна для мяне, як працы беларускіх аўтараў успрымаюцца сваімі ж, гэта нейкі феномен гэтага месца. Людзі не жадаюць бачаць сваіх культурных герояў. І гэтае «ў нас нічога няма» стала ўжо фактычна знакавым, але яно абсалютна не вызначае нічога, нават у перыяд нулявых. Добра, што гэты міф паціху пачынае сыходзіць. У нас ёсць цікавыя музыкі, мастакі, рэжысёры.

Пахераная мара

У шэсць год я паглядзела фільм «Анна Павлова» і так уразілася, што сказала маме: «Усё, я буду балерынай!» Трапіла ў балетную студыю былой салісткі нашага балетнага тэатру. Наступіў чацвёрты клас, пасля якога трэба было паступаць у каледж. Я пайшла на першы адборачны тур, мяне паглядзелі і сказалі: «Шырокая костка, балерыны з цябе не будзе». Складана было прыняць такі вердыкт, былі слёзы, доўгі перыяд не магла глядзець балетныя спектаклі, праязджаць без слёз каля каледжу. Нейкі час яшчэ займалася ў студыі, але мара была пахерана.

Рэвалюцыя

Пачаўся перыяд юнацкай самаідэнтыфікацыі, пайшлі нефармальныя тусоўкі. Гэта павінна было здарыцца. У школе я была выдатніцай і малайцом, але ўнутры адчувала, што нешта не пасуе, што хочацца рабіць тое, што «маладзец» быццам не мае права рабіць. І адбылася рэвалюцыя: спачатку грандж, які перайшоў у панк, потым прыйшло захапленне больш важкімі музычнымі накірункамі. Але я працягвала заставацца выдатніцай, і гэта мяне ратавала, бо, калі былі нейкія пытанні наконт паводзін, то пісалі нешта ў дзённік, але далей справа не ішла: усе ж пяцёркі, што тут зробіш. Для мяне гэта было важна, была такая амбіцыя — быць у авангардзе.  

«Клічце мяне спадар Серж»

У дзявятым класе нам выкладаў беларускую мову і літаратуру найцудоўнейшы чалавек, які адкрыў нам ўвогуле ўсю беларускую культуру. Бо звычайна беларуская мова і літаратура ў школе — гэта такі «савок», вёскі ды бярозкі. А настаўнік наш адразу прыйшоў у такім шаліку, накінутым на еўрапейскі манер, і сказаў: «А чаго вы ўсталі? Сядзіце. Клічце мяне спадар Серж». Ну, мы, канечне, адразу ў яго і закахаліся. Ён нас вучыў лацінцы, Міцкевіча ў арыгінале чытаць напамяць, пісалі эсэ па артыкулах Сяргея Дубаўца і Валеркі Булгакава з «Нашай Нівы», чыталі Ігара Бабкова.  

Дзевачка на рэжысёрскае аддзяленне — гэта неяк дзіўна

Напрыканцы 10-га класа я вырашыла, што пайду ў Акадэмію мастацтваў і больш нікуды. З першага разу на бюджэт не паступіла, але гэта было нармальна: дзевачка пасля школы на рэжысёрскае аддзяленне — неяк дзіўна. Год працавала нянечкай у дзіцячым садку. Я не магла з дзецьмі будаваць стасункі па вертыкалі, таму вельмі часта адбывалася так, што мы плакалі адно ад аднаго: яны выкідвалі чарговы брык, я не вытрымлівала і прымала жорсткія рашэнні, потым мы мірыліся. 

Раптам пачалі арганізоўвацца нейкія ячэйкі БПСМ

Мы праводзілі ў Акадэміі з раніцы да 12 ночы сем дзён на тыдзень. Нічога навокал больш не існавала. Але потым неяк усё пачало змяняцца. Я наогул застала заняпад менавіта той легендарнай Акадэміі. Раптам пачалі арганізоўвацца нейкія ячэйкі БПСМ, пачалі забараняць спачатку прыходзіць займацца ў нядзелю, потым пачалі казаць, што ты павінен сысці з Акадэміі не пазней за дзевяць гадзін вечара. Зразумела, афіцыйна і раней было нельга заставацца дапазна, але ўсе ведалі, што Акадэмія — спецыфічная ВНУ, там людзі застаюцца не таму, што яны хочуць пабухаць, а таму што займаюцца працай. 

Кадры для «производства театральных продуктов»

Неяк выклікалі мяне ў дэканат і сказалі: «Ты стараста курса, мусіш уступіць у БРСМ». Я сказала, што не буду. У нас было шэсць чалавек на курсе, мы ўсе адмовіліся, а паколькі ўсе былі менчукі, прыстрашыць пазбаўленнем інтэрната не маглі. Але гэта ўсё я зразумела пасля, бо тады была яшчэ юнай, не разумела, што адбываецца, толькі Чэхаў і тэатр навокал. Так паступова Акадэмія ператварылася ва ўстанову, дзе рыхтуюць кадры для «производства театральных продуктов». Змены ў Акадэміі супалі са зменамі ў краіне, ва ўсіх установах пачалася бюракратызацыя і гэтая «бульбатызацыя». Калі ў творчай ВНУ прымушаюць уступаюць у БРСМ, ні пра якое мастацтва гаворкі ісці не можа. Калі пачынаюць мастакам казаць, што можна, а што не, на гэтым мастацтва і свабода творчасці заканчваюцца. 

Неба можа мець шмат-шмат адценняў

Так стался, што са сваім аднакурснікам я паехала на стажыроўку ў Санкт-Пецярбург да рэжысёра Анатоля Праўдзіна. І ў мяне выбухнула… Вось табе падаецца, што неба можа быць не толькі блакітным, а шмат-шмат мець розных адценняў. А табе кажуць, што не, яно павінна быць толькі блакітным, а ўнутры нешта супраціўляецца. І вось мы прыехалі ў Пецярбург і раптам зразумелі, што сапраўды неба можа быць бясконцым у сваіх варыяцыях. 

Можна рабіць якасныя спектаклі, без прэтэнзій на шэдэўр

Мы сутыкнуліся ў Пецярбургу з такой рэччу, што, калі ты робіш працу, табе не кажуць, што ты «профнепригодный», але: «Окей, давайце разбірацца». І вы пачынаеце з майстрам на роўных працаваць, катэгорый «дрэнна» ці «добра» не існуе, гэта вучоба. Мы адкрылі зусім іншае вымярэнне навучання. Ёсць безумоўна фенаменальныя людзі, якія маюць талент, уяўленне, яны ўваходзяць у гісторыю. Але ў прынцыпе тэатральны рэжысёр — гэта прафесія, якой можна авалодаць і рабіць якасныя спектаклі, без прэтэнзій на шэдэўр.

Не шлях жыцця, а нейкая «Война и мир»

На чацвёртым курсе мы павінны былі зрабіць пераддыпломную акцёрскую працу, а на пятым — дыплом па рэжысуры. Але мы з маім аднакурснікам захацелі зрабіць гэтую акцёрскую працу без кіраўніка, бо вярнуліся з Пецярбурга зусім іншымі людзьмі. Майстар курса пагадзіўся, але выкладчык па акцёрскім майстэрстве паставіў два балы, прычым я разумею, што ставіць, не таму што праца была кепска зроблена, а таму што я пайшла супраць і зрабіла самастойную працу. Такім чынам, мяне дасылаюць на пераздачу. Потым адбываецца дзіўная гутарка з адным з выкладчыкаў, ён кажа, што на мяне нехта ўплывае, а я тлумачу, што зразумела, што ўсё можа быць не так. «Ну тады табе сапраўды трэба з’язджаць», — кажа ён. І на наступны дзень я з’ехала зноў у Пецярбург. І вось атрымліваецца, што ў мяне не шлях жыцця, а нейкая «Война и мир», бо далей усё толькі распачалося. 

Вулічны тэатр

Лічу, што маё навучанне скончылася менавіта ў Праўдзіна, тры гады я працавала ў ягоным тэатры. Паралельна працавала на іншых працах, каб мець магчымасць здымаць жыллё. Спачатку хацелася зарабляць грошы выключна творча, а пра вулічны тэатр я марыла яшчэ ў Акадэміі: там засвоіла хадулі, жанглёрства, навучылася стэпіць. Такім чынам, узяла класічны вобраз французскага міма і стаяла каля Неўскага праспекта, адкрывала валізку і замірала, а калі кідалі грошы, ажывала. 

«А што ты можаш рабіць?» — «Усё»

Неяк у Пецярбург прыехаў Слава Палунін са сваім снежным шоў. Я разумела, што грошай на квіток у мяне няма, таму адзін шанец патрапіць на шоў, гэта сустрэць яго на вуліцы і папрасіцца валанцёркай. І вось іду я, раптам паварочваю галаву і гляджу: сядзіць на лавачцы Палунін, адзін. Я дагэтуль ніколі да незнаёмых людзей не падыходзіла і нічога не прасіла, 10 хвілін сябе перасільвала, падыходжу і кажу: «Вазьміце мяне валанцёркай», ён паглядзеў: «А што ты можаш рабіць?» — «Усё». Так і апынулася, рабіла амаль што ўсё, дапамагала інжынерам, прыбірала снег, удзельнічала ў перформансе японскага харэографа. Гэта быў неверагодны месяц для мяне, я бачыла спектакль з усіх кропак, перажыла ўсе этапы ўзнікнення гэтага цуду.

Калі ты нечым сапраўды захапляешся, гатовы гэтым займацца ўвесь час

Працавала яшчэ ў піцерскай кнігарні. Там прадавалі рэдкія кнігі па розных відах мастацтва. Лічу гэта маёй галоўнай адукацыяй, бо такіх кніг у Беларусі наўрад ці знойдзеш. А пакупнікамі там былі, зразумела, мастацтвазнаўцы, фатографы, нават галоўныя архітэктары Піцера. Скончвалася праца а пятай гадзіне вечара, а шостай я ішла ў тэатр на рэпетыцыі да самай ночы. Так амаль штодзень. Калі ты нечым сапраўды захапляешся, гатовы гэтым займацца ўвесь час. 

«Што я нарабіла?»

Пасля трох гадоў жыцця там, зразумела, трэба нешта рабіць далей, альбо атрымліваць від на жыхарства і працаваць стала, альбо з’язджаць. А ўнутры нешта цягнула назад, і я вырашыла вярнуцца ў Менск. Першыя некалькі месяцаў адаптацыі было цяжка, былі моманты, калі я думала: «Што я нарабіла?». Але гэта ўсё з тае прычыны, што я не была яшчэ знаёмая з альтэрнатыўным, з нетэатральным асяродкам, з якім усё меней знаходзіла паразумення. Калі я пачала вывучаць бэкграўнд беларускага кантэксту, убачыла, што ўсё ў нас ёсць, як па факце, так і патэнцыйна.

«Прыгожыя» формы эксплуатуе сёння масавая культура

Немагчыма рабіць пра прыгажосць «прыгожым» мастацтвам. «Прыгожыя» формы эксплуатуе сёння масавая культура, таму мастацтва павінна дзейнічаць нейкім іншым спосабам. Менавіта, каб выводзіць гледачоў з зоны камфорту, правакаваць на пытанні. Таму, на маю думку, нам вельмі бракуе такіх смелых правакацыйных аўтараў.

Канфліктная зона

Неяк жыла я месяц ў Польшчы і там размаўляла ўвесь час па-беларуску, а палякі – па-польску. Так мы адзін аднаго выдатна разумелі. Вярнулася і аўтаматычна працягвала размаўляць па-беларуску. І не тое, што на вуліцы на цябе дзіўна глядзяць, а яшчэ і тваё асяроддзе ўвесь час пытаецца: «А чаму гэта ты па-беларуску?». І тут наступае канфліктная зона, кожным разам выпраўляешся быццам на вайну. Я нейкі перыяд супраціўлялася, потым стамілася. Гэта насамрэч вельмі балючае пытанне, але я б хацела выйсці за межы меркавання, што толькі мова вызначае нацыянальнасць. Яна адзін з элементаў. Калі пішуць «расейскамоўная беларуская культура не існуе», гэта няправільна. Ёсць, напрыклад, беларускія аўтары, які размаўляюць і пішуць па-руску, ну так гістарычна склалася, дык як яны могуць не адносіцца да Беларусі, калі працуюць менавіта з Беларуссю?!

Ты павінен быць як усе

Беларусы, на мой погляд, вельмі кансерватыўныя і нецярпімыя. Мне падаецца, у нас ёсць вельмі шмат міфаў, якія можна лёгка руйнаваць. Людзі ў нас вельмі нецярпімыя, яны не прымаюць іншыя светапогляды, формы жыцця, нешта новае, у галовах існуе шмат розных стэрэатыпаў. Ты павінен быць як усе. Мне не хапае тут цярпімасці да іншага, няма правільнага ці няправільнага меркавання, кожная думка мае права на існаванне.

Музей-«музей»

Што тычыцца тэатра, мая галоўная пазіцыя — павінна існаваць шмат розных формаў, у тым ліку і класічны тэатр. Музыка ёсць таксама класічная, і джаз, і эксперыментальная, гэтак жа сама і з тэатрам. Безумоўна, не трэба, каб на сцэне акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ішла суперавангардная пастаноўка. Другая справа, што прапануюць пад шыльдаю «класіка». Сёння неяк дзіўна ставіць Шэкспіра, як пяцьдзясят год таму. І атрымліваецца, што мы ходзім у такі музей-«музей», дзе стаіць пах мерцвякоў. Нават, дарэчы, у сучасных, пакуль, на жаль, зрэдку беларускіх музеях прыдумляюць нейкія новыя формы, інтэрактыў уводзяць, бо дзіўна было б проста выстаўляць экспанаты.

Маўчаць — гэта таксама пазіцыя

Пытанне, ці можа мастак быць апалітычным, актыўна зараз абмяркоўваецца ў беларускай арт-супольнасці, асабліва ў візуальным мастацтве. Але не мець грамадзянскай пазіцыі, гэта таксама пазіцыя. Маўчаць — таксама пазіцыя. Для сябе я вырашыла, што сёння дакладнай мяжы паміж грамадзянскім і мастацкім няма, гэта ўсё вельмі шчыльна звязана.

«Час ужо рабіцца сур’ёзным чалавекам»

Сабе пастаянна кажу: «Час ужо рабіцца сур’ёзным чалавекам», але нешта не атрымліваецца. Нядаўна адбылася такая штука, што мне трэба было ляцець у замежны горад, а потым я даведалася, што пасля трэба ехаць цягніком на ўзбярэжжа, на амаль другі канец краіны. І мяне ахапіла нейкая паніка: гэта трэба будзе шукаць вакзал, цягнік. Хаця ангельскую мову я ведаю, на самалётах лятала, на цягніках ездзіла, але адкуль страх— невядома. Так і не паехала. 

Захацеў апрануць сукенку — апрануў

Мне неяк Паша Пражко распавядаў, што шпацыруе ён па Нью-Ёрку і бачыць: на вуліцы насустрач яму ідзе такі цёмнаскуры качок у абцягнутай жаночай сукенцы. Ідзе сабе, і ніхто на яго не звяртае увагі. Вось гэта свабода, захацеў апрануць сукенку — апрануў. У нас бы ніхто не захацеў бы, а калі захацеў бы, гэта была б рэвалюцыя, а калі яшчэ і апрануў бы, то гэта была б ужо іншая рэвалюцыя. І хутчэй за ўсё, хтосьці атрымаў бы па рэбрах.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0763 seconds.