Маладая мастачка прэзентуе калажы пра нязведаныя краіны

У малой залі галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 25 кастрычніка было сапраўды не прапіхнуцца. Маленькі калідор паміж кнігарняй і самой галерэяй ператварыўся ў выставачную пляцоўку. На сценах паўсюль развешаныя дзіўныя калажы афрыканскіх матываў, на стале стаіць віно, ляжаць цукеркі, якія ўцішку цягае маленькая дзяўчынка. Уся гэтая таўканіна ёсць вынікам прэзентацыі чарговага праекту галерэі, які засяроджвае ўвагу гледача на творчасці маладой мастачкі Ганны Бундзелевай.

У серыі калажоў «UMBU UNGU. Этнаграфічны голад» прага да вандровак, пазнавання свету ды ўласная інтэрпрэтацыя нязведаных мясцінаў. Чым натхнёныя калажы?

«Тут усё, пачынаючы ад музыкі Майка Олдфільда, яго «Песень далёкай зямлі» да прагі вандровак. Жаданне пераляцець увесь свет наскрозь, прага ведаў і разумення пэўных рэчаў. На жаль, я мала вандрую, і маё жаданне ды гатоўнасць прыняць новае паказана праз працы».

Сапраўдную атмасферу UMBU UNGU ствараў музыка Лёха Чыканас, які граў вясёлыя і рытмічныя афрыканскія матывы, пад якія многія пусціліся ў скокі. Госці пілі віно і танчылі, а Ганна бесперапынна прымала віншаванні з нагоды адкрыцця выставы ад сяброў і незнаёмцаў, якім у маленькай залі было вельмі цесна.

«Для мяне ўсе выстаўленыя працы – гэта шлях са зборам інфармацыі і ўнікальнымі гісторыямі. І я хачу, каб кожны з наведвальнікаў прайшоў гэты шлях разам са мной. Гэта неабмежаваныя свабода, якую я магу ўпісаць у кожную з прац. Іх я рабіла на працягу мінулага году, нешта дарабляла ў гэтым. А перад выставай усё гэта сабралася разам, яшчэ раз прааналізавалася і нарэшце паўстала перад усімі тымі, хто сёння тут».

Фотаздымкі: Юля Fox

Выстава дасяжная ў малой залі галерэі «Ў» па 15 лістапада.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.135 seconds.