Ветэраны арт-руху нечакана вяртаюцца ў Беларусь

У менскім дзяржаўным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва стартаваў незвычайны праект «Рэтраспектыва» яшчэ менш трывіяльнай арт-групы «Беларускі клімат». Яе чальцы сцвярджаюць, што «Беларускі клімат» дзейнічаў ужо з 1987 году, а цяпер яны проста вяртаюцца.

І вяртанне гэтай групы, што паўстала ў сталіцы БССР у асяродку вядомага інтэлектуалу Кіма Хадзеева, аказалася адзначаным рэтраспектывай «маўленчага кіно», традыцыя якога была калісьці вынайдзеная арт-групай.

Фішка такога кіно ў адсутнасці патрэбы ў саміх здымках. Гэтак можна зэканоміць не толькі фізічныя і тэхнічныя сродкі выказвання, але і скараціць шлях ад «ідэолага» фільма да аўдыторыі. Пасланне такім чынам мае магчымасць наўпрост перадавацца гледачу.

Таму выстава «Беларускага клімату» праходзіць у фармаце face-to-face: непасрэдны ўдзел у яе працы бярэ адзін з ўдзельнікаў групы. Ён распавядае наведвальнікам, што такое «Беларускі клімат», чым адметная група і што яна паспела нарабіць з 1987 па 1996 год, чым займаецца цяпер.

Яшчэ адна асаблівасць канцэпцыі арт-групы: няма не толькі кіно, нават прэзентацыя ягонай адсутнасці адсутнічае.

«Мы адмовіліся ад традыцыйнага адкрыцця выставы, таму што яно нам зашкодзіць. Мы не хочам, каб людзі прыходзілі натоўпам — тады немагчыма працаваць», — кажа адзін з удзельнікаў праекту Філіп Чмыр (ён яшчэ і лідэр гурта Drum Ecstasy).

«Я хачу даследаваць — пабачыць гледача. Буду запісваць год нараджэння, прафесію — каб ведаць дакладна, хто наведвае выставы. Мы будзем дакладна ведаць колькі людзей прыйшло, колькі яны правялі часу, пол, прыблізную вагу».

Бліжэйшым часам арт-група збіраецца працягнуць забяспечваць Менск сваімі эпатажнымі выдумкамі з каранямі ў 80-х:

«Мы плануем не лезці ў галерэі і залі, думаем ісці да публікі, выстаўляцца ў тых месцах — дзе ёсць публіка, а не цягнуць яе туды, куды яна не хоча ісці», — кажуць мастакі і намякаюць, што месца наступнай выставы можа аказацца звязаным з грамадскай прыбіральняй.

Праграма выставы

19.10.2012 г., 18.00 — 20.00

Паказ маўленчага кіно. Ігар Міцёк Корзун, Дзіма Строцэў, Філіп Чмыр і Яўген Юнаў прадставяць «трухлявыя» копіі фільмаў: «Монжуа», «Няўмяручы» і «Мядзведзь і Оха».

Выстава працягнецца 27 кастрычніка 2012 г.

Юля Fox 18:04, 19/10/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1017 seconds.