Беларусы збіраюцца пабіць рэкорд кнігі Гінеса, сабраўшы гіганцкі Instagram-карагод

Чаго толькі не зробіш у сацсетках. Цяпер там можна яшчэ і стаць у самы гіганцкі карагод у свеце. Прынамсі, у гэтым упэўненая невялікая каманда беларускіх крэатыўных айцішнікаў, што вырашыла сабраць такі карагод, размясціўшы на адмысловым сайце тысячы здымкаў людзей, што віртуальна трымаюць адзін аднаго за рукі.

Здымкі запампоўваюцца ў сацыяльную сетку мабільных фотаздымкаў Instagram. Таму і карагод ад ініцыятывы 25000hugs атрымаў назоў «Інста-карагод».

«Мы стварылі 25000hugs, каб дзяліцца добрым настроем і пазітыўнымі эмоцыямі адзін з адным, — распавялі Generation.by удзельнікі праекту. — Мы хочам сабраць самы вялікі ў свеце карагод з фатаграфій Instagram і занесці яго ў кнігу рэкордаў Гінеса».

Раней самы вялікі офлайн карагод танчылі ў Якутах болей за 15 тысячаў чалавек. Беларусы ж вырашылі стварыць карагод віртуальны, папярэдне далучыўшы да яго сотні карыстальнікаў Сеціва з акаўнтамі ў Instagram. Дадатковы бонус для ўдзельнікаў — у гэтай сацсетцы можна стварыць карагод выключна з уласных сяброў.

Праект створаны ў студзені, і за тры месяцы да яго далучылася болей за паўтысячы беларусаў і грамадзян іншых краін. Інстаграмаўцы ўжо напісалі ў Кнігу рэкордаў. Цяпер тыя, хто фіксуе рэкорды, азадачаныя, у якую катэгорыю накіраваць інста-карагодцаў.

Пакуль інстаграмеры ладзяць карагод толькі вакол навагодняй елкі, але як толькі ў яго стануць болей людзей, у цэнтр карагоду паставяць нешта больш сур’ёзнае. Напрыклад, Эйфелеву вежу.

А пакуль стваральнікі 25000hugs заклікаюць фатаграфаваць сяброў і знаёмых у самых розных становішчах і выглядах, дадаваць любімыя фільтры і посціць фота ў Instagram з тэгам #25000hugs. Можа, і пра беларускі карагод пачуюць у свеце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0802 seconds.