Выйшла кніга пра п’яныя прыгоды інтэлектуалаў

Беларускія інтэлектуалы апошнім часам спрабуюць зрабіць культ з алкаголю: яны пішуць пра яго кнігі, яны яго ўжываюць на прэзентацыях гэтых кніг, таму і на гэтай імпрэзе настрой у некаторых наведвальнікаў быў адпаведны: чыталіся вершы пра п’янку, распавядаліся п’яныя прыгоды, а паэт Сяргей Вераціла сваімі паводзінамі ледзь не сарваў абедзьве імпрэзы, што праходзілі ў адным будынку адначасова (у галерыі «Ў» адбывалася не менш значная імпрэза). Ён, размаўлячы на жорсткай п’янай трасянцы, чапляўся літаральна да ўсіх, каго бачыў, і спрабаваў пачаставаць нейкімі, відаць самапрыгатаванымі, грыбочкамі.

Аўтар «Сіняй кнігі беларускага алкаголіка» Антон Кулон, а ў сапраўдным жыцці кандыдат фізіка-матэматычных навук Анатоль Астапенка, з бясспрэчным бліскучым талентам празаіка апісвае свае і чужыя п’яныя прыгоды, а таксама піша пра тое, як пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.

У кнігарні прысутнічала багата літаратараў: Сяргей Сыс, Юрась Пацюпа, Мікола Касцюкевіч і нават Алесь Камоцкі.

«У мяне ёсць некалькі заўваг па кнізе. На сённяшні дзень галоўнай праблемай чалавецтва з’яўляецца тэрарызм, а ў кнізе гэтая праблема не адлюстравана. Значыць, аўтара яна не хвалюе?» — правакацыйна-жартаўліва заявіў паэт Касцюкевіч.

Вядоўца імпрэзы паэтка Аксана Спрынчан, адпавядаючы назову кнігі была з ног да галавы ва ўсім сінім. Сама яна напачатку прызналася, што нездарма вядзе прэзентацыю, бо стаж піцця алкагольных напояў у яе складае ажно 38 гадоў.

Негледзячы на весь бязглузды вэрхал, што апанаваў кнігарню, твор Кулона сур’ёзны і надзвычай захапляльны. Аўтар у першай частцы распавядае пра тусоўкі 70- 80-х і значныя постаці тых гадоў. Ён асабіста быў знаёмы з Міхасём Стральцовым і нават з легендарнай постаццю Кіма Хадзеева, чый дом зрабіўся культавым месцам для менскіх інтелектуалаў тых часоў, гэткі продак галерэі «Ў». Другая частка напісана ў выглядзе эсэ на тэму алкаголю і залежнасці ад яго. «Кожны можа кінуць піць, але некаторым гэта ўдаецца зрабіць пры жыцці» — гучыць назоў аднаго з іх. 

«Кніга важная і актуальная, і высновы ў ёй зроблены правільныя», — падсумаваў паэт Сяргей Сыс.

                                                  Грыбочкі Сяргея Верацілы

Фотарэпартаж з абедзвюх прэзентацый у галерэі «Ў»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.