Міністр адукацыі прапанаваў раздаваць гранты студэнтам і школьнікам

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прапанаваў вылучаць гранты для студэнтаў і таленавітых школьнікаў. Прычым грошы на гэты збіраюцца шукаць у кішэнях прыватных кампаній.


Такія цэнтры паўстаюць у беларускіх ВНУ на грошы прыватных кампаній. Вучэбна-даследчыцкі цэнтр кампаніі «Інтэлектуальныя тэхналогіі і сістэмы» (INTES) у БДУІР. Фота БелаПАН

Сяргей Маскевіч прыгадаў тэму грашовага стымулявання цікаўнасці студэнтаў да даследаванняў у час адкрыцця ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навуковага цэнтру, дзе будуць распрацоўвацца тэхналогіі, патрэбныя спецслужбам.

У вучэбна-даследчыцкім цэнтры кампаніі «Інтэлектуальныя тэхналогіі і сістэмы» (INTES) будуць распрацоўвацца сістэмы відэаназірання, кантролю за інфармацыяй. Таксама там будуць вывучаць праект беларускага прыбору для працы з электроннымі праязнымі ў грамадскім транспарце, паведамляе БелаПАН.

Цэнтр адкрыты на прыватныя грошы, што Маскевіч назваў «прыкладам эфектыўнага ўзаемадзеяння ўніверсітэта і прыватнай кампаніі, якая разумее, што яе перспектывы залежаць ад таго, наколькі яна прывабная для маладых спецыялістаў».

«Менавіта малады спецыяліст, які зможа вырашаць інавацыйныя задачы на вытворчасці, з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю», — цытуе словы міністра адукацыі БелТА. Звычайнай плата, якую ўносіць універсітэт за падобныя цэнтры, ёсць прымусова размеркаваныя ў «кампаніі-спонсары» выпускнікі.

Аднак міністр адукацыі прапануе не спыняцца на дасягнутым. Цяпер ён прапануе адкрываць падобныя цэнтры ў школах, што «можа павысіць цікавасць вучняў да асобных прадметаў, напрыклад, да фізіцы».

Яшчэ адзін метад прыцягнення цікаўнасці маладых людзей і грошай з боку прыватных кампаній — гранты:

«Важна, калі будуць вылучацца гранты для студэнтаў, стыпендыі для пераможцаў школьных, раённых алімпіяд. Самі вытворчыя кампаніі павінны стымуляваць цікавасць да асобных прадметаў, цэлых галінаў», — сказаў міністр.

У многіх адукацыйных сістэмах гранты на навучанне з’яўляюцца адной з галоўных крыніцаў фінансавання навучання. У Беларусі дзяржаўныя ўстановы пакуль з’яўляюцца не крыніцай, а атрымальнікамі грантаў. Гэтак, у мінулым годзе ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму выйграла грант Міжнароднага Вышаградскага фонду на рэалізацыю міжнароднага праекту «Энергарандэву ў Беларусі». Гомельскія чыноўнікі атрымалі тады 8 000 еўра. А за два месяцы да гэтага кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі таксама заявіў аб жаданні стаць атрымальнікам грантаў Еўрапейскага саюзу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1694 seconds.