У Беларусь упершыню вязуць World Press Photo

Знакамітая выстава World Press Photo, якая штогод прадстаўляе лепшыя працы фотажурналістаў свету, праз тры тыдні ўпершыню з’явіцца ў Беларусі. World Press Photo — гэта яшчэ і найвялікшы ў свеце конкурс, перамога ў якім лічыцца адной з галоўных узнагародаў у свеце фотажурналістыкі.


Лепшы здымак конкурсу ў катэгорыі «агульныя навіны». Аўтар Алекс Маджолі. Болей здымкаў пераможцаў World Press Photo гэтага году

Штогод World Press Photo запрашае фатографаў з усіх канцоў свету ўзяць удзел у конкурсе — міжнародным спаборніцтве ў галіне фотажурналістыкі. Ацэнка ўсіх працаў праводзіцца ў Амстэрдаме незалежным міжнародным журы, якое складаецца з 19 экспертаў.

Узнагароджаныя фотаздымкі выстаўляюцца на штогадовай мабільнай фотавыставе, якая экспануецца ў 100 гарадах 45 краін свету са шматмільённай аўдыторыяй. Акрамя Менску ў снежні выставу можна будзе пабачыць у Тайпэі, Тэль-Авіве, Кошыцэ, Белградзе, Кракаве, Аполе, Люццы і Маі ў Партугаліі.

Раней фотавыстава ніколі не трапляла ў Беларусь. Адной з яе асаблівасцяў ёсць вялікая ўвага да найбольш драматычных праблем і выклікаў сучаснага свету. Год ад году на выставе можна пабачыць здымкі, на якіх адлюстроўваюцца значныя палітычныя падзеі. Сёлета націск зроблены на падзеях рэвалюцый у арабскім свеце.

Выставу 11 снежня 2012 ў галерэі «Ў» адкрые кіраўнік праектаў World Press Photo Юрэ Янсэн. А перад гэтым правядзе адкрытую лекцыю ў галерэі TUT.BY. На ёй Юрэ Янсэн раскажа пра гісторыю ўзнікнення найвялікшага ў свеце конкурсу фотажурналістыкі, пра ўмовы ўдзелу ў ім. Таксама ён апавядзе, што змянілася ў конкурсе пасля з’яўлення лічбавай фатаграфіі і заснавання мультымедыйнага конкурсу World Press Photo.

Лекцыя пройдзе 7 снежня ў галерэі Tut.by (вуліца Веры Харужай, 1a, 6 паверх, уваход з правага боку гандлёвага цэнтра). Пачатак, а 19-й гадзіне.

Выстава, арганізатарам якой з'яўляецца вядомы беларускі фатограф Андрэй Лянкевічбудзе доўжыцца ў галерэі «Ў» да 24 снежня (праспект Незалежнасці 37а). Уваход вольны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.13 seconds.