Love, peace і пячэнькі

Доўгія вуліцы з прыватнымі дамамі. Халодныя рукі і чырвоныя насы шукаюць трохпавярховы катэдж з сінім дахам на ўскрайку Менска недалёка ад раёну Навінкі. Усе намаганні — дзеля таго, каб трапіць у хостэл «Джаз», на апошнім паверсе якога малады беларускі паэт і грамадскі актывіст абяцае пазнаёміць са сваёй творчасцю.

«Можа некаторыя ствараюць вершы пад таблеткамі, а я ствараю пад натхненнем ад падзей і людзей, — Алесь Снег у адпаведнасці са сваім прозвішчам апрануты ў белую кашулю. На нагах няма ботаў. Жэсты эмацыйныя. Вершы — гэткія самыя. — Праўда, правальваюся ў нірвану перыядычна і не памятаю працэсу таго, як пішу. Пішу больш плённа восенню і ўвесну, калі каты гуляюць. Але пісаць увогуле магу ў любы час».

«Я сілкуюся энергіяй людзей. Пры канцы я адчуваю сябе чалавекам з суперсілай, гатовым чытаць і дарыць эмоцыі да бясконцасці. Але, бывае, аддаю ўсе свае ўсмешкі, што ад мяне нічога не застаецца».

Снег сапраўды ні на хвіліну не пакідае без увагі публіку і кожную хвіліну, імкнецца наладзіць з ёй кантакт. У выніку творчы вечар напаўняецца дыялогамі, пытаннямі і гульнямі. Усё, як у вершы: «Восень. Дах. Знічкі. Ліхтарыкі. Гарбата. Печыва. Цёплыя гутаркі і вершы». Гэтых харостваў жыцця на сустрэчы хапае.

Вечар складаўся з двух частак. Падзеі першай развіваліся ў абсалютнай цемры, толькі святло ад знічак дапамагала адрозніць сілуэты, што непахісна і засяроджанна слухалі, як Алесь чытаў вершы ранняй творчасці, якія распавядалі пра каханне, стасункі, пачуцці і падзеі жыцця. Другая частка прайшла ўжо пры ўключаным святле. Алесь чытаў новыя вершы, усё такія ж рамантычныя і кранальныя. Яны выклікалі то ўсмешкі на тварах слухачоў, то лёгкую задуменнасць.

«Не чакаў, што прыйдзе столькі людзей, — прызнаецца Снег. — Хіба сябры і знаёмыя, а тут большасць людзей, якіх я не ведаю, і гэта вельмі прыемна. Мы былі на адной хвалі. Гіпнозам я не карыстаюся, але спрабую сысці са сцэны, якая падзяляе слухачоў і выступоўцаў, і быць з усімі на адной хвалі».

Снег кажа, што да вершай прыйшоў праз жаданне граць у музычным гурце.

«У мяне была балалайка, на якой я не ўмеў граць, у сябра была самаробная гітара. Яшчэ былі бубны, ролю якіх грала выварка маёй матулі. Мы бралі алоўкі і стваралі сапраўды трэш. Калі гурт разваліўся, я адклаў гітару і пачаў займацца вершамі. Не бачыў сябе па-за творчасцю».

«Я спрабую рабіць і рабіць, мяне прэ, ёсць жаданне і вядома ж сябры, якія дапамагаюць з выступамі. Пакуль ёсць людзі, якія прыходзяць і слухаюць, дык будзем ствараць і жыць далей».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0561 seconds.