«У тумане»: фільм пра Беларусь застаўся па-за Беларуссю

Праз дзевяць месяцаў пасля трыумфу ў Канах «нямецка-аўстрыйскага» фільму Сяргея Лазніцы паводле аповесці Васіля Быкава «У тумане», стужка нарэшце выйшла ў пракат у Менску. Аднак пракат гэты — да смешнага абмежаваны. Фільм два тыдні паказвалі ўсяго толькі ў адным менскім кінатэатры. Як тое часта апошнім часам здараецца з творамі беларускай культуры, фільм лягчэй пабачыць у бліжэйшым замежжы, чым у самой Беларусі. Гэтак і зрабіў Generation.by, накіраваўшыся на віленскую прэм’еру «У тумане».

У адной з буйнейшых заляў Віленскага мультыплексу аншлаг. Нязвыкла для беларускіх кінатэатраў: шмат добраапранутых мужчынаў з спадарожніцамі і без ужо дастаткова паважанага ўзросту. Вольных месцаў няма, што нядзіўна: на фестывалі кіно Kino Pavasaris сёлета амаль не паказваюць пераможцаў Канаў. Выключэнне — дэбют дакументаліста Сяргея Лазніцы, гульнявы фільм «У тумане». Увесну ён здабыў адмысловы прыз міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў і журналістаў FIPRESCI.

Дадатковага імпэту прыйсці на прэм’еру стужкі гледачам дадае прысутнасць на ёй рэжысёра «партызанскай экзістэнцыйнай драмы» Сяргея Лазніцы і з ім — часткі каманды, што працавала над фільмам. Тым больш, у здымачнай групе нямала літоўцаў. Гэтак сама, і як расейцаў, немцаў, латышоў, галандцаў і беларусаў.

Здымалі стужку ў Латвіі, сродкі збольшага вылучалі немцы, гук апрацоўвалі ў Літве (сіламі беларуса, які, па словах Лазніцы, жыве там), а актора на галоўную ролю Сушчэні (яго граў Уладзімір Свірскі), аператараў і 8% бюджэту (з $2 млн.) знайшлі ў Беларусі.

Атрымаўся фільм быкаўскі якім толькі можа быць кіно па Быкаву. Нават сам рэжысёр знешне нагадвае пісьменніка. У характэрным жэсце з падбародкам, абапёртым на кулак, па знакамітым здымку прыгадваецца Васіль Быкаў. Толькі Лазніца, які любіць пажартаваць, выглядае нашмат больш весялейшым і лягчэйшым за таго нахмуранага Васіля, што мы бачылі ў апошнія гады.


Задаволеныя і апазіцыя, і ўлады

«У часе прагляду ў залі было ціхутка-ціхутка. Фільм доўжыцца ля дзвюх, мабыць, ці больш гадзінаў, а ўвага ўсё трымаецца, трымаецца», — апісвала адчуванні ад першага прагляду ўдава Быкава. Сапраўды, у фільме толькі 72 планы, а доўжыцца ён 2 гадзіны 7 хвілін. Гэта азначае, што у сярэднім камера завісае на адным кадры па 3 хвіліны. Але ад фільму, нягледзячы на такую зацягнутасць, адарвацца немагчыма. І літоўскія гледачы, гэтаксама як і беларусы, адвесці позірк ад экрану не могуць.


Каб узяцца за фільм пра час, аб якім, як кажа рыжэсёр, «усё сказана», варта быць вялікім аптымістам. Але аптымізм урэшце рэшт выйграе. Цяпер «У тумане» паказваюць ад Пекіну да Нью-Ёрку. І задаволеныя пры гэтым усе бакі:

«У Берліне была прэм’ера, — прыгадвае першыя паказы расейскамоўнай стужкі Сяргей Лазніца. — На яе прыйшоў амбасадар Беларусі. І былі апазіцыянеры. І тыя, і другія былі шчаслівыя. Гэта не значыць, што яны ціснулі адзін аднаму рукі. Але ёсць поле, у якім яны раптам адчуваюць блізкае перажыванне. Гэта поле культуры. Можа быць, гэта і ёсць адным з выйсцяў».

На думку Лазніцы, «да гэтай карціны ва ўладаў дастаткова мудрая палітыка».

Зрэшты, размоваў пра палітыку новаспечаны гонар беларускага кінематографу імкнецца пазбягаць. Калі яго пытаюцца пра рэжым, які нібыта крытыкуе стужка, Лазніца ў напаўжарт перапытвае: які рэжым? Хаця аўтару, вядома, і не падабаецца сітуацыя, калі ягоны фільм амаль не прысутнічае ў пракаце беларускіх кінатэатраў:

«У пракатчыкаў трэба пытаць, чаму такая сітуацыя склалася», — кажа рэжысёр. Але на тых паказах, на якіх прысутнічаў рэжысёр, рэакцыя на кіно была «бурнай».

«Яны [беларусы] яшчэ злічваюць свае сэнсы. Бо галоўны герой — тыпалагічны беларускі характар. Такі чалавек, на якога можна ціснуць, але нельга. І канешне гэта звязана з імём Быкава. У апошнія гады яго, натуральна, не прыгадвалі. Але цяпер, дзякуй Богу, і ў прыватнасці гэтай карціне, яго імя неяк вярнулася ў афіцыйную прастору», — лічыць Лазніца.

Аднак новае кіно пра Беларусь рэжысёр здымаць не спяшаецца. Верагодна, нейкія планы ён мае, але казаць пра іх пакуль не жадае.

«Пакуль нічога не скажу. Гэта цікавая тэрыторыя. Яна цалкам неспазнаная з пункту гледжання дакументальнага кіно. Няма двух вельмі істотных рэчаў: фіксацыі і рэфлексіі».

Выглядае, што нягледзячы на беларускае паходжанне, з Беларуссю цяпер ужо знакамітага рэжысёра мала што звязвае. Лазніца нарадзіўся і першыя паўгода жыцця пражыў у Баранавічах. Пасля пераехаў у Кіеў, Маскву, Піцер, Берлін. «Я ў гэтым сэнсе цыган», — кажа Лазніца. «Пашпарт — фармальная рэч, а я не магу сказаць, да якой групы належу».

Але хіба ў цыганоў бываюць блакітныя вочы?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1102 seconds.